Штаб Ціханоўскай падаў першую заяву на расьсьледаваньне злачынстваў беларускіх сілавікоў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі

Сілавікі брутальна зьбілі дырэктара менскай кветкавай крамы Максіма Харошына.
Штаб Сьвятланы Ціханоўскай распрацоўвае падачу і іншых такіх заяў у розных краінах, куды выехалі сотні беларусаў, якія прайшлі праз катаваньні з боку сілавікоў.
Як паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай, заяву для завядзеньня крымінальнай справы па факце гвалту над Максімам Харошыным – прадпрымальнікам, якога затрымалі ў двары дома ў Менску, зьбілі, павезьлі ў РУУС і зьбілі яшчэ і там да стану, калі давялося выклікаць хуткую дапамогу.
Так ён трапіў у бальніцу, пасьля якой выехаў у Літву.
Па ягонай справе былі сабраныя вынікі мэдэкспэртызы, якая выявіла цялесныя пашкоджаньні, фота і відэа ягонага затрыманьня, на якіх зафіксваныя асобы падазраваных сілавікоў.
Адвакат Гедрус Данэлюс, які падаў заяву ў Генпракуратуру Літвы, тлумачыць, што літоўскі закон дазваляе праводзіць дасудовае расьсьледваньне і сам суд, калі злачынства было зьдзейсьнена не ў Літве і падазраваны не знаходзіцца ў краіне. Абавязковая прысутнасьць заяўніка, гэта значыць пацярпелага. І калі ў справе ёсьць прамыя доказы, суд па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі мае права на вынясеньне прысуду.
Штаб Сьвятланы Ціханоўскай распрацоўвае падачу і іншых такіх заяў у розных краінах, куды выехалі сотні беларусаў, якія прайшлі праз катаваньні з боку сілавікоў. У Вільні будзе знаходзіцца каардынацыйны цэнтар праекту.
Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі заявіў, што канчатковая мэта – крымінальны перасьлед у Беларусі, а прамежкавая – аб'ява злачынцаў у міжнародны вышук:
«Мы запусьцілі гэты праект у рамках Народнага Трыбуналу. Кожны, хто зьдзяйсьняе злачынствы і бʼе дубінкамі людзей, павінен панесьці адказнасьць і не зьдзіўляцца, калі яго імя зьявіцца ў сьпісах Інтэрполу».
Источник
0 комментариев