Практыкі культуры ў Беларусі
  • 1273
  • Вольная мова


    "Вольная мова" — гэта платформа па арганізацыі онлайн сустрэч для людзей, якія хацелі б зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай.

    Belsat
    З’явіўся моўны онлайн-клуб для тых, хто дасюль саромеецца пачаць размаўляць па-беларуску.
    Першыя сустрэчы «Вольнай мовы» прызначаныя на 1 кастрычніка. Стваральнік праекту, гісторык і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч распавёў пра карысць ад платформы, дзе могуць на гадзіну сустрэцца зусім невядомыя людзі.

    «Праект «Вольная мова» – гэта спроба звесці паміж сабой актыўных беларускамоўных людзей з людзьмі, якія б хацелі па-беларуску навучыцца гаварыць», – тлумачыць Цімох.

    Ідэя ўзнікла яшчэ летась і саспявала амаль год. А актыўная частка стварэння праекту заняла ўсяго колькі месяцаў.

    «У шматлікіх дваровых чатах было бачна, што людзі на хвалі ўсіх гэтых эмоцыяў просяць беларускамоўныя сустрэчы, хочуць пачаць гаварыць па-беларуску. І гэта было вельмі заўважна. І офлайнавыя сустрэчы прасілі, і онлайнавыя. І з’явілася ідэя, што можна зрабіць нейкі пункт збору для ўсіх гэтых людзей», – згадвае стваральнік праекту.

    На думку Акудовіча, моўныя курсы – гэта іншы фармат, у асноўным пра вывучэнне, а людзям вельмі бракуе менавіта моўнай практыкі:

    «Большасць беларусаў беларускую мову пасіўна ведае. І трэба выйсці на актыўны ўзровень – пачаць гаварыць. Таму трэба было стварыць месца, дзе актыўныя беларускамоўныя людзі гатовыя дзяліцца моваю, прызначаюць сустрэчы і камунікуюць».

    Сабраць групу для праекту ўдалося даволі хутка: за 2 месяцы адгукнуліся зацікаўленыя людзі, што пагадзіліся весці моўныя сустрэчы.

    «Калі чалавек захацеў паўдзельнічаць у размове і мае троху вольнага часу ўвечары ці ўдзень, ён можа разгарнуць нашую сетку сустрэчаў і абраць гутарку, якая яму цікавая. Рэгіструецца на сустрэчу, і яму прыходзіць спасылка, праз якую можна будзе далучыцца да гутаркі. Вядоўца будзе задаваць тон размовы, распавядаць сваю гісторыю, а ўсе астатнія па чарзе ці ў фармаце дыскусіі выказваюцца. Для нас важна, каб гэта не ператваралася ва ўрок беларускай мовы. Вядоўца не папраўляе кожную дробную памылку, і ўсе цярпліва чакаюць, пакуль чалавек падбірае словы, паціху гаворыць. Выпраўляюцца толькі самыя відавочныя памылкі», – зазначае Цімох.

    Такім чынам чалавек трапляе ў сяброўскую атмасферу, дзе мадэратар проста сочыць, каб размова не ператварылася ў базар ці яе ўдзельнікі не пачалі спрачацца.

    «Для нас вельмі істотная атмасфера ўтульнасці, каб чалавек мог спакойна пачаць размаўляць, распавесці па-беларуску сваю гісторыю», – падкрэсліў Акудовіч.

    Размова разлічаная на гадзіну, далучыцца да яе могуць 6 удзельнікаў і адзін мадэратар. Тэмы разнастайныя: суперздольнасці, гастранамічныя перавагі, вандроўкі, каханне, коцікі ды іншае. Палітыку ў асобную тэму не выносілі адмыслова.

    «Мы не плануем ставіць такой тэмы для гутарак, але, відавочна, не будзем цэнзураваць саміх гутарак. І калі падчас дыскусіі будуць нейкія палітычныя выказванні, ніхто там асабліва адсочваць ці абмяжоўваць не будзе. Тут, хутчэй, іншае пытанне, што людзям пра палітыку цяжка гаварыць спакойна. Я падазраю, што яны будуць на расейскую пераходзіць на эмоцыях. Апроч пытанняў бяспекі, гэта не вельмі добрая тэма, на яе будзе складана гаварыць людзям, якія толькі вучацца размаўляць. Прынамсі мне так падаецца», – тлумачыць стваральнік праекту.

    Цімох Акудовіч адзначыў, што праграма накіраваная на ўсіх беларусаў свету, бо цяпер вялікую патрэбу ў моўнай практыцы маюць не толькі жыхары Беларусі, але і вялікая колькасць людзей з дыяспараў, для якіх беларуская мова проста не можа быць штодзённаю моваю камунікацыі:

    «На сустрэчы можна трапіць на беларусаў з Аўстраліі, Польшчы, Буда-Кашалёва, з-пад Вялейкі і разам абмяркоўваць нейкія супольныя гісторыі. Беларусы цяпер усюды, па ўсім свеце хочуць навучыцца гаварыць па-беларуску. Час такі. І мы паспрабуем даць ім такі інструмент».

    Стваральнік «Вольнай мовы» распавёў, што цяпер гутаркі – цалкам валанцёрская ініцыятыва, але далей ва ўдзельнікаў будзе магчымасць падтрымаць развіццё праекту.
    • нет
    • 0
    • +13

    4 комментария

    avatar
    СПІС ГУТАРАК
    Усе гутаркі распланаваныя па беларускім часе. GMT +3
    Выбірайце любую!

    20 кастрычніка
    14:00 – 15:00
    БЕЛАРУСКАЯ КНІГА, ЯКАЯ ВАС НАЙБОЛЬШ УРАЗІЛА
    ВЯДУЧЫ: ЦІМОХ
    У кожнага беларуса свае адносіны з беларускай літаратурай. Але дакладна ў кожнага ёсць беларуская кніга, якая уразіла найбольш, а можна нават паўплывала на лёс… Давайце пагаворым пра такія кнігі.

    20 кастрычніка
    19:00 – 20:00
    ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
    ВЯДУЧЫ: НАДЗЕЯ ДАБРАДЗЕЯ
    Як вы пачалі гутарыць па-беларуску, складанасці ды прыемнасці на шляху. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, ці падабаліся, якія творы з беларускай літараруры памятаеце? Якія адчуванні, калі пераходзіце на беалрускую мову ўзнікаюць?

    КАБ ДОБРА ГАВАРЫЦЬ НА РОДНАЙ МОВЕ, ТРЭБА ПРОСТА ПАЧАЦЬ НА ЁЙ ГАВАРЫЦЬ.
    +1
    avatar
    Нашы правілы
    Іх усяго 4 і яны простыя

    Пунктуальнасць
    Калі ласка, далучайцеся да сустрэчы за некалькі хвілін да пачатку, каб не перарываць гутарку.

    Павага
    Будзьце паважлівыя да меркаванняў іншых людзей. Мы ўсе розныя. У выпадку канфліктных сітуацый вядучы вымушаны будзе выдаляць удзельнікаў.

    Права на памылку
    Не бойцеся памыляцца. Самыя відавочныя памылкі паправіць вядучы, іншыя адпадуць самі, калі пачнеце рэгулярна гаварыць па-беларуску.

    Фокус
    Большасць нашых вядучых не з'яўляюцца прафесійнымі філолагамі. Яны носьбіты мовы. Таму ўсе пытанні датычныя правілаў мы фіксуем і адказваем на іх у нашым тэлеграм канале.
    +1
    avatar
    Цудоўна, выдатна!
    0
    avatar
    Добрая ідэя.

    Адно толькі — было б добра выкладваць расклад за некалькі дзен наперад, калі магчыма.
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.