Практыкі культуры ў Беларусі
  • 2869
  • Беларуская гістарыяграфія пасля 1991 года: плюралістычнасць гістарычнага тэксту як адлюстраванне культурнай гетэрагеннасці грамадства

    каштоўнасць таго, што павінен і што не павінен рабіць чалавек, зусім не вымяраецца бачнай мэтазгоднасцю
    [беларускі рускамоўны празаік] Виктор Генкин

    Навошта публікаваць у сеціве навуковыя даклады? Гэтае пытанне наогул шчыльна звязанае з іншым: «Накошта ўвогуле займацца навукай гісторыяй?» і патрабуе доўгіх разважанняў. У цэлым жа, спадзяюся, публікацыя гэтага майго тэксту не выглядае залішне глупай і немэтазгоднай. Прынамсі, у тых спрэчках на Браме, у якіх я ўзяў удзел, а таксама ў некаторых тэкстах, якія незнарок зачапіў, знаёмячыся з сайтам, пытанні гісторыі і гістарыяграфіі закранаюцца нярэдка. У сувязі з гэтым прапаную дадзены тэкст, які пакліканы як раз праясняць некаторыя прыватныя моманты, звязаныя з функцыянаваннем гістарычных наратываў на Беларусі.
    Неабходнасць якаснага мэтавызначэння ў навуковым тэксце — ключавая матывацыя гэтага допісу. Дадзеная работа апублікаваная ў зборніку з адной канферэнцыі ў Магілёве. Да канферэнцыі я наогул не даехаў. Але на'т калі б і даехаў — абмеркаваць гэтую работу там не было б з кім. І яна б там нікога не зацікавіла, бо сутнасць такіх канферэнцый — не вытворчасць і ўвядзенне ў навуковых абыходак новых ведаў, але задавальненне бюракратычных патрабаванняў да навукі. Я б спадзяваўся, каб абмеркаванне гэтай работы было магчымае тут — пры ўмове, што ў рабоце ё што абмяркоўваць, а гэта асобнае вялікае пытанне :)
    Даклад пакінуў прынцыпова без змяненняў — хаця тэкст, усё ж такі, шкалярскі, але ён служыць адлюстраваннем у тым ліку бядотнага стану гістарычнай навукі ў нашай Рэспубліцы. І бібліяграфія ў ім неблагая.

    * * *
    Як вядома, у перыяд існавання Савецкага Саюза гістарычныя веды апынуліся ў досыць складаным становішчы. У выніку палітыкі кіраўніцтва КПСС у гістарыяграфіі з 1930-х гг. у якасці неаспрэчнай запанавала марксісцка-ленінская метадалогія, у выніку чаго ўтварылася своесаблівая “гістарыяграфічная монакультура” [1, с. 22]. Яна асягала не толькі метадалогію гістарычных даследаванняў. Рэгуляванню падлягалі таксама тэматыка гістарычных прац, інтэрпрэтацыя тых ці іншых падзей, выкарыстаная літаратура. Зразумела, дадзеная рамка магла парушацца – рознымі спосабамі, напрыклад, пры дапамозе наўмыснага выхаду аўтара за межы прафесійнага поля вытворчасці гістарычных ведаў, як гэта рабіў, напрыклад, М.Ермаловіч (гл. напр. ягоны артыкул [2]).

    Пасля 1991 г. (у сапраўднасці, ужо з канца 1980-х гг.) сітуацыя рэзка змяняецца. Гісторыкі становяцца перад неабходнасцю выпрацоўкі новых гістарычных наратываў і засваення раней недапушчальных метадалагічных падыходаў. У 1991–1993 гг. узнікае новы праект апісання гістарычнага мінулага Беларусі – т.зв. нацыянальная канцэпцыя (гл. напр. [3]). Дадзенае канцэптуальнае абнаўленне беларускай гістарычнай навукі тычылыся, аднак, у першую чаргу ацэначна-інтэрпрэтацыйнага і факталагічнага боку гістарычнага тэксту, толькі дэкларацыйна абвяшчаючы намер забяспечыць плюралістычнасць метадалогіі. У выніку, пры фармальным адыходзе ад марксісцкай парадыгмы, беларускія гісторыкі выкарыстоўвлі звычныя спосабы навуковай работы [1; 4].

    Разам з тым, абсалютна новым была магчымасць крытычнага выказвання на адрас новай канцэпцыі – уважаючы на кантэкст “дэмакратычнага эпізоду” 1991–1994 гг. Як пазней заўважыў Я.Новік [5, с. 158], нацыянальная канцэпцыя не была зацверджаная ў якой-небудзь дзяржаўнай установе, г.зн. яна можа ўважацца за вынік нізавай самаарганізацыі гістарычнай супольнасці (нізавай – умоўна, бо актыўны ўдзел у яе распрацоўцы і публічным прад’яўленні браў, напрыклад, тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі М.Касцюк). Далёка не ўсе гісторыкі пагадзіліся з ідэямі нацыянальнай канцэпцыі. Ужо ў 1992 г. І.Котаў пярэчыў аднаму з ключавых пастулатаў яе аўтараў – намеру канструяваць новы гістарычны наратыў як “дэідэалагізаваны” [6]. І.Котаў падкрэсліваў, што грамадская кан'юнктура іманентна ўплывае на творчасць гісторыка, то-бок і нацыянальная канцэпцыя абумоўлена знешнімі ў адносінах да навукі фактарамі. Пасля таго, як адміністрацыя А.Лукашэнкі вызначылася са сваімі гістарычным светапоглядам і нацыянальная канцэпцыя была адрынута на афіцыйным узроўні (прыблізна ў 1995 г.), значна большая колькасць гісторыкаў выказаліся супраць яе; найбольш вядомыя сярод іх – П.Петрыкаў, А.Залескі, Я.Новік. Яны аб’ядналіся ў новым грамадскім аб’яднанні “Гістарычныя веды”. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў дыскусіі, якая разгарнулася ў прафесійным асяроддзі гісторыкаў, апынуліся “Нарысы гісторыі Беларусі” [7; 8] і школьныя падручнікі, выдадзеныя ў 1992–1993 гг. Так, у 1998 г. выйшаў двухтомны ўніверсітэцкі падручнік “Гісторыя Беларусі” [9; 10], пакліканы замяніць сабой “Нарысы…”

    Разам з тым, нават у новых умовах вяртанне да сітуацыі савецкага перыяду, калі гістарычны наратыў прынамсі на ўзроўні школьнага і ўніверсітэцкага выкладання, быў гранічна маналітны і гамагенны, было немагчымае. Ужо ў першай палове 2000-х гг. з’явіліся школьныя падручнікі, аўтары якіх кіраваліся хутчэй палажэннямі нацыянальнай канцэпцыі, чым устаноўкамі групы “Гістарычныя веды”. У 2000 г. пачалося выданне шасцітомнай “Гісторыі Беларусі” [11], аўтары якой былі арыентаваныя на стварэнне “максімальна поўнага, аб’ектыўнага, непалітызаванага даследавання мінулага беларускага народа” [11, с. 5] – цалкам згодна ўстаноўкам аўтараў нацыянальнай канцэпцыі; варта, аднак, звярнуць увагу, што падобнае мэтавызначэнне было ўласцівае і падручніку Я.Новіка – Г.Марцуля [10, с. 5]. Рэзка супраць такіх фармулёвак выступаў П.Петрыкаў [17, с. 4 і інш.], які лічыў аб’ектыўную і дэідэалагізаваную гісторыю “метадалагічна” немагчымай. Можна прывесці шмат прыкладаў далейшага развіцця палажэнняў нацыянальнай канцэпцыі. Аўтары, якія прытрымліваюцца процілеглых інтэрпрэтацый, таксама працягваюць сваю актыўнасць. Асаблівы розгалас у грамадскай думцы атрымалі творы Я.Трашчанка [гл. найбольш вядомыя 12; 13]. Нарэшце, у рамках т.зв. “беларускай інтэлектуальнай прасторы” (часопіс “ARCHE Пачатак”, “Наша Ніва”, “Беларускі Гістарычны Агляд” і інш.) адбываецца спроба крытычнага прачытання нацыянальнай традыцыі. Аўтары гэтага кола маюць на мэце дастасаванне да беларускага матэрыялу дасягненні заходняй гуманітарнай думкі. Выдатны прыклад – манаграфія В.Булгакава [14], якая была вельмі неадназнач сустрэтая беларускімі гуманітарыямі (гл. напр. рэцэнзіі А.Казакевіча [15] і А.Ціхамірава [16]). Яе вывады выразна кантрастуюць з палажэннямі нацыянальнай канцэпцыі і наратывам, які распрацаваны прадстаўнікамі “Гістарычных ведаў”. Працэсы ўнутранай дыферсіфікацыі гісторыкаў могуць быць адзначаныя таксама і ў лагеры “Гістарычных ведаў”. Напрыклад, П.Петрыкаў, пішучы пра творы Я.Трашчанка, выказаў поўнае адабрэнне ягонаму тэксту, прысвечанаму перыяду да 1917 г., і цалкам не пагадзіўся з вывадамі што да гісторыі Савецкай Беларусі [17, с. 93]. Ён таксама звяртае ўвагу на “антырасійскія па сутнасці” выказванні, якія ўтрымліваюць іншыя падручнікі для вышэйшай школы (у тым ліку і падручнік Я.Новіка – Г.Марцуля). Некаторыя даследчыкі гэтага лагера таксама звяртаюцца да ідэй заходніх гуманітарыяў [гл. 18].

    Плюралістычнасць поля беларускай гістарыяграфіі (або: поля гістарычных ведаў) – знамянальнае сведчанне тых сацыякультурных працэсаў, якія маюць месца ў Беларусі пачынаючы з палітыкі перабудовы. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра дэмантаж найбольш адыёзных праяў сістэмы савецкага сацыялізму: панавання адзінай агульнаабвязковай ідэалогіі, партыйнага кантролю над сферай культуры.

    Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на досыць часта ўзнікаючае непаразуменне, калі дадзеную сітуацыю ў навуцы трактуюць як “анархію”, “блытаніну”, немагчымасць гісторыкаў выпрацаваць дакладныя ацэнкі і пад. У сапраўднасці, гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці.

    Гетэрагеннасць гістарычных ведаў належыць разглядаць як важнае дасягненне беларускіх гісторыкаў апошніх трох дзесяцігоддзяў (пасля 1985 г.) і як набытак беларускага грамадства. Нягледзячы на некаторыя эксцэсы ў гэтай сферы, прагрэс у параўнанні з савецкім перыядам відавочны. У гэтым сэнсе гістарыяграфія, з’ўялючыся складальнікам нацыянальнай культуры, дазваляе прасачыць яе актуальнае становішча, дынаміку пераўтварэнняў, бо гістарыяграфія залежыць ад агульнейшых змяненняў. Разам з тым, трэба меркаваць, што гістарыяграфія таксама спрыяе далейшым працэс дэмакратызацыі культуры, умацавання яе ўнутранай разнастайнасці.

    У гэтай сувязі варта прылучыць да разгляду праблемы вопыт замежных даследчыкаў. У 2013 г. уплывовае нямецкае паліталагічнае выданне “Aus Politik und Zeitgeschichte” выдала нумар, тэмай якога з’яўлялася інструменталізацыя гістарычнай навукі. Асабліва цікавым у кантэксце разгляданай праблематыкі з’яўляецца артыкул Б. фон Боррыса [19]. Аўтар засяроджваецца ў ім на вельмі істотных праблемах. У прыватнасці, кажучы пра інструменталізацыю гісторыі, ён асабліва падкрэслівае небяспеку ўзаемных папрокаў, бо “маралізатарства прыносіць мала” [19, S. 13]. Ён настойвае на тым, што пры адказе на важныя гістарычныя пытанні могуць існаваць розныя версіі – але ні ў якім разе не адзіная слушная трактоўка. На думку даследчыка, з прычыны прыналежнасці людзей да розных груп ідэнтычнасная канкрэтнасць, якая магла б рэзультавацца ў адзінай агульнапрызнанай версіі гістарычнага мінулага, немагчымая. “Падзеленая гісторыя” – нармальнае з’явішча для плюралістычна-гетэрагеннага грамадства.

    Прыклад узнікнення монакультуры ён адсочвае на гісторыі нямецкай школьнай дытактыкі прадмета [19, S. 14–17]. Гэтыя прыватнасці не ўяўляюць у кантэксце нашай тэматыкі значнага інтарэсу. Асноўны ягоны вывад можна сфармуляваць наступным чынам: пры нармальнасці выражэння ў рамках гістарычнага тэксту розных інтарэсаў, павінны быць інстытуцыі (школа, парламент, універсітэт, урад), якія б прытрымліваліся “нейтралітэту і аб’ектыўнасці”, ці, паводле аўтара, – “максімальнай інтэрсуб’ектнасці і кантралявальнай праўды” [19, S. 18].

    Актуальны modus vivendi ў беларускай гістарыяграфіі, трэба меркаваць, з’яўляецца вынікам складаных працэсаў як у беларускім грамадстве, так і ва ўласна гістарычнай навуцы. У другой палове 1990-х – пачатку 2000-х гг. канчаткова склаліся ўмовы, якія вызначаюць сёння змест падручнікаў па гісторыі, прастору магчымага ў рамках навуковых манаграфій і г.д. Бясспрэчна, у Беларусі склалася плюралістычная гістарыяграфіі – гісторыкі маюць магчымасць даволі вольнага выказвання наконт беларускага мінулага.

    Сёння праблема варыянтнасці гістарычнага наратыву ва Усходняй Еўропе зноў актуалізуецца. Можна ўпамянуць у гэтай сувязі, напрыклад, нядаўнія спрэчкі вакол увядзення ў Расіі адзінага школьнага падручніка па гісторыі [гл. напр. 20], а ў якасці ўзору прапануецца савецкі вопыт, калі гісторыкі прытрымліваліся “даволі дакладнай пазіцыі” [21, с. 315]. У Беларусі падобных вострых дыскусій у апошнія гады не адбылося, але гэта, натуральна, не значыць, што ў беларускім грамадстве склаўся кансэнсунс вакол базавых вартасцей, якія павінны адлюстроўвацца ў гістарычным тэксце (параўн. вывады асобных аналітыкаў пра наяўнасць эстэтычнага канфлікту ў беларускім грамадстве [22, с. 12–13; гл. таксама 23]). Ва ўмовах захавання і канкуравання розных праектаў беларускай ідэнтычнасці (найлепш апісаных, па ўсім відаць, Р.Ёфэ [24]) Зразумела, падобнага роду цяжкасці ў першую чаргу ўласцівыя краінам з недастатковай дэмакратычнай традыцыяй, вопытам існавання ў гетэрагенным грамадстве і г.д.: у дэмакратычных краінах “занадта бадзёрая грамадскасць, занадта моцная ўлада медыяў, занадта плюральны дыскурс дысцыпліны” [25, S. 8]. І калі мы адносім Беларусь да краін з пераходным грамадскім ладам, то дадзеная праблема не павінна знікнуць з актуальнай грамадскай павесткі – праблема захавання магчымасці свабоднага выказвання ў рамках гістарычнай навукі і шырэй – поля вытворчасці гістарычных ведаў.

    Літаратура:
    1. Лінднер, Р. Нязменнасць і змены ў постсавецкай гістарыяграфіі Беларусі / Р. Лінднер // Кантакты і дыялогі. – 1996. – №3. – С. 20–25.
    2. Ермалович, М. «…Нареклися кривичи и дреговичи…» / М. Ермалович // Неман. – 1980. – №9. – С. 183–188.
    3. Біч, М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь / М. Біч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1993. – №1. – С. 15–24.
    4. Браточкин, А. Историческая наука в Беларуси после 1991 года: кризис марксистской методологии и поиск новых теоретических оснований / А. Браточкин // После советского марксизма: история, философия, социология и психоанализ в национальных контекстах (Беларусь, Украина) / сост., науч. ред. О.Н. Шпарага. – Вильнюс: ЕГУ, 2013. – С. 11–49.
    5. Новік, Я. Пісаць і выкладаць праўдзівую гісторыю, а не ствараць новыя міфы / Я. Новік // Беларуская думка. – 2000. – С. 157–164.
    6. Котов, И.С. Влияние политической конъюнктуры на изучение истории / И.С. Котов // Методологические проблемы исторической науки: Сб. статей по материалам междунар. науч. конф. (Минск, 29 сентября – 1 октября 1992 г.). – Минск: БГУ–БИЖ, 1993. – С. 61–64.
    7. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. – Мінск: Беларусь, 1994. – 527 с.;
    8. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 2. – Мінск: Беларусь, 1995. – 560 с.
    9. Гісторыя Беларусі: У 2-х ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мінск: Універсітэцкае, 1998. – 416 с.
    10. Гісторыя Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. Люты 1917 г. – 1997 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мінск: Універсітэцкае, 1998. – 464 с.
    11. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. – Мінск: Экаперспектыва, 2000. – 351 с.
    12. Трещенок, Я. И. История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 1: Досоветский период / Я. И. Трещенок. – Могилев: МГУ имени А. Кулешова, 2004. – 294 с.
    13. История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 2. / Я. И. Трещенок [и др.]; под ред. Я. И. Трещенка. – Могилев: МГУ имени А. Кулешова, 2005. – 310 с.
    14. Булгакаў, В. Гісторыя беларускага нацыяналізму / В. Булгакаў. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. – 326 с.
    15. Казакевіч, А. Яшчэ адна гісторыя пра беларускі нацыяналізм / А. Казакевіч // ARCHE-Пачатак. – 2007. – №7–8. – С. 5–22.
    16. Ціхаміраў, А. Гісторыя беларускага нацыяналізму без нацыяналізму / А. Ціхаміраў // Беларускі Гістарычы Агляд. – 2006. – Т. 13, Сш. 2. – С. 420–440.
    17. Петриков, П.Т. Очерки новейшей историографии Беларуси / П.Т. Петриков. – Минск: Белорусская наука, 2007. – 290 с.
    18. Исторический поиск Беларуси: альманах / Сост. А. Ю. Бендин. Минск: Экономпресс, 2006. — 416 с.
    19. Borries, B. von. Zurück zu den Quellen? Plädoyer für die Narrationsprüfung / B. von Borries // Aus Politik und Zeitgeschichte. – 2013. – 14. Oktober. – S. 12–18.
    20. Портнов, А. Учебник истории по госзаказу / А. Портнов // Ab Imperio. – 2013. – №3. – С. 388–396.
    21. Курилла, И. Лоскутное одеяло истории или историческое сообщество в эпоху политизации его академического поля / И. Курилла // Ab Imperio. – 2013. – №2. – С. 298–326.
    22. Эксперимент продолжается… Интервью с Палом Тамашем // Топос. – 2011. – №2. – С. 9–21.
    23. Горных, А. Интеллигенция и эстетика антикоммунизма / А. Горных // Топос. – 2011. – №2. – С. 28–37.
    24. Ёфэ, Р. Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя / Р. Ёфэ // Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце / Пад рэд В. Булгакава. – Варшава: Вышэйшая школа гандлю і права імя Р. Лазараскага, 2006. – С. 149–164.
    25. Sabrow, M. Geschichte als Instrument: Variationen über ein schwieriges Thema / M. Sabrow // Aus Politik und Zeitgeschichte. – 2013. – 14. Oktober. – S. 3–11.

    4 комментария

    avatar
    Навошта публікаваць на маргінальных сеціўных пляцоўках навуковыя даклады?

    Я не думаю, что здесь кто-то против белорусской культуры или языка, даже среди про-московских казачков.

    Но Вы всерьез думаете, что кто-то будет читать текст если Вы его начинаете с оскорбления ресурса (пусть даже если Брама действительно 30 раз является маргинальной)? Это как прийти к кому-то в гости и начать «ты дурак, но я с тобой так и быть поговорю».

    Не находите?
    0
    avatar
    упс. пра гэта нават не думаў. а што кепскага ў маргінальнасці? ці проста слова сапраўды абразлівае?
    магчыма, варта падабраць сінонім, сапраўды
    але я меў на ўвазе, што пра Браму мала ведаюць, здаецца:) прынамсі пішуць мала на мейнстрымных беларускіх пляцоўках
    0
    avatar
    Ну так по-разному ж воспринимается. Учитывать надо.

    Скажите хотя бы «аматарскi» (забыл на секундочку как это по-русски...)
    +2
    avatar
    па-рознаму, праўда:) як на мой густ, аматарскі абразлівейшы прыметнік, як маргінальны:)
    проста прыбяру прыметнік. асноўны націск павінен быць не на характарыстыцы сайта:)
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.