Relax
  • 226
  • Марціновіч: «Можа, наспеў час для камін-аўта, дзедушко?»



    Так-так. Я таксама стаяў на тых ранішніках у дзіцячым садку. Мяне таксама апраналі Зайчыкам ці Катом Матроскіным, каб я набліжаўся да Дзеда Мароза па ўсёй форме. Я, як і ўсе, пакутліва перажываў Крызіс Веры, усведамляючы, што ніякага Дзеда Мароза, магчыма, няма. Бо дзе доказы? Дзе яны, я пытаюся!

    Але жыць у Беларусі і ўнікаць гэтага культу немагчыма. Яшчэ тыдзень — і бадзёранькія постаці ў чырвоных халатах, з бародамі колеру валасоў Мэрлін Манро ўвойдуць у кожны тралейбус, усміхнуцца з кожнага постара ў метро. Жывучы тут, у Дзеда Мароза немагчыма не верыць, бо, як толькі ты страчваеш да яго павагу канчаткова, ён падпільноўвае цябе за рогам, хмурыць наклееныя бровы, просіць на водку ці закурыць, і ты аддаеш яму ўсё, усё, што маеш. Бо не крыўдзіць жа Дзеда Мароза напярэдадні Новага года. Хай сабе ён і звярнуўся да цябе: “Слыш, пацан, ходзь сюды на секу”.

    Жыць з ім давядзецца да самага скону, яго ні прагнаць, ні замяніць чысценькім, прыбраным Санта-Клаўсам. То наспеў час сфармуляваць усе пытанні, якія ў нас, усіх нас — пасталелых Віцічак, Мішачак, Танечак, Леначак, Сярожак, Віталікаў і Кацюшаў — наспелі да гэтай істоты. Прыйшоў час для сур’ёзнай размовы. Мужчынскай размовы двух дарослых людзей.

    Першае пытанне, якое я хацеў задаць яшчэ ў школе: дзедушко, а што гэта ты ўвесь час падбухнуўшы? Чаму кожны раз, як я да цябе набліжаюся, я чую гэты непаўторны пах: застарэлы алкаголь, на які пакладзеная пара чарак свежага? Чаму з таго самога моманту, калі я, замкнуты ў дзіцячым пакойчыку, адсачыў тупанне ног з кухні на лесвічную пляцоўку і потым той самы чаканы званок (і зразумеў, што той, хто звоніць, мог прыйсці акурат з кватэры, — о, метафізіка дзяцінства!), я чую спірытусны выхлап на сваім твары? Ты, дзядулік, не мог бы патлумачыць усім тым самаробным акторам, якія бяруцца цябе ўвасабляць па ўсёй нашай зямельцы, што прывучаць дзетак да думкі, што цуд заўсёды суправаджаецца перагарным смуродам, — не камільфо? Калі ты ёсць — чаму ты не караеш дрэнных аватараў за такую відавочную дыскрэдытацыю?

    Далей. Давай нарэшце разбяромся са Снягуркаю. Яна табе, уласна, хто? Унучка? Праўда ўнучка? А чаму тады ў пачынальніка снягурказнаўства Аляксандра Астроўскага ў адным з першых твораў сусветнай снегурыяды (1873 г.) яна праходзіць як дачка Дзеда Мароза?

    Выпадковасць? Не думаю. Хутчэй блытаніна ў паказаннях. Калі вы родзічы, дык чаму яна на цябе, Дзед Мароз, такая не падобная? Адкуль гэты збляднелы тварык — пры тым, што твая храпа заўсёды чырвоная, як этыкетка “Кока-Колы”? Тут яўна недагаворка. Маладая, прыгожая дзяўчына, бялявая, пры стараватым бухім барадачы — уся сусветная поп-культура вымушае нас згадаць тут пра Вайнштэйна. Можа, наспеў час для камін-аўта, дзедушко? Бо, калі яна твая дачка, дык дзе тады Баба Мароз? Такая ж як ты, медзведзяватая, чырванамордая, у тры абхваты, у чырвоным халаце, з квашанай капустай у валасах? Дзе Сын Мароз ці Дачка Мароз? Бо ўнучак без жонак звычайна не з’яўляецца! Не ламай нам мозг, дзядуль, каліся пра Снягурку! Мы выбачым. Мы ж табе ўсё выбачаем.

    І што гэта за роля ў Снягуркі? Клікаць Дзеда Мароза? Ты што, на свае вухі нашых клічаў не чуеш? Нашто табе сакратар на стаўцы? У нас ідзе аптымізацыя дзяржаўнай службы, таварыш Мароз, Снягурку трэба скарачаць. Вучыся карыстацца імэйлам. Пачытай пра new public management.

    Бо прабач, але сама лагістыка тваёй працы з насельніцтвам — яна нейкая вельмі спарахнелая! Ну што гэта такое? Дзеткі мусяць пісаць табе папяровыя лісты, у якіх выкладаюць свае жаданні, а ты іх “разглядаеш” і “задавальняеш” ці “не задавальняеш”? Ты што, кіраўнік райвыканкаму? Ты адкуль гэткі шлях стасункаў з народам вымудрыў? Калі ты такая былінная асоба, падарункадаўца, увасабленне магутнасці прыроды, дык навучыся ты рабіць цуды! Прыйшло да цябе дзіця ў гандлёвы цэнтр, прашаптала на вуха: “Хачу Iphone 8”, — а ты такі хопля і дастаў той Iphone 8 са свайго бота. “Вось табе, дзетачка, карыстайся, памятай дзядулю, хай сабе твае бацькі за сустрэчу са мной заплацілі толькі тры рублі”! Вось тут быў бы гонар і павага. Як да прэзідэнта. Ад якога, дарэчы, частка дарослых чакае прыкладна такіх жа паводзін.

    Ці той нюанс: “быць добрым дзіцем” ці “быць дрэнным дзіцем” увесь год, каб разлічваць на тваю міласць. Разумееш, вось у твайго больш дасканалага калегі, Санта-Клаўса, канцэпцыя “дабрыні” файна прадуманая і прапісаная. Там пад бялявай барадой і каўпаком з пампонам сядзіць хрысціянства, з ягонымі запаветамі. А вось што такое “быць харошым хлопчыкам” паводле Дзеда Мароза? Бо ты ж нарадзіўся, дзедушко, як нам паведамляюць энцыклапедыі, акурат у 1935-м годзе, калі ў асэсэсэрах надумалі адрадзіць папярэдне забаронены культ зімовай ёлкі (бо ніякага іншага культу прыдумаць не змаглі). Дык што ёсць “добра”? Шанаваць ветэранаў 9 траўня? Чытаць Аркадзя Гайдара? Хадзіць на Зарніцы? Калі амерыканскі школьнік падыходзіць да Санты, ён дакладна ведае, ці варты падарункаў. Калі постсавецкі школьнік набліжаецца да цябе, дзеду, ён вечна спужаны, бо не ведае, як ты ацэніш ягоныя паводзіны. Што пстрыкне ў тваю п’яную галавень.

    І вызначыся ты нарэшце з прапіскай. Дзе ў цябе адрэса? У Вялікім Усцюгу? У Лапландыі? У Карэліі? У Белавежскай пушчы? Ці ў сяле Пістынь Івана-Франкоўскай вобласці? Ты кажаш, што ты чараўнік і можаш жыць адначасова ва ўсіх гэтых месцах, але слухай, няма такога чараўніка, які здольны быў бы сумяшчаць сёння пражыванне ў Расіі і Івана-Франкоўску, што ля Львова!



    Але слухай, дзядуля, ты не прымай сур’ёзна ўсё, што я тут панапісваў. Бо піша табе ўсё той жа хлопчык Віця, той самы, які быў Зайчыкам і Катом Матроскіным у дзіцячым садку. Памятаеш мяне? Канечне, я ў цябе веру, дзядуля! І канечне, я разумею, што, ходзячы па такой сцюжы, ты мусіш сабе дазваляць час ад часу кульнуць кілішак! Дзеду Марозе! Я быў харошым хлопчыкам увесь гэты год! Калі ласка, падаруй мне Xbox One і новы Fallout 4, Halo 5 ды Gears of War 4 да яго!

    Віктар Марціновіч
    • нет

    8 комментариев

    avatar
    Совсем в Европе "опиндосился" Мартинович.
    Задает вопросы Деду Морозу.
    Требует с него материальных вещей.
    Бездуховно как-то это все, товарищи.

    Все-таки Европа нам противопоказана в больших дозах. Теряем азиопскую идентичность. Начинаем «возбухать», задавать вопросы, требовать. Не по-нашему. Накатил соточку и жди 12. Вот эт по нашему.
    +1
    avatar
    Давай нарэшце разбяромся са Снягуркаю
    «снегурочка» — істінно руссская — таксама сведчыць пра адсутнасць асобнай русскай цывілізацыі. Снегу гура.
    «Код асутнасці» Акудовіча, не прачытаны мной, можа якраз пра гэта… Павінен быў бы быць.
    Першая снегу гурка кліча мароз, каб не растаць. Усё так проста.
    +1
    avatar
    мы бедныя, бедныя савецкія кукушонкі.
    Бо ты ж нарадзіўся, дзедушко, як нам паведамляюць энцыклапедыі, акурат у 1935-м годзе, калі ў асэсэсэрах надумалі адрадзіць папярэдне забаронены культ зімовай ёлкі (бо ніякага іншага культу прыдумаць не змаглі). Дык што ёсць “добра”? Шанаваць ветэранаў 9 траўня? Чытаць Аркадзя Гайдара? Хадзіць на Зарніцы? Калі амерыканскі школьнік падыходзіць да Санты, ён дакладна ведае, ці варты падарункаў. Калі постсавецкі школьнік набліжаецца да цябе, дзеду, ён вечна спужаны, бо не ведае, як ты ацэніш ягоныя паводзіны. Што пстрыкне ў тваю п’яную галавень.
    я ведала толькі школьнага Дзеда Мароза — у дашкольным узросце — і ён быў сапраўдным. А ўжо недзе пазней — аднекуль прышла інфа, што гэта Антон Іванавіч. Дед Мароз быў у акулярах.
    0
    avatar
    Тралиционного немецкого Святого Николая сопровождал кнехт Руперт (кнехт — это типа батрака, наемный работник из простых) с пучком розог. И сек непослушных детей.

    Если начать разбираться подробнее, то можно и гомоэротику накопать и БДСМ. Лучше уж инцест со Снегурочкой *Angel*
    0
    avatar
    то можно и гомоэротику
    Не, я против. Мы за толерантность и прочую демократию, но эт перебор.
    Лучше уж инцест со Снегурочкой
    А вот это пожалуйста. Там родственные отношения вообще не совсем ясны.
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.