Україна
  • 593
  • «Геть від Москвы»: карэспандэнт «НН» праехаў праз усю Украіну ад Краматорска да Львова. 25 назіранняў


    Максім Маханькоў



    Пяць гадоў таму ва Украіне пачаўся Еўрамайдан — масавыя мітынгі за падпісанне Украінай дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Тыя падзеі змянілі сітуацыю не толькі ва Украіне, але і ва ўсім рэгіёне. Што змянілася за 5 гадоў у нашай паўднёвай суседкі? Карэспандэнт «Нашай Нівы» праехаў праз усю Украіну, ад Краматорска да Львова, паразмаўляў з міністрамі, актывістамі, вайскоўцамі, святарамі і склаў топ-25 назіранняў і ўражанняў ад сённяшняй Украіны.

    1. Украінскія эліты слаба вераць у суб’ектнасць Беларусі. Украіне вельмі важна, каб Беларусь была больш-менш незалежнай дзяржавай, каб была абароненая паўночная мяжа, але ў нашу поўную незалежнасць яны не вераць і ўспрымаюць Беларусь як поўнага сатэліта Расіі.

    Дэпутат Вярхоўнай Рады Барыслаў Бярэза сказаў «Нашай Ніве»:

    — Калі 5 гадоў таму я мог спакойна заехаць у Беларусь, то зараз у Беларусь я не заеду. Беларусь з’яўляецца краінай, якую нашы спецслужбы прызнаюць афіцыйна небяспечнай для наведвання, нягледзячы на гарантыі ад афіцыйных асоб Беларусі.Прычына вельмі простая. Я не хачу заехаць раніцай на праспект Машэрава, а вечарам апынуцца ў Маскве.



    Барыслаў Бярэза. Фота: facebook.com.

    2. Беларусь для ўкраінскіх уладаў не прыярытэт.

    Сумесныя эканамічныя праекты ажыццяўляюцца, але гэта не магістральны кірунак. «Так, мы суседзі, так, нам трэба гандляваць, нам выгадна, каб Беларусь была больш суб’ектная і самастойная. Але не больш за тое, бо вы ў Мытным саюзе, а мы ідзём у ЕС. Нашы шляхі разыходзяцца» — вось агульны сэнс.

    3. Сярод украінскіх вайскоўцаў пануе ўспрыманне Беларусі як патэнцыйнага ворага, сатэліта Расіі.

    Украінскія салдаты і афіцэры не рызыкуюць ездзіць у Беларусь, у тым ліку этнічныя беларусы, якія засталіся ва Украіне пасля распаду СССР.



    4. У 2019 годзе ва Украіне маюць адбыцца чарговыя прэзідэнцкія выбары.

    У Кіеве шалёная колькасць палітычнай рэкламы ў падтрымку Юліі Цімашэнка.

    Галоўны змест яе рэкламных бордаў — гарантую зменшыць цану на газ у 2 разы. У Парашэнкі менш рэкламы. Галоўны змест яго рэкламы патрыятычны — «Армія, Мова, Віра», «Геть від Москви», «Ми йдемо своєю дорогою» і г.д…



    Бордаў іншых кандыдатаў значна менш. Ёсць яшчэ борды з надпісам «Президент — Слуга народу, неўзабаве». Але пакуль ніхто не ведае, што гэта. Рэклама новага сезону серыяла, тролінг ці сапраўды Зяленскі пойдзе на выбары.

    5. Цікава, але ва Украіне (дзе людзі плацяць 100% за камуналку) і ў Беларусі (дзе дзяржава нібыта субсідуе камунальныя паслугі), тарыфы амаль аднолькавыя. Адзінае што ва Украіне даражэйшае ацяпленне (прыкладна ў 5 разоў), але істотная частка людзей атрымлівае субсідыі на аплату ацяплення.

    6. Галоўным лакаматывам украінскай эканомікі становіцца сельская гаспадарка, якая расце шалёнымі тэмпамі.

    Калі раней шмат зямель не выкарыстоўвалася і там расло пустазелле, то зараз фермеры скардзяцца на дэфіцыт зямлі. Імпульсам для сельскай гаспадаркі стала адкрыццё Еўрасаюзам свайго рынку для ўкраінскай прадукцыі і спрашчэнне правіл рэгістрацыі фермерскіх гаспадарак.

    За 2017 год Украіна экспартавала сельскагаспадарчай прадукцыі на 18 мільярдаў даляраў. У параўнанні з 2016 годам — рост 16,3%. (Для параўнання — Беларусь у 2017-м экспартавала прадукцыі сельскай гаспадаркі на 4,9 млрд., але ва Украіне меншыя субсідыі сельгасвытворцам і меншы імпарт сельгаспрадукцыі ў праекцыі на экспарт, чым у Беларусі.)

    У 2018 годзе сельская гаспадарка працягвае расці.

    7. Працоўная міграцыя ўкраінцаў — гэта ўжо не заўтрашняе пытанне, а ўчорашняе. Але ўкраінскія ўлады асаблівай праблемы тут не бачаць. Кажуць, што такая ж сітуацыя была і ў Польшчы, калі палякі з’ехалі на працу ў багацейшыя краіны, але калі Польшча эканамічна вырасла, 80% людзей вярнуліся.

    І шмат з тых, хто вярнуўся, вярнуўся з грашыма, тэхналогіямі, досведам, сувязямі. Ну і высокая міграцыя працоўных будзе стымуляваць эканоміку павышаць заробкі. І ўцягванне людзей у еўрапейскі працоўны рынак будзе ўцягваць іх у еўрапейскую ментальную прастору. Але праблема з кадрамі вельмі сур’ёзная. Асабліва ў рабочых прафесіях. Знайсці нармальнага цесляра ці сантэхніка нерэальна нават у Кіеве.

    Мігруюць масава рабочыя. А вось «белыя каўнеры», усякія менеджары і праграмісты амаль не выязджаюць, бо ім і ва Украіне можна зарабляць нармальна, а жыццё ва Украіне вельмі таннае.

    8. Аздаравілася банкаўская сістэма. Але для гэтага прыйшлося закрыць палову банкаў.

    9. Рэформы вельмі павольна, але ўсё ж ідуць

    Галоўная праблема для правядзення рэформ — адсутнасць нармальных кадраў. Яскравы прыклад — рэформа мясцовых грамад (дэцэнтралізацыя). Рэформа мае пазітыўны эфект, у мясцовых бюджэтах стала заставацца больш грошай. Там, дзе мясцовыя ўлады разумныя, яны ўкладаюць у дарогі, школы, адукацыю і г.д… Але шмат дзе сітуацыя іншая. Грошай у мясцовых бюджэтах стала так шмат, што мясцовыя ўлады проста не ведаюць, куды і на што іх выдаткоўваць. Даходзіць да таго, што яны проста бяруць грошы і кладуць іх у банк на дэпазіт. Мясцовыя кадры такой нізкай якасці, што яны ніколі раней такімі грашыма не распараджаліся, і не ведаюць, што з імі рабіць. У найлепшым выпадку яны зробяць дарогі, плітку пакладуць, зробяць які-небудзь фантан. А ў soft-skills і чалавечы патэнцыял (адукацыя, культура і іншае нематэрыяльнае) амаль нічога не ўкладаюць.

    Правядзенню іншых рэформ таксама перашкаджае кадравы голад.

    10. Дэцэнтралізацыя дае рэальныя вынікі ўжо зараз. Інфраструктура ва Украіне пакрысе лепшае, прычым не толькі ў Кіеве, але і ў рэгіёнах. Усюды кладуць плітку тактыльную для сляпых. Транспарт таксама прыводзяць у чалавечы выгляд. Рамантуюцца дарогі. Некаторыя з іх сталі зусім добрыя (напрыклад, Луцк-Львоў — турыстычны шлях для беларусаў).

    11. Ментальная і культурная розніца паміж заходняй і ўсходняй Украінай захоўваецца, але яна істотна скарачаецца. Усходнія ўкраінцы пераймаюць заходнеўкраінскія каштоўнасці.

    Прычына — цяжкая дэмаграфічная сітуацыя на ўсходзе і цэнтры Украіны і адносна стабільная сітуацыя на захадзе (дзе нараджальнасць вышэйшая) + вайна, праз якую значная частка людзей з прарасійскай ідэнтычнасцю выкінута з украінскага поля (Крым і частка Данбасу).

    12. Гэты пампезны і манументальны будынак з бетону і мармуру — дэманстрацыя абсалютнай неэфектыўнасці дзяржаўных кампаній постсавецкіх краін. Тут раней знаходзілася дзяржаўнае ўкраінскае тэлебачанне.

    Велічны мармур і дываны, цяжкія таўсценныя фіранкі, якія могуць і забіць, горы старой і грувасткай тэлевізійнай тэхнікі… У нацыянальнай дзяржаўнай тэлекампаніі Украіны працавала 7000 чалавек.

    І гэтыя 7 тысяч чалавек смакталі дзяржаўныя грошы і выраблялі толькі 1 звышпанылы тэлеканал (УТ-1) + дробныя рэгіянальныя тэлестудыі. 7 тысяч чалавек, цэлая армія, рабілі адзін тэлеканал, які нават не ўваходзіў у першую дзясятку ў рэйтынгах украінскіх тэлеканалаў! Якія бюджэты тут пілаваліся!

    Цяпер замест дзяржаўнай тэлекампаніі спрабуюць зрабіць грамадскае тэлебачанне, як у Еўропе. Людзей скарацілі. Вялікія плошчы здаюць у арэнду. Тэлеканал палепшыў кантэнт, але мае праблемы з фінансаваннем і па-ранейшаму пляцецца ў канцы тэлерэйтынгаў. З багатымі прыватнымі СМІ, якія маюць велізарныя бюджэты, яму цяжка цягацца.

    13. Украінскіх грамадзян і палітыкаў не бянтэжыць, што ЕС не гатовы нават абмяркоўваць сяброўства Украіны ў ЕС. Ёсць разуменне таго, што Украіна робіць рэформы для сябе, а не для заходніх партнёраў. У гутарцы з «Нашай Нівай» віцэ-прэм’ерка па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Івана Клімпуш-Цынцадзэ выказала ўпэўненасць, што ЕС вырашыць свае праблемы, і праз нейкі час зможа зноў стаць прымаць новых сябраў, у тым ліку Украіну, калі тая будзе адпавядаць крытэрыям ЕС.

    14. Ва ўсёй Украіне будуюць так званыя ЦНАПы (Центр надання адміністративних послуг). Аналаг нашага «аднаго акна», але там усё робіцца за еўрапейскія грошы і паводле еўрапейскіх стандартаў і патрабаванняў.

    Часам здараецца парадаксальная сітуацыя. Будуюць суперсучасны ЦНАП, там есць шрыфт Брайля, тактыльная плітка для сляпых, спецыяльныя туалеты для калясачнікаў і г.д., хаця вакол гэтага ЦНАПа ніякага безбар’ернага асяроддзя няма, што туды ніякі інвалід і не заедзе. Праз тое, што ЦНАПы праектуюцца еўрапейцамі, а ўкраінскія рэаліі крыху іншыя, атрымліваецца марнаванне грошай у некаторых выпадках. Але самі ЦНАПы істотна палепшылі якасць дзяржаўных паслуг.

    15. У Краматорск і Славянск укладаюцца вялікія грошы. З іх спрабуюць зрабіць вітрыну Данбаса. Дарогі лепшыя, чым у Кіеве, ездзіць новы сучасны транспарт, ніякіх пабітых украінскіх маршрутак.

    Гарады ў плане добраўпарадкавання дакладна не горшыя за Рэчыцу ці Светлагорск. Але дэпрэсіўнасць усё ж крыху адчуваецца. Шмат якія заводы ўсё ж закрыліся, праз разарваныя эканамічныя сувязі і праз тое, што вялікая колькасць уладальнікаў тых заводаў — расіяне.



    Славянск, лістапад 2018 года.



    На пярэднім плане — бальніца пад Славянскам, знішчаная падчас баявых дзеянняў. За ёй — новыя адбудаваныя карпусы бальніцы.

    16. Па-прарасійску настроеных жыхароў, так званых «ватнікаў», у Краматорску больш чым дастаткова. І яны не баяцца выказваць сваё меркаванне.

    Распазнаць «ватнікаў» даволі проста. У іх вісяць спадарожнікавыя антэны «Трыкалор» і яны глядзяць расійскія каналы. Спадарожнікавыя антэны ёсць недзе ў 30% кватэр.

    17. У параўнанні з 2014 годам істотна палепшала забеспячэнне ўкраінскай арміі. Калі раней нават берцы байцам куплялі валанцёры, то цяпер салдаты маюць самую сучасную амуніцыю і пайкі. Адзінае, што масава працягваюць рабіць валанцёры — яны плятуць маскіровачныя сеткі.



    18. Адна з валанцёрскіх арганізацый, дзе бабулі плятуць маскіровачныя сеткі — «Краматорскія пчолкі».

    Валанцёры працуюць там не таму, што ўкраінскай арміі сетак бракуе. Проста для гэтых данбаскіх бабуль такі занятак — выдатная магчымасць прыйсці, паразмаўляць з сяброўкамі і аднагодкамі, гэта такое класнае кам’юніці для праўкраінскіх актывістаў. Замест таго, каб сядзець дома і глядзець тэлевізар, 60—80-гадовыя жанчыны прыходзяць, гутараць і адчуваюць, што могуць камусьці дапамагчы. Таму гэтыя сеткі больш не для вайскоўцаў, а для гэтых бабуль. Але для вайскоўцаў яны таксама патрэбныя. Фабрычныя сеткі горшыя за ручныя, бо яны маюць тыповы малюнак і сістэмы распазнаюць іх хутчэй, чым ручную сетку, якая мае ўнікальныя ўзоры.

    19. У Краматорску вялікая колькасць перасяленцаў з акупаваных тэрыторый.

    Арэнда кватэры там зараз каштуе амаль як у Кіеве.

    20. Незвычайнае для беларускага вока: у Краматорску ды іншых гарадах Данбаса жыве нейкая неймаверная колькасць птушак і звяроў.

    Можна нават у горадзе сустрэць якога-небудзь фазана ці зайца, які не будзе цябе баяцца, калі да яго падысці. Па-першае, Данбас — гэта суцэльныя гарады, лясоў амаль няма. Па-другое, дзікіх жывёл стала больш, бо праз вайну на кантраляванай Украінай тэрыторыі Данбаса забаранілі паляванне. Прырода вяртае свае пазіцыі.

    21. Малодшыя і сярэднія ўкраінскія афіцэры, якія прайшлі Данбас, маюць надзвычайна высокую матывацыю і гатоўнасць вярнуць акупаваныя тэрыторыі.

    22. Наркотыкі ва Украіне прадаюць масава праз тэлеграм. Проста пішуць на сцяне ў цэнтры горада назву тэлеграм-канала і назву наркотыку. У нейкай ступені гэта паказчык надзейнасці тэлеграма і яго прыватнасці, калі ім карыстаюцца нават наркадылеры і іншыя злачынцы. Праўда, ва Украіне сім-карты прадаюць без пашпартоў, таму высачыць нікога не могуць.

    23. Кіеў за апошнія гады стаў перанаселеным горадам. Фармальна ў Кіеве жыве 2,8 млн чалавек, але рэальныя лічбы вышэйшыя.

    Бачна, што людзей там у некалькі разоў больш, чым у Мінску. Нармальны ўлік насельніцтва ў Кіеве не вядзецца, і ніхто дакладна не ведае, колькі там жыхароў. Там шмат раёнаў, на фоне якіх Каменная Горка ў Мінску — звышпрасторны квартал. Ёсць раёны, дзе радамі стаяць 40-павярховыя дамы, шчыльнасць насельніцтва там касмічная, у двары нават не трапляе сонца.

    Адна з прычын перанаселенасці — у Кіеве вельмі танныя кватэры. У спальным раёне можна спакойна купіць за 15 тысяч даляраў новую 1-пакаёвую кватэру.

    24. Ва Украіне за апошнія гады з’явіўся сапраўдны культ кавы. Яна проста ўсюды, на кожным кроку. Прычым вельмі танная, якасная і смачная. Кубачак смачнай натуральнай кавы можна купіць у кавярні прыкладна за 1,2 рубля. Кавярні есць на кожным кроку ў кожным горадзе, шмат дзе стаяць фургончыкі, дзе разліваюць каву (там яна яшчэ таннейшая). Канкурэнцыя на кававым рынку шалёная, таму і цэны на каву меншыя, чым у Беларусі.

    Для ўкраінцаў піць каву ў кавярні стала звычайным, незалежна ад узроўню даходаў.

    25. Прыемна здзіўляе вялікая колькасць культурных, грамадскіх і адукацыйных мерапрыемстваў у любым сярэднім і вялікім украінскім горадзе, якой няма нават у Мінску.

    Пакуль у мінскім Палацы мастацтваў прадаюць мёд, кажухі і дываны, а культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы ў абавязковым парадку ўзгадняюцца з «ідэолагамі», ва Украіне, ва ўмовах свабоды, розныя ініцыятывы ды і самыя звычайныя грамадзяне імкнуцца арганізаваць падзеі на самыя шырокія тэмы: ад асобнага збору смецця да ўкраінскага мадэрну ў выяўленчым мастацтве. Большасць такіх падзей — бясплатныя.

    Украінскія актывісты і неабыякавыя грамадзяне не баяцца, што кіраўніку пляцоўкі патэлефануе якая-небудзь цётачка з райвыканкама. Няма там і ніякіх «гастрольных пасведчанняў» — якія страшна тармозяць развіццё нашай культуры.

    Вось такія неадназначныя назіранні я зрабіў, праехаўшы з Кіева ў Краматорск, а пасля — у Львоў.

    nn.by/?c=ar&i=221289
    • нет
    • 0
    • +15

    7 комментариев

    avatar
    +1
    avatar
    Когда уже Порошенко отменит путина?
    Сколько можно ждать?
    0
    avatar
    24. Ва Украіне за апошнія гады з’явіўся сапраўдны культ кавы. Яна проста ўсюды, на кожным кроку…

    Подтверждаю)) Реально, какое-то неимоверное количество многочисленных станционарных сетевых кофеен, киосков и отдельных авто/велокофеен. Я вот не гуру статистического анализа, но точно есть методички, сколько и чего должно быть на определенное количество населения. Ну там праченчных столько-то, магазинов бытовой техники — столько-то. Оптимальное количество ювелирных магазинов, к примеру — 1 на 100 000 населения. Так вот, не знаю сколько точек по продаже кофе должно приходится, и на какое количество жителей, но точно могу сказать, что в Украине этот параметр превышен минимум вдвое)) И что больше всего хочется отметить — качество. Что, в общем, вполне логично при такой конкуренции.
    0
    avatar
    спасибо пани Алине за выложенный материал. прочитала с большим интересом.

    вот это огорчило. стыдно стало за свою страну. очень жаль, что нас наши ближайшие соседи так воспринимают. тем более, это же не на пустом месте возникло — такое недоверие к нам.

    Сярод украінскіх вайскоўцаў пануе ўспрыманне Беларусі як патэнцыйнага ворага, сатэліта Расіі. Украінскія салдаты і афіцэры не рызыкуюць ездзіць у Беларусь, у тым ліку этнічныя беларусы, якія засталіся ва Украіне пасля распаду СССР.

    а успехи их порадовали. черт знает почему, но стало приятно. что несмотря на все то горе, которое украинцам принесла война, духом они не падают. надеюсь, что корреспондент НН не кривил душой, когда писал статью. пусть все у них получится.

    Адзінае што ва Украіне даражэйшае ацяпленне (прыкладна ў 5 разоў)
    у нас если отопление в 5 раз поднимут — не представляю даже, как многие будут выживать. пока еще только на низких коммунальных платежах и держимся, не скатываемся в крутое пике.
    +1
    avatar
    ibigdan 1 декабря, 20:13
    Ихтамнет, и не будет

    На 537 километре Свердловской железной дороги произошел сход «грузового» поезда 2138. Это военный состав. С рельс сошел 71 вагон, 50 остались на колесах. 21 вагон перевернулся, из них 5 вагонов — это цистерны с мазутом.





    Все мы понимаем, куда везли танки с закрашенными номерами. Все мы понимаем, что это только один эшелон из отправленных в Украину. И все мы (даже зрадофилы) начинаем догадываться, что Порошенко не преувеличивал степень российской угрозы, вводя военное положение. Скорее преуменьшал, не желая выдавать масштаб разведданных.

    И ещё: есть мнение, что состав перевернулся не сам по себе. Но я вам ничего не говорил :)
    +1
    avatar
    1. Украінскія эліты слаба вераць у суб’ектнасць Беларусі.

    Я в нее тоже слабо верю.
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.