Литература
  • 1644
  • Той, хто мае голас



    Альгерд Бахарэвіч

    У Менску пачаўся зьезд саюза белпісьменьнічкаў.

    Чамусьці ягоныя члены дужа ганарацца, што належаць да «найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі». Ніколі не разумеў, што тут такога пачэснага — саюз быў створаны ў сталінскія часы, рэпрэсіі ў 1933-1934 ужо ішлі ваўсю, і сам саюз быў патрэбны, каб трымаць літаратуру пад татальным кантролем сталінскай сыстэмы. Але традыцыя для СБП — гэта сьвятое. І адзінае, што ён мае.

    У 2012 годзе ў Гамбургу я глядзеў відэатрансьляцыю аднаго такога зьезду — тое, што адбывалася на экране, то прымушала ад душы рагатаць, то выклікала ванітоўны рэфлекс, то наводзіла на думкі, што бедная мая радзіма зноў правалілася ў 1930-я. Я тады выйшаў з саюзу — і лічу, што гэта адно з самых правільных рашэньняў, прынятых мной у жыцьці. Як ні ўгаворваў мяне новаабраны старшыня — я не паддаўся. Няма там чаго рабіць вольнаму чалавеку.

    Вонкава саюз — «незалежная грамадзкая арганізацыя», сутнасна — той самы рамесьніцкі цэх па выпрацоўцы канфармізму і пустаслоўя. Ерархічны да непрыстойнасьці: аблізваць старых і падазрона ставіцца да любых праяваў іншадумства тут закон і норма. Саюз белпісьменьнічкаў — піраміда, на вяршыні якой фармальна сядзяць багі: жывыя і паўмёртвыя старэнькія дзядкі з савецкімі мазгамі, прыпраўленымі тупаватым нацыяналізмам. Крыху ніжэй — жрацы, сапраўдныя гаспадары гэтай мёртвага царства, якія ціха і сьціпла арганізуюць богаслужэньні, а насамрэч употай кіруюць працэсам. Далей ідзе самая шматлікая праслойка — графаманы, яшчэ ніжэй — моладзь, якую выхоўваюць у духу вернасьці традыцыям, то бок дзядкам (зь пераменным, штопраўда, посьпехам). Можна і інакш апісаць ерархію: мужчына-пісулькін тут заўжды вышэйшы за любую жанчыну, стары мужчына-пісулькін вышэйшы за ўсіх мэ і жо, ну, а мёртвы мужчына-пісулькін — ікона, на якую ўсе моляцца. Старажытны дрымучы патрыярхат… Пры гэтым яшчэ і нейкі парткомаўскі. Кабінэтны. Калі «чырвоны чалавек» у Беларусі яшчэ недзе вядзе рэй, дык гэта тут, у сбп. Само іхнае слова «зьезд» патыхае саўком. Як і ўвесь гэты даўно памерлы арганізм, які спрабуюць выдаць за жывы з дапамогай гучных рытуальных крыкаў і сучаснай аздобы.

    Палітычна саюз белпісьменьнічкаў — выразна права-кансэрватыўны. Традыцыі, нацыя, здаровыя каштоўнасьці, манія велічы, настальгія, той самы патрыярхат, а творчыя ідэалы дагэтуль — Blut und Boden. Сярод ягоных членаў сустракаюцца сапраўдныя нацыкі, але нікому і ў галаву не прыходзіць гэта прызнаць. Наогул, яны там вельмі нэрвовыя. Ніхто так часта не называў мяне хунвэйбінам, як члены сбп. Падабаецца ім кітайская мова, што паробіш. Іншыя члены то прыбіць мяне абяцаюць, то заклікаюць зрабіць гэта іншых, а нядаўна адзін член сказаў, што паміж мной і нейкім гарашчэнем няма ніякай розьніцы. Гэта сапраўдны ўзровень іх палемічных здольнасьцяў.

    Вядома, ёсьць сярод некалькіх сотняў членаў сбп і дзясятак-другі цікавых аўтараў і прыстойных людзей. Напэўна, для мяне назаўжды застанецца загадкай, што яны там забылі. Нядаўна ў сбп уступіла таленавітая паэтка Сабіна Брыло, чым дужа мяне засмуціла — хоць, думаю, вершы яе горшымі ад гэтага ня зробяцца. Але і лепшымі таксама. Літаратура і сбп перасякаюцца занадта рэдка…

    Кажуць, «зьезд» прыме рэзалюцыю па Курапатах — тых, дзе людзей забівала савецкая ўлада, якая і стварыла некалі гэты самы сбп. Кажуць, і пра дармаедаў на зьезьдзе пагавораць — не пра тое, канечне, што ганебны царскі "ўказ" трэба скасаваць, а пра сваю саўковую крыўду: чаму гэта нас не ўключылі ў сьпіс «асобенных», дармаеды — гэта тыя, хто ня член, а мы, члены, творчая інтэлігенцыя. Цікава таксама, якіх ворагаў беларушчыны «зьезд пісьменьніцкага кпсс» адкапае гэтым разам. Ім бяз ворагаў нельга.

    Чым займаўся сбп апошнім часам? Шмат чым. Напрыклад, выпраўляў у Швэцыю сваіх графаманаў — адпачыць, набрацца сілаў. У Вісбю ёсьць кніга, дзе пісьменьнікі пакідаюць свае водгукі пра Цэнтр пісьменьнікаў і перакладчыкаў. Самыя шматслоўныя і бяздарныя запісы ў ёй зробленыя беларусамі. Яны і праўда лічаць, што сюды пасылаюць за выслугу лет, у санаторый. Зрабіць другой прэміяй Гедройця паездку ў Вісбю было сыстэмнай памылкай саюзу — хто ж мог падумаць, што другое месца тройчы дастанецца менавіта мне? Але трэба аддаць належнае сбп — ён хутка зарыентаваўся, калі ў паветры запахла нобэлеўскай славай. Партыйнае «ура» гучала з усіх шчылін. А яшчэ цікава, хто ж там цяпер узначаліць «найстарэйшую». Ведаючы іхныя густы і патрэбы, я "ў прэдвкушэніі".

    Я пішу ўсё гэта спакойна і з усьмешкай. Я — не арганізацыя, я нікога не прадстаўляю і нікога не ўзначальваю, я ўсяго толькі маленькі злаязыкі аўтар, у мяне няма ні рэсурсаў, ні блату, ні месца ў чарзе на кніжку, ні членскага білету, ні месца ў іхных ерархіях. Я ня член, я проста літаратар. Усё, што я маю, я маю без усялякіх сбп. Фэстывалі, пераклады, выступы, запрашэньні, стыпэндыі, канфэрэнцыі, вузкае кола разумных чытачоў, праекты, трошкі сумнеўнай славы, рэпутацыя «не для ўсіх» і мае кніжкі. Мне ня трэба падпоркі, рэзалюцыі і «зьезды», каб пісаць тое, што я хачу. Я сам па сабе. Яны самі па сабе. Урэшце, сьвет абыдзецца і безь мяне, і бязь іх. І наогул безь літаратуры. Ужо зусім хутка.

    Фамілія? Пісулькін. Выйдзі вон.

    www.facebook.com/alhierd.bacharevic/posts/719370701573262?from_close_friend=1¬if_t=close_friend_activity¬if_id=1488618092219948

    1 комментарий

    avatar
    паўмёртвыя старэнькія дзядкі з савецкімі мазгамі, прыпраўленымі тупаватым нацыяналізмам.

    :D

    Ім бяз ворагаў нельга.

    %)
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.