Общество
  • 147
  • Архівы СБУ цяпер даступныя і беларусам: гэта амаль 4 мільёны спраў


    Пра тое, што можна знайсці ў архівах Службы бяспекі Украіны, піша гісторык Зміцер Дрозд:

    Мікіта Хрушчоў у сваіх мемуарах пісаў: «Органы бяспекі, якія павінны быць пад кантролем партыі, сталі, наадварот, над партыяй, над выбарнымі арганізацыямі і тварылі, што хацелі». І чым больш я вывучаю дакументы архіваў КДБ, тым больш пераконваюся ў праваце гэтых слоў.

    Лідары партыі ўсіх узроўняў: Палітбюро, ЦК КПСС, Вярхоўны Савет, З'езды партыі і народныя дэпутаты — усё гэта для выгляду сацыялістычнага народаўладдзя. А сапраўдныя рухальныя сілы тады (і цяпер) заставаліся за кулісамі. Вельмі часта пытанне: каму жыць, а каму памерці, вырашаў нейкі дробны сяржанцік дзяржаўнай бяспекі, вызначаючы лёс не толькі простых сялян, але і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, палкаводцаў і дзеячаў культуры. Таму зразумець гісторыю нашага савецкага мінулага без поўнага і свабоднага доступу да архіваў спецслужбаў немагчыма.

    Усе тры дырэктары архіва СБУ (калісьці архіў КГБ Украінскай ССР): былыя Уладзімір Вятровіч (цяпер дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Украіны) і Ігар Кулык (цяпер дырэктар упраўлення ІНП) і цяпер дзейны дырэктар Андрэй Кагут адзначаюць, што з усяго дэкамунізацыйнага пакета, прынятага пасля Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, з самым моцным супрацівам быў сустрэты не закон аб прызнанні УПА, не закон аб дэмантажы помнікаў камуністычным правадырам, забароне вытворчасці і распаўсюджвання камуністычнай сімволікі і перайменаванні вуліц, а закон… «Аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917—1991 гадоў». Гучала нават здагадка, агучаная ў тым ліку і дэпутатамі Вярхоўнай Рады, што, калі б гэты закон ішоў не ў агульным пакеце, адкрыта галасаваць супраць якога мог толькі заўзяты камуніст, а асобна, ён не быў бы прыняты. Чаму так?

    Вылучаліся розныя версіі: страх былых супрацоўнікаў, агентаў, сексотаў і інфарматараў, што пасля адкрыцця архіва КДБ іх імёны стануць вядомыя ўсяму свету. А трэба ўлічваць, што савецкая эліта (не толькі партыйная, камсамольская і чэкісцкая, але і культурная, навуковая і іншая) у многіх рэспубліках з развалам СССР зусім не растварылася, а да гэтага часу грае не апошнія ролі. Зрэшты, часта ўжо не яны самі, а іх дзеці і ўнукі, карыстаючыся «высокім стартам», кіруюць прадпрыемствамі, бізнэсамі, СМІ, культурай і навукай, і ніхто з іх не хоча, каб стала вядома, якім шляхам у савецкія часы людзі падымаліся на свае вяршыні ва ўсіх сферах жыцця. А, каб падняцца на гэтую вяршыню, часта было недастаткова гучней за ўсіх крычаць: «Знішчыць, як шалёных сабак», але і трэба было папісваць час ад часу справаздачы аб паводзінах сваіх калегаў, сяброў, а часам нават родных.

    Але няўжо ж хтосьці стане адкрыта гаварыць пра падобныя прычыны? Хіба зможа хтосьці выступаць супраць адкрыцця архіваў КДБ, бо на яго адразу ж пакажуць апаненты: маўляў, на злодзею і шапка гарыць. Хіба хтосьці стане адкрыта сцвярджаць, што адкрыццё архіваў КДБ — гэта сапраўдны асінавы кол, убіты ў грудзі злачыннай бальшавіцкай ідэалогіі. І гэта ў дзясяткі разоў больш эфектыўна, чым знешне эфектны знос помнікаў, якія заўсёды можна будзе паставіць зноўку, калі раптам да ўлады прыйдуць прыхільнікі Сталіна. Таму і агучваліся ў асноўным высакародныя прычыны накшталт таго, што поўнае адкрыццё архіваў пацягне помсту нашчадкаў нявінна рэпрэсаваных нашчадкам катаў або стукачоў. Дарэчы, гэтая прычына гучыць і ў сучаснай Беларусі, хоць гэтыя страхі не маюць ніякіх доказаў у краінах, дзе архівы ўжо адкрытыя. Не апраўдаліся і страхі сучасных агентаў і стукачоў:

    аказалася, што справы 1980-х захаваліся значна горш, чым справы 1930-х. Хтосьці паспеў старанна ўсё падчысціць нават ва Украіне
    (тым больш у Беларусі, дзе савецкая ўлада ніколі не перарывалася), знішчыць або вывезці ў Маскву. Дакладна вядома, што такія знішчэнні рабіліся па спецыяльных загадах з цэнтра ў 1944, 1953, 1954 і 1990 гадах.

    У нейкай меры ва Украіне з архівамі КДБ (а архівы СБУ — гэта самае вялікае сховішча сакрэтных дакументаў, нават большае, чым у нямецкай «Штазі») адбыўся сапраўдны цуд: архіў СБУ ўзначалілі не толькі гісторыкі і патрыёты Украіны, але, перш за ўсё, не «людзі сістэмы». Прычым гаворка тут не толькі пра сістэму КДБ, што зрабіла б любыя рэформы немагчымымі, але і пра сістэму закасцянелых архіўных чыноўнікаў.

    nn.by/?c=ar&i=198890
    • нет
    • 0
    • 0

    1 комментарий

    avatar
    А сапраўдныя рухальныя сілы тады (і цяпер) заставаліся за кулісамі. Вельмі часта пытанне: каму жыць, а каму памерці, вырашаў нейкі дробны сяржанцік дзяржаўнай бяспекі, вызначаючы лёс не толькі простых сялян, але і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, палкаводцаў і дзеячаў культуры.
    Ну толькі не трэба — што «вырашаў»! Дакументаваў. Вырашалася — менавіта ЗА КУЛІСАМІ.
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.