Литература
  • 313
  • Апошняя зброя (працяг).

    Працяг. Пачатак па ссылцы bramaby.com/ls/blog/literature/6596.html

    Апошні удар МДБ



    Лёс Міхала быў не зайздросны. МДБ ніколі не забывала сваіх былых супрацоўнікаў, яны купаліся ў раскошы, і не фармальныя сувязі, рабілі іх гэтакімі паўбагамі, якім шмат што дазвалялася і даравалася. Але розныя “сэксоты”, добраахвотныя і не вельмі даносчыкі і шпегі мелі іншыя прывілеі. Як адпрацаваны матэрыял, яны выштурхоўваліся на узбочыну жыцця і не цікавілі больш нікога. Але Міхась быў каштоўным адпрацаваным матэрыялам. Як адпрацаванае ядзернае паліва, з Астравецкай АЭС, захоўвае небяспечную радыяцыю, так і Міхал працягваў уяўляць для МДБ пэўную небяспеку, хоць і страціў сваю карыснасць. Шлях для яго быў адзін – у працоўныя лагеры.

    Тым часам кіпела напружаная чэкістская праца. У лабараторыях МДБ смажылі, варылі, выпрацоўвалі тысячы ін’екцый з носьбітамі Віруса СН351 – такі шыфр атрымаў новы ўдасканалены штам. Адначасова Палата Адстаўнікоў прыняла новы закон аб абавязковым прычаплянні ўсіх жыхароў краіны ад “свінкі”. І закруцілася кола: сябры Западнарускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі абвясцілі аб дачасным выкананні плана па прышчэпкам; міністр аховы здароўя перад тэлекамерамі падкасвае рукаў; намеснікі старшынь калгасаў па ідэалагічнай працы рапартуюць аб стоадсоткавым ахопе працаўнікоў; у паліклініках выстройваюцца чэргі па асаблівую даведку на працу; школьныя настаўнікі ходзяць па кватэрах і перапісваюць усіх тат, мам, дзядуляў і бабулей якія не прышчапіліся і могуць уяўляць пагрозу для сваіх малых; фармзаводы не спраўляюцца з попытам устаноў на прэпарат і працуюць ў тры змены.

    Праз вельмі кароткі час, кампанія была фактычна завершана, мала хто з жыхароў краіны аказаўся не прышчэплены. Па справаздачах статыстычнага камітэта ахоп прышчэпленых склаў прыкладна 114 адсоткаў, што не дзіўна, гледзячы на энтузіязм народу.
    МДБ мог быць задаволены – план не толькі выконваўся, ён перавыконваўся. З беларусчынай павінна быць скончана. І сапраўды, пасля шаленства з прышчэпкамі, пачалася сапраўдная эпідэмія алергіі. Шпіталі і паліклінікі зноўку былі перапоўнены. Жыхары краіны скардзіліся на розныя сімптомы алергічнай рэакцыі, адзначаліся і смяротныя выпадкі. Злыя языкі звязвалі гэта з кампаніяй імунізацыі, якая толькі-толькі скончылася, але МДБ гэтыя языкі ўмомант укараціла, а ў грамадстве штучна пачалі распаўсюджвацца чуткі аб новай дыверсіі так званага “беларускага падполля”. Парады дзяржаўных прапагандыстаў і дактароў алерголагаў былі аднолькавымі – каб пазбегнуць алергіі, трэба цалкам пазбавіцца беларускай мовы, нават ва ўспамінах. Ні кроплі беларускасці. Беларускасць не толькі не модна, але і небяспечна для здароўя, яна нясе цяжкае захворванне з лятальным зыходам. Беларускія бандыты ў парыву бязсільнай лютасці вырашылі знішчыць ўсё насельніцтва Севера-Западнага краю і распаўсюджваюць гэтае цяжкае захворванне, супраць якога можа выстаяць адно саборнасць, салідарнасць народа і вера ў адзіна абранага Прэзідэнта.

    Ідэалагічны шал набіраў абароты, сыпаліся новыя даносы, а шпіталі лекавалі захварэўшых падручнікамі рускай мовы і цытатнікамі Першага Прэзідэнта. Перамога была недалёкай. Параза супраціўніка павінна быць поўнай і безумоўнай. Месяц за месяцам упэўненасць функцыянераў МДБ у перамозе расла, як нечакана здарылася нечуванае – беларусы адважыліся на ўзброены выступ.

    Вірус наступае



    Штурмавая група паўстанцаў, праз лёхі каналізацыі прабіралася да цэнтра сталіцы. Наперадзе ішоў разведузвод, які выяўляў рознага роду пасткі і міны сюрпрызы. Чым бліжэй да Цэнтра рухалася група, тым больш было розных неспадзевак. Інжынеры газавымі разакамі шаткавалі жалезныя краты і суплёты калючага дроту. Разбіралі завалы. Небяспека чакала за кожным паваротам, за тры дні працы, загінула ўжо восем чалавек, а атрад прадзвінуўся толькі на траціну. Цяжэй за ўсё прыходзілася, калі сустракаліся камеры відэаназірання, ці датчыкі руху, у такім выпадку збіраўся экспрэс-савет, і камандзіры свецячы ліхтарамі на самаробныя мапы падзямелля вырашалі, ці магчыма абысці небяспечны ўчастак, а калі не, то як абхітрыць электроніку. І тым не менш, недзе адбыўся пракол, і на чацвёрты дзень у сутарэннях распачаўся сапраўдны бой з байцамі спец прызначэння МДБ.

    У цемры і цеснаце каналізацыйнага калектара ўсчалася шалёная страляніна. Спецназаўцы наваліліся з бакавога адгалінавання. З прыборамі начнога бачання, лазернымі мэта указальнікамі, яны як здані вынырвалі ў самых неспадзяваных месцах і расстрэльвалі паўстанцаў. Сярод інсургентаў спачатку ўсчалася паніка, але праз некалькі хвілін камандзіру групы атрымалася апанаваць сітуацыю. Некалькі святлошумавых гранат з боку паўстанцаў, выраўноўваюць становішча бакоў, спецназ быў вымушаны адмовіцца ад прыбораў начнога бачання, бо яны сляпілі сваіх уладальнікаў. Сутыкненні працягваліся ў цемры праразаемай промнямі тактычных ліхтароў і лазерных мэтауказальнікаў. Атрад паўстанцаў блакаваны і рассечаны на дзве няроўныя часткі, здавалася быў асуджаны. Камандзір групы прыняў рашэнне падымацца на паверхню і прабівацца да тэлерадыё цэнтра ( а менавіта ён быў мэтай паўстанцаў ) па вуліцах горада.

    Тузін ацалелых байцоў праз люк выбраліся на дзённае святло. У сутарэннях працягвалася боесутыкненне, але вуліцы горада ў межах правядзення аперацыі зачысткі таксама былі аточаны вайскоўцамі. Вылазка была асуджаная на правал.

    Невялікая група выратаваўшыхся паўстанцаў ліхаманкава збірала нейкі прыбор.
    — Браць жывымі! – пачуўся адрывісты загад і да паўстанцаў кінуліся вайскоўцы з толькі што пад'хаўшага БэТэРа.
    Камандзір паспеў націснуць на кнопку прылады, і з моцай 150 дэцыбел паветра ўзрушылі гукі музыкі-песні. Пасля хвіліннага замяшання, вайскоўцы схапіліся за галовы, іх ванітавала, вадзіла ў бакі, трэсла. Некалькі салдатаў страцілі прытомнасць, астатнія курчыліся на зямлі. БТР неспадзеўкі набраў хуткасць і ўрэзаўся ў мур шматпавярховіка. Камандзір вайскоўцаў ні чым не адрозніваўся ад сваіх падначаленых і ўкленчыўшы ванітаваў на асфальт.

    Паўстанцы, паспеўшыя надзець слухаўкі, адходзілі ад здзіўлення (а ніхто з іх не чакаў такога выніка). Ачомаўшыся байцы пачалі грузіць свой цуда-апарат на прыпаркаваны побач аўтамабіль. З дынамікаў не спыняючыся ліліся старадаўнія патрыятычныя песні пачынаючы ад “Магутнага Божа” і да “Каляды” Песняроў. Адмысловую складанку сфармаваў сам Філістовіч. Дзе толькі было магчыма, паўстанцы збіралі аўдыязапісы песняў і вершаў на беларускай мове. Мала засталося гэтых артэфактаў, тым не менш, удалося скампанаваць некалькі кружэлак, якія былі капіяваны ў некалькіх сотнях асобнікаў. Інсургенты расчуліўшыся вырашылі назваць дыскі “Песні свабоды” і слухалі іх на сваіх плэерах. Некалькі песень на вершы не вядомых паэтаў, былі запісаны нават самімі паўстанцамі. І вось цяпер, гэты патрыятычна-папсовы венігрэд гучаў над вуліцамі Мінска.

    Аўтамабіль з пагружаным на яго ўзмацняльнікам каціў па вуліцы. Салдаты ўнутраных войскаў, цалкам дэмаралізаваныя музыкай і песнямі покатам ляжалі ўздоўж маршрута інсургентаў. Нешматлікія стрэлы, якія гучалі ўслед машыны паўстанцаў, не маглі іх спыніць. Зносячы нешматлікія перашкоды і шлагбаўмы, рассоўваючы цывільныя машыны, кіроўцы якіх вылупіўшы вочы, у канвульсіях ці сутыкаліся адзін з адным, ці спыняліся сярод дарогі, паўстанцы прабіваліся да тэлецэнтра.

    Машына з ўзмацняльнікам засталася каля ўвахода, з дынамікаў у чарговы раз разносілася “Беларусь мая шыпшына…”, ад якой лопаліся перапонкі. Пакінуўшы аднаго байца ахоўваць гэты цырк, з застаўшыміся паўстанцамі камандзір атрада кінуўся да будынка. Расстраляўшы бездапаможных дзяжурных міліцыянераў яны накіраваліся да апаратнай.

    У пакоі адкуль вялося вяшчанне галоўнага тэлеканала краіны знаходзілася некалькі інжынераў. Песні якія грымелі навокал будынка, тут былі ледзь чутнымі і ўсе інжынеры былі ў найлепшым фізічным стане. Пад рулямі зброі іх не давялося доўга пераконваць у неабходнасці пусціць ў эфір відэарад з флэшкі, якую прадставілі нападнікі. На ўсю краіну, у рэжыме нон-стоп, пачала транслявацца нарэзка з мноства кліпаў, фрагментаў фільмаў, мастацкіх і дакументальных, інтэрв’ю і публіцыстыкі, ўсяго, што толькі змаглі знайсці паўстанцы на беларускай мове, што не загінула канчаткова, і захавалася ў схронах і на сметніках.
    Краіну ахапіў паралюш.

    Кожны, хто меў неасцярожнасць, уключыць ў гэты час тэлевізар, атрымоўваў зарад алергенаў, якія уключалі механізм віруса СН351. Людзей калаціла і кідала вобмаль, галовы раскалваліся і арганізм даваў збой. Як на зло, трансляцыя прыпала на вечар, і людзі заспетыя ля тэлевізара масава падпадалі пад уздзеянне варожай прапаганды. Дыверсія закранула шмат людзей, але ўсё-ткі найменшую іх частку, не ўсе глядзелі тэлевізар, тым больш дзяржаўны канал. Большыя страты нанесла тое, што трансляцыя стала сігналам для дзеяння БКА па ўсёй краіне, асабліва ў сталіцы. Як тараканы з ўсіх шчэлак павылазілі недабіткі-калабаранты, і ўсе былі ўзброены магутнымі ўзмацняльнікамі і дынамікамі, гэта, так бы мовіць, была іх калектыўная зброя. Шмат хто з нацыяналістычных бандытаў былі ўзброены мегафонамі, з якіх, прама ў твар грамадзянам, лаяліся беларускай мовай. Ні водзін чэсны чалавек не мог гэтага вытрымаць, і сотні захопленых з знянацку сапраўдных патрыётаў проста страцілі розум. Заходнюю Русь чакала не простая ноч.

    Урад, Савет Бяспекі ўжо трэці час засядалі ў адмысловым бункеры. Па ўсёй краіне па трывозе былі паднятыя войскі, калоны танкаў і БМП рухаліся да сталіцы і буйных гарадоў. Інфраструктура краіны і дзяржавы сур’ёзна пацярпелі. Міліцыя часткова была дэмаралізаваная, дзяржаўныя ўстановы не функцыянавалі, прадпрыемствы ўсёй краіны засталіся без працаўнікоў. Шпіталі перапоўнены, грамадзяне пагалоўна выведзены з ладу. Выкарыстоўваючы фактар нечаканасці, паўстанцы ў ноч першага ўдару захапілі ўсе тэлерадыёцентры краіны. Эфір цалкам запаланілі дэмаралізуючыя насельніцтва песні, прамовы і кліпы. Байцы спецназу расквартаваныя ў сталіцы не здолелі аказаць супраціву паўстанцам і ўжо ў першыя часы бітвы былі знішчаны ўдарамі ўзмацняльнікаў і мегафонаў. Сталіца была цалкам захоплена інсургентамі, і толькі войска часткова не страціла баяздольнасці. Ізаляваныя ад радыё і тэлевізара салдаты, нават увогуле не ведалі, што адбываецца ў краіне, і толькі некаторыя афіцэры патрапілі пад удар. У цэлым войска было здатнае да баявых дзеянняў і вайсковыя калоны спяшаліся на дапамогу.

    Паўстанцы таксама не спалі ў шапку. Па ўсяму гораду на апоры асвятлення мантаваліся дынамікі. Мабілізаваныя электрыкі сталічных прадпрыемстваў сувязі, пад пагрозай выкарыстання беларускай мовы, працягвалі дрот і паялі ўзмацняльнікі. Вельмі хутка Мінск аблытала сістэма гучнай сувязі. Усе дынамікі апавяшчэння Грамадзянскай абароны былі зарэзерваваны для апошняга бою. Брыгады маляроў размалёўвалі беларускамоўнымі лозунгамі ўсе платы і муры будынкаў, нават проста на асфальце масленай фарбай пісалі “Улада народу”. Нельга было па гораду і кроку ступіць, каб вочы не ўпіраліся ў які не будзь надпіс. Насельніцтва горада ад гэтых графіці цярпела не менш чым ад гукаўзмацняльнікаў, і людзі імкнуліся ўвогуле не выходзіць на двор. Усе сядзелі па сваіх хатах і чакалі развязкі.

    А развязка была побач.
    Першыя падраздзяленні танкаў і БТР ўвайшлі ў горад з трох напрамкаў. Адразу, месцамі ўтварыліся заторы з вайсковай тэхнікі. Інжынерныя машыны разгароджвання расцягвалі спехам пабудаваныя барыкады. Павольна, але няўхільна механізаваныя батальёны прасоўваліся да ўрадавага квартала. Нешматлікія стрэлы з РПГ і актыўнасць снайпераў паўстанцаў не маглі спыніць бранявой калоны. Тры лепшыя брыгады войска Заходняй Русі ўцягваліся ў загатаваную інсургентамі пастку. З інтэрваламі ў некалькі дзясяткаў хвілін, над хвастамі калон урадавых войскаў падняліся ў паветра сігнальныя ракеты, а неўзабаве і над прэзідэнцкім палацам узляцела чырвоная звёздка. Услед за гэтым, у адзін момант, былі ўключаны ўсе гукаўзмацняльнікі і дынамікі горада.

    Беларускамоўны лямант запаланіў сталіцу. Сотні дэцыбел прапаганды і ілжы абрынуліся на вайскоўцаў. Але генералы Генеральнага штаба не дарма елі свой хлеб з ікрой, перад самым наступам, салдатам выдалі слухаўкі і бірушы. Канешне, гэтыя прадметы амуніцыі не прадугледжваліся ні якімі статутамі, тым больш што іх паспелі сабраць не шмат, і асноўнай масе салдат проста запіхалі ў вушы звычайную медычную вату. Грукат рухавікоў і камы ваты не маглі заглушыць рова дынамікаў Грамадзянскай абароны. Але і тут выкруціліся, адзін капітан здагадаўся аддаць загад аб стральбе з буйнакаліберных кулямётаў – іх ляскат надзейна заглушыў варожую прапаганду. Капітану адразу прысвоілі званне маёра, а войскі атрымалі адпаведны загад. Тым не менш, чым глыбей у нетры горада уцягваліся калоны, тым больш узрастаў супраціў. Усе вольныя паверхні будынкаў і дарог былі апісаны нацыяналістычнымі лозунгамі. Хоць салдаты і намагаліся не чытаць іх, але неўсвядомлена кінуўшы погляд на яркі надпіс мозг сам таго не жадаючы ўспрымаў змешчаную там інфармацыю. Гэта мела фатальныя наступствы. і БМП з танкамі, то там, то сям спыняліся ці таранілі адзін-аднаго. Актывізаваліся і баявікі, якія з верхніх паверхаў будынкаў, дзе з РПГ, а дзе проста кактэйлем Молатава падпальвалі баявыя машыны. Мота стралкі, якія высадзіліся з бронятранспарцёраў апынуліся яшчэ больш адчувальнымі да візуальнай дыверсіі, і клаліся амаль штабелямі. Аперацыя захлыналася, стала зразумела, што глухія і сляпыя механікі-кіроўцы не дадуць рады ў выкананні загада. Наземная фаза аперацыі правалілася.

    У той час калі на вуліцах сталіцы ішла няроўная бітва, і урадавыя войскі цярпелі паразу, у паветра была паднятая баявая авіяцыя. Пілоты атрымалі загад знішчыць рэтранслятары, антэны і будынкі аб’ектаў сувязі і тэлерадыёкамунікацый. Налёт павінен быў быць неспадзяваным і імклівым. Першыя бомбы і ракеты ляглі трапна, не абышлося і без прамашак – пацярпелі цывільныя будынкі.

    Але што гэта! Спачатку адзін, а потым і іншыя самалёты, страчвалі арыентацыю, сутыкаліся з хмарачосамі і пікіравалі на вуліцы горада, пасільваючы хаос які ўладарыў на зямлі. Над Мінскам у некалькіх месцах віселі гіганцкія лазерныя лозунгі “Жыве Беларусь!”. Паўстанцы ў папярэднія дні захапілі некалькі лазерных прылад, якія на радасць разявак, у дні парадаў і дзяржаўных свят праецыравалі на небе розныя патрыятычныя выявы, і вось цяпер, перапраграмаваныя, яны сляпілі ненавіснымі лозунгамі пілотаў.
    Бітва за сталіцу урадавымі войскамі была цалкам прайграная.
    Да захопу паўстанцамі ўсёй краіны заставаліся лічаныя дні.

    Кропка



    Прэзідэнт сядзеў у фатэлі ля каміна. Згаладалыя міністры ласаваліся тушонкай з ускрытых бляшанак. У кабінеце гаспадара было цёпла і ўтульна. Запасаў ежы і паліва павінна хапіць яшчэ на паўгода. Але ці ёсць сэнс… Ці ёсць сэнс надалей трываць блакаду? Сакратар Савета Бяспекі меў рацыю калі ўгаворваў яго ляцець у Маскву і адтуль кіраваць супрацівам. Рашэнне заставацца ў краіне, у гэтым прэзідэнтскім бункеры ў Астрашыцкім Гарадку, было памылкай. Жадаў як лепш — быць сярод паплечнікаў, асабіста кіраваць падаўленнем рэвалюцыі… І на табе…

    Разам з кабінетам міністраў, пад аховай найлепшых байцоў з службы бяспекі прэзідэнта, колішні гаспадар краіны ўжо трэці месяц трымаў аблогу ў падземных казематах. Добра, што хоць сямейнікаў атрымалася эвакуяваць. Абодва браты таксама паспелі збегчы да Масквы, але ці пераканаюць яны братскую краіну пачаць інтэрвенцыю? І чаму яны гэтага не зрабілі адразу? А што рабіць мне? Так, невясёлыя думкі круціліся ў галаве правіцеля.

    Прэзідэнт не ведаў, што Трэцяму Рыму было не да яго. Уздоўж усёй мяжы з Беларуссю (колішняй Заходняй Руссю) тэрмінова будаваўся вялізны гукапаглынаючы мур і ўзводзіліся фартыфікацыйныя збудаванні. Крэмль рыхтаваўся да абароны ад Заходніх плутакратый, які дзякуючы раптоўнай перамозе ў Заходняй Русі тамтэйшай Трэццяй калоны, з ліку мясцовых апазіцыянераў, гранічна блізка наблізіліся да Масквы.

    Аточаныя з усіх бакоў, абаронцы бункера не палохаліся гукаўзмацняльнікаў паўстанцаў. Вядома, ні хто з наймацнейшых свету гэтага, не прышчэпліваліся вірусам. Ахова прэзідэнта таксама была вызвалена ад гэтай працэдуры, гэтым людзям давяралі цалкам. І толькі цяпер сталі асэнсоўваць, што пагалоўная вакцынацыя, на тле патрыятычнага шалу, была празмернай. Асабліва згубным, было прышчапленне віруса міліцыі і войску. Толькі хто ж ведаў, што паўстанцы распрацуюць супрацьвірусны антыдот. Яго не здолелі распрацаваць нават у лабараторыях МДБ, лекаў проста не існуе, як і лекаў ад СНІДу. Але позна плакаць. Трэба шукаць выйсце з гэтага становішча, трэба нешта прыдумаць.

    — Я прызнаю паразу. Я здаюся.
    — Спадзяюся на вашу літасць. Вы перамаглі.
    Былы прэзідэнт, з сваім атачэннем, у фае бункера сустракаў дэлегацыю парламенцёраў. на чале з Філістовічам. Яшчэ шэсць тыдняў аблогі давялі бессэнсоўнасць далейшага супраціўлення. Краіна была цалкам захоплена інсургентамі і ўжо пачаліся незваротныя перамены на карысць новай улады. Крэмль даў зразумець, што пачынаць узброены канфлікт першым не будзе, надзеі на паўстанне адданых прыхільнікаў не было.

    Прэзідэнт згадзіўся на капітуляцыю. Пасля ўсіх фармальнасцей і падпісання адпаведных дакументаў, перад тым як пад аховай паўстанцаў змяніць кабінет на турэмную камеру, прэзідэнт падышоў да Філістовіча.
    — Як? Як у вас атрымалася распрацаваць лекі? Гэта ж не магчыма! І што далей вы будзеце рабіць з вірусам?
    — Вельмі проста. Лекаў супраць віруса сапраўды не існуе, але рэч у тым, што СН351 распрацаваны на аснове віруса грыпу, і як супраць грыпу ў чалавека можа быць імунітэт, так можна выпрацаваць імунітэт і супраць СН351. Дзейнасць віруса накіраваная, на падкорку галаўнога мозгу, якая адказвае за мову. Накіраваны вірус супраць валодання беларускай мовай, значыць і імунітэт трэба выпрацоўваць праз беларускую мову. Усё геніяльнае проста! На чалавека які валодае беларускай мовай дасканала, вірус дзейнічае як звычайная прастуда. На тых хто не ведае ні якой іншай мовы, акрамя беларускай, СН351 не дзейнічае ўвогуле. Усё залежыць толькі ад стану валодання беларускай мовай. Беларускамоўная адукацыя: дзіцячыя садкі, школы, універсітэты – вось лекі супраць віруса! Лечыцца і вірус бяспамятства. Адсёння, настаўнік — першы чалавек ў краіне.

    0 комментариев

    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.