Литература
  • 889
  • Вартае прачытаць



    Гэта «Топ-10 самых прадаваных кніг на партале Kniharnia.by»

    Зразумела, што гэты спіс зусім не прэтэндуе на нейкае аб'ектыўнае адлюстраванне якасці прадстаўленай літаратуры на агульнанацыянальным узроўні. Дзесяць кніг з сотняў выданняў, колькасць нязначная, калі не сказаць мізэрная. Так склаліся зоркі, што нейкая частка чытачоў пажадала паказытаць нервы зомбі-хорэрам, нехта вырашыў падзяліць кампанію са студыёзусам Вырвічам, а камусьці стала цікава, чаго яны там усе носяцца з гэтай «Мовай»…

    Дзіўны казус паўстае з публікацыі падобных рэйтынгаў: што на што ўплывае? Што першаснае, а што другаснае? Адзін чалавек пачуў нешта пра пэўную кнігу і вырашыў яе набыць. Другі паглядзеў на спіс самых прадаваных выданняў і зрабіў той жа выбар што і першы…

    Такім чынам, дзевяць з дзесяці фільмаў, адзначаных Амерыканскай кінаакадэміяй, будуць цікавейшыя за тыя, што ніяк не ўразілі аўтарытэтных знаўцаў кінамастацтва…

    Але з кнігамі не той выпадак. Прынамсі, у прадстаўленым топе. Найперш, у ім відавочна выявілася цікавасць да навінак, бо ажыятаж вакол твораў, уганараваных той жа прэміяй Гедройца, ужо мінуў. Але, зноў жа, новыя кнігі вядомых аўтараў, прадаваліся часцей за тыя, чые імёны гучаць не так часта.

    Напрыклад, удалы дэбют Кірыла Стаселькі з «Дзіцячым маніфестам» не мог не прыцягнуць увагу чытачоў да новай кнігі аўтара, хаця пакуль яна адзначана толькі далекаватым ад літаратуры праектам «Рэкорды Куфра». Адзінае, што варта адзначыць, у выпадку з «Marginalis» чытачы не памыліліся: кніга вартая ўвагі.

    Да чаго ж я наладзіў тут гэтую канстатацыю абсалютна відавочных высноў? Выключна для таго, каб, як і належыць прыстойнаму сталкеру, які быў там, куды яшчэ не трапілі іншыя, падзяліцца яшчэ некалькімі назвамі беларускіх кніг, якія пабачылі свет сёлета, але не толькі не прадстаўлены ў дадзеным канкрэтным Топе дзесяці, а пра якія, на маю асабістую думку, наогул згадвалася незаслужана мала. Падзяліцца выключна, як шараговы чытач, а не абазнаны эксперт-літаратуразнаўца. Мой падыход вельмі просты: цікава-нецікава.

    Усе шанцы стаць бэстсэлерам яшчэ да канца 2016 года мае кніга ўганараваная і славутай прэміяй, і адзначаная на сёмай пазіцыі рэйтынгу Kniharnia.by, але ў перакладзе на рускую мову: Альгерд Бахаревич «Белая муха, убийца мужчин». Лянівыя суайчыннікі, якія не ведаюць беларускую, але зусім не супраць пачытаць што-небудзь цікавенькае, перакананы, абавязкова скарыстаюцца магчымасцю… А там, мо каму закарціць і ў арыгінале прачытаць, і не толькі «Муху»…

    У ранейшым посце я ўжо згадваў раман Валерыя Гапеева «Ноч цмока», скіроўваў на старонку прафесійнага крытыка Аляксандра Новікава, які прааналізаваў твор і вынес вердыкт: рэч вартая ўвагі і аматараў сур'ёзнай прозы, і прыгодніцкай. Але шырокага розгаласу пра яе пакуль чамусьці не чуваць.

    Як і мала што не заслужана чуваць пра раман Алеся Аркуша «Захоп Беларусі марсіянамі». Мо таму, што кніга пабачыла свет у Полацку, а не ў мінскіх выдавецтвах, мо яшчэ па нейкіх прычынах, але кніга, несумненна, не шараговая і цікавая. Раманы нон-фікшн–не вельмі пашыраныя ў айчыннай літаратуры. А тут да таго ж і незвычайны, арыгінальны сюжэт, цудоўнае ўвасабленне, лёгкая, нават для чытача-пачаткоўца, мова. Пытанні ставяцца ў творы сур'ёзныя, але чытанне не стамляе, не абцяжарвае пустымі развагамі.
    ¨
    Пра наступны твор зусім выпадкова прачытаў у таго ж Аляксандра Новікава (http://www.litkritika.by/categories/literatura/12/4177.html): Сяргей Пляскач «Шоу працягваецца!». Відавочна, я ніколі б не купіў гэтую кнігу, калі б не артыкул спадара Новікава. Мы штодзень рагочам скрозь слёз з нашай рэчаіснасці. Але мастацкія тэксты, якія б не проста кпілі з таго, што адбываецца вакол, а так тонка і не змушана, дасціпна і натуральна звярталі ўвагу на вядомыя і не вельмі кідкія праявы нашага жыцця, сустракаюцца не часта… Некалькімі словамі, гэтую кніжку, як добрую камедыю становішчаў, не перакажаш. Трэба чытаць. Але ёсць адна небяспека: для яе трэба вылучыць дзве-тры гадзіны вольнага часу, бо калі пачнеце–спыніцца не зможаце…
    І напаследак не магу стрымацца, каб не выказаць свой прагноз у адносінах да апошняй кнігі: Павал Касцюкевіч «План Бабарозы». Перакананы, што гэтая сямейная сага абавязкова атрымае свайго Гедройца, і, найхутчэй, першую прэмію. Кніжка проста выпраменьвае гумар, досціпы, сур'ёзныя развагі і шчымлівую тугу па тым, што не падуладнае людзям. Не вельмі люблю праводзіць аналогіі, але ў дадзеным выпадку, здаецца, яна будзе толькі на карысць: калі вы знаёмыя з творчасцю расійскай пісьменніцы Людмілы Уліцкай, яе «Казусам Кукоцкага» ці «Медея и её дети», або вас не пакінулі абыякавым «Искренне ваш Шурик» ці «Даниэль Штайн, переводчик»–можаце смела браць у рукі «План Бабарозы». Гэта той выпадак, калі хочацца перачытаць яшчэ і яшчэ…

    Давайце ж хоць у каментарах згадаем іншыя кнігі, якія з'явіліся ў беларускіх выдавецтвах у 2016 гаду і якія варта прачытаць. Падкажам адно аднаму, дзе шукаць.

    0 комментариев

    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.