Беларусь
  • 864
  • Перад Новым 1950-м у Смаргоні


    У 1949 годзе ў невялікім беларускім горадзе Смаргонь, за 80 кіламетраў ад Мінска, сталі з'яўляцца ўлёткі, якія заклікалі не падпарадкоўвацца савецкай уладзе. Нават на будынку міліцыі прымудрыліся наклеіць! НКВД збілася з ног у пошуках злачынцаў. Якое ж было здзіўленне, калі даведаліся, што падпольная арганізацыя цалкам складалася з дзяцей мясцовай школы ад 14 да 18 гадоў. А вучань 10 класа, які ўзначальваў яе, сын святара. З мясцовымі «падпольшчыкамі» хутка разабраліся. «Верхаводу», 20-гадовага Расціслава Лапіцкага, расстралялі, а астатніх адправілі ў лагеры ГУЛАГу. Часлава Ашукоўская на момант арышту вучылася ў дзявятым класе.

    — А што за арганізацыя была?

    — У канцы саракавых сталі арганізоўваць калгасы, а людзі не хацелі. Тых, хто ўпарціўся, высялялі ў Сібір, але і тыя, хто пад націскам згаджаўся, у душы ўсё роўна быў незадаволены. Але дарослыя разумелі, чым гэта пагражае, і маўчалі.

    А моладзь — гарачая! Так тое, пра што «маўчалі» па хатах, вылівалася ў іх у пратэст. Вось яны і пачалі збірацца ў Славіка Лапіцкага па двое, па трое, абмяркоўваць «рэжым», думаць пра свабоду Беларусі без камуністаў.

    — Чаму расстралялі Славіка Лапіцкага?

    — Ён быў самы старэйшы і па-сапраўднаму ідэйны. Сын святара. Яго сям'я ўжо была раней асуджаная за стварэнне падпольнай арганізацыі. (Самому Славіку тады было 16 гадоў, ён таксама быў асуджаны на тры гады, але патрапіў пад амністыю.) Я пра гэта даведалася пазней, калі пасля перабудовы адкрыліся архівы і сталі выдавацца дакументы і кнігі па гэтай справе. Не ведаю дакладна, як ён апынуўся ў нашай школе. Тое, што 20-гадовы хлопец вучыўся ў школе, — нікога не здзіўляла. Пасля вайны, пасля чатырох гадоў акупацыі, мы ўсе, рознаўзроставыя, сабраліся ў школе давучвацца. Але мы неяк жылі і радаваліся, удзельнічалі ў школьных вечарах, вучыліся танцам і музыцы, я вершы пісала, школьную насценгазету рэдагавала… Так, хто б мог падумаць, што выпадковае веданне перакруціць усё жыццё.

    — Але вы ж адмовіліся ўдзельнічаць?

    — Вядома, мы былі простыя людзі, далёкія ад палітыкі. І наогул, мне тады было 15 гадоў яшчэ. А яны ў гэты час вырашылі перайсці да дзеянняў. Заняцца прапагандай. У кагосьці з хлопцаў апынулася друкарка. Яны на ёй і набралі заклік. Першая ўлётка з'явілася якраз там, дзе любіла збірацца моладзь. Гэта быў шок. Нехта ж сарваў яе. На наступны дзень у горад прыбылі супрацоўнікі НКВД.

    Арышт і суд


    — Арыштавалі на ўроку. Ішла літаратура. Маладзенькая настаўніца зачытала выніковыя адзнакі. Я, як заўсёды, атрымала пяцёркі. І тут у клас увайшлі двое ўзброеных салдат і афіцэр. Я адчула: гэта па мяне. Бо рагатуху Тамару, суседку па парце, ужо арыштавалі. Не звяртаючы ўвагі на спужаных дзяцей, афіцэр спытаў у настаўніцы: «Хто тут Часлава Ашукоўская?» Я пачала спаўзаць пад парту, нібы парта, сшыткі і ўся руская літаратура разам узятыя маглі схаваць мяне ад гэтага жаху. Я бачыла толькі ногі — спачатку гэта былі ногі Веры Паўлаўны ў цёплых ваўняных панчохах. Яны падышлі да парты, і зверху пачулася: «Вось яна».

    Потым падышлі боты: «Уставай, дзяўчынка, пойдзем!» І чыясьці рука адкінула парту і падняла мяне за каўнер. Пасля я паспела заўважыць, як другі салдат з аўтаматам уважліва складваў у сумку ўсе мае сшыткі і падручнікі, так з торбай пад пахай і пайшоў. Ніводнае вока мяне не праводзіла — усё глядзелі ў парты, у падлогу. І была цішыня.

    — Часлава Браніславаўна, а што было потым?

    — Мяне прывялі ў КПЗ, пасадзілі ў падвал. Цёмны, сыры, мокры склеп. З пацукамі. Яны глядзелі на мяне. Я — на іх. Ад страху стала чытаць услых малітвы, якія ведала з дзяцінства. Прайшло тры дні, а потым уначы вывелі і пасадзілі ў адкрыты грузавік. У машыне я ўбачыла яшчэ адну дзяўчынку з нашай школы, Марыю з 10 класа. З намі сядзелі пяцёра з аўтаматамі, наведзенымі на нас. І чамусьці я падумала, што нас вязуць расстрэльваць. Падняла галаву — а на небе зорак мільён! І такія прыгожыя! Да гэтага часу памятаю гэта адчуванне, што бачу зоркі ў апошні раз у жыцці. Але нас везлі па дарозе і везлі, і ўдалечыні паказаліся агеньчыкі райцэнтра, тады зразумела, што гэта не расстрэл. Вельмі ўзрадавалася. Нас прывезлі ў гарадскую міліцыю і развялі па камерах. Там я знаходзілася больш за месяц. Кожны дзень вазілі на допыт. Прычым — з завязаннымы вачыма. Прыходзілі, завязвалі вочы, саджалі ў машыну, везлі, потым заводзілі ў аддзел, па калідоры ішла таксама з завязанымі вачыма (вёў канваір) і толькі ў следчага ў кабінеце здымалі з вачэй павязку. Навошта? Каб не запомніла дарогі, мабыць, каб не збегла. Ну і маральна здушыць таксама трэба было. Гэта я цяпер так думаю. Следчы ўвесь час пытаўся, што я ведаю пра падпольную арганізацыю. А я ж нічога не ведала! І нічога не магла сказаць. Толькі плакала.

    — Вас білі?

    — Не. Толькі палохалі. Аднойчы сказалі: «Калі мы захочам, усё раскажаш!» І паказалі адмысловую машынку, якая заганяе іголкі пад пазногці. Я раней чула пра такія катаванні, але думала, што іголкі бяруць і пад пазногці соваюць. А гэта, аказваецца, адмысловая прынада такая была! Але не выкарыстоўвалі яе — палохалі.

    — А калі вы прызналіся, што ведалі аб арганізацыі?

    — Калі прывялі маю суседку па парце Тамару. Я спачатку яе не адразу пазнала. Страшная, схуднелая, уся ў сіняках. Хадзіла ледзь-ледзь і гаварыць не магла. Павольна так прамаўляла і ціха. Гэта была вочная стаўка. Яе пытаюцца: «Каму вы распавядалі пра падпольную арганізацыю?» Яна, бедная, глядзіць на мяне і адказвае: «Чаславе Ашукоўскай!» Я кажу: «Не! Я не ведала!» А яна нахілілася да мяне і так настойліва і спалохана кажа:« Успомні. Гэта было на ўроку гісторыі. Я цябе спытала: ці не хочаш ты з намі расклейваць улёткі? Ты адмовілася». І мне нічога не заставалася рабіць, як прызнацца.

    А потым быў вайсковы трыбунал. Божа ты мой, нас, школьніц, судзілі ваенным трыбуналам!

    — Судзілі усіх разам?

    — Не. Усіх паасобку, па двое і ў розны час. Бо арышты пачаліся да Новага года. Усе так баяліся арыштаў! Мяне мама пыталася: «Ты нічога не ведала пра гэта? Не ўдзельнічала?» Я адказвала: «Не». Спадзявалася, што ніхто не даведаецца. Спачатку арыштавалі Славіка, потым Тамару, потым астатніх. Іх і судзілі раней. Славіка прысудзілі да расстрэлу. Тамару — да 25 гадоў. Нас судзілі разам з той дзяўчынкай, якую арыштавалі разам са мной у школе. Тых, хто расклейваў улёткі, прынялі адразу і, мабыць, працавалі з імі. А маё імя і імя Марыі ўсплыло ў выніку допытаў. З іх выбівалі, хто яшчэ ведаў.

    За тое, што мы ведалі і не данеслі, і судзілі. Марыі далі 10 гадоў, мне — 8. Пашкадавалі, што я яшчэ непаўналетняя.

    А я такая маленькая была, мяне на лаве падсудных і не відаць было. Марыя на судзе трохі звар'яцела, як цяпер кажуць, дах паехаў. Ну што вы хочаце, мы наогул дзеці былі…

    — Як жа вы гэта перажылі?

    — Ведаеце, гэта проста абрынулася на тваю галаву — і ўсё. А далей ужо ні думак, ні пачуццяў. Проста звярыны нюх і імкненне выжыць. Гэта значыць — маўчаць, у вочы не глядзець, рабіць, што скажуць. Я не асэнсоўвала тады нічога. Ведала: ніхто мне не можа дапамагчы. Так атрымалася. І прыняла гэтае жыццё. Маладосць дапамагла. Вера, што ўсё жыццё яшчэ наперадзе. І малілася ўвесь час, мы былі вернікі. А там, акрамя Бога, у цябе нікога няма.

    У Салжаніцына быў «санаторый»!


    Першы год, чакаючы паўналецця, Часлава шыла казённую вопратку ў мясцовай турме. А як толькі ёй споўнілася 18, яе адправілі па этапе ў Салікамск, адзін з лагераў ГУЛАГа, нарыхтоўваць лес. Была позняя восень, іх, жанчын, пагрузілі іх у «нечалавечыя» вагоны — без нараў, без цяплушак, загадалі легчы на падлогу. Паклалі так цесна, што без каманды было не паварушыцца (ды і нельга). Так і спалі — паварочваючыся па камандзе. Ежы не давалі — толькі ваду. У кожнага быў сухі паёк — жменька сухароў. Да Пярмі ехалі некалькі дзён, а калі прыбылі ў Салікамск, там ужо была зіма. Мяло, і мароз стаяў траскучы. Два тыдні каранціну потым прыгадваліся як рай — і лазня была, і смуроднае мыла ад вошай.

    І нават калі рабілі наколку на перадплеччы — той самы нумар! — не было балюча. Апякала толькі адно — наперадзе былі гады лесапавалу.

    — Калі нас адправілі па бараках, пашанцавала, што пад апеку ўзялі дасведчаныя «зэчкі». У нас лагер быў палітычны, таму ўсе шкадавалі адзін аднаго і па магчымасці дапамагалі. А я была самая малодшая. Самая маленькая. Таму мне вызначылі ў брыгадзе секчы сукі, вазіць на кані дрэвы на склад, нарыхтоўваць для вогнішча. Увогуле, рабіць усё, што трэба зрабіць. Мацнейшыя дзяўчаты пілавалі велізарныя дрэвы. А, ведаеце, там такія векавыя карабельныя хвоі! Дык трэба ж было прымудрыцца і не патрапіць пад сасну! Колькі загінула дзяўчат… Аднойчы, гэта было спачатку, я ў вогнішча з нязвычкі ўпала. На мне ватовыя штаны, ватоўку і валёнкі 60-га памеру, я хадзіць не магла, спатыкнулася — і проста ў агонь. Сама б не ўстала, дзякуй дзяўчаткі выцягнулі, збілі полымя. Валасы, бровы спаліла, твар абгарэў. А па-іншаму апрануцца было нельга. Маразы — 40—50 градусаў.

    — Салжаніцын пісаў у «Іване Дзянісавічу», што іх пры мінус 41 градусе на працы не выводзілі.

    — Можа, іх і не выводзілі, а нас вадзілі ў любое надвор'е. Выходных ні разу не было.

    Чытала я Салжаніцына. Углядалася. У іх і пасылкі былі, якія дапамагалі ім пратрымацца. І грошы ім выдавалі, на якія яны маглі купіць сабе што-небудзь. Проста казка нейкая ў параўнанні з намі. Санаторый проста. У нас усё было забаронена.

    Ні пасылак, ні крамаў, ні грошай. У іх там на нарах і коўдры нейкія былі, хаваліся яны. А ў нас — голыя нары. Ватоўку з сябе сцягнеш — і ў сушылку. Спіш у тым, што пад ватоўкай было. У дзень давалі 200 грамаў хлеба — калі норму выканаем. Не выканаем — 100 грамаў. Раніцай і ўвечары рыба перамерзлая салёная. Хто дажываў да лета — ратаваўся ягадамі. Было шчасце, калі на маліннік набрыдзеш. Дасведчаныя траўку збіралі, нам давалі жаваць.

    — А лісты хоць з дому былі?

    — Раз на месяц дазвалялася напісаць ці атрымаць. Але што напішаш? Я звычайна чытала з дому: «Усё ў нас добра, усе жывыя». Паспрабавалі б яны напісаць, што ў іх нядобра.

    — Вы былі ўсе маладыя дзяўчаткі, няўжо ахова вас не шкадавала?

    — Часам проста заўважала спачувальны погляд, але што яны маглі зрабіць? Гэта ж сістэма. А шостай раніцы — пад'ём. А сёмай шыхт. «Крок улева, крок управа — расстрэл». Цяпер гэта часта прамаўляюць як жарт. А я гэта чула кожны дзень па раніцах. Потым цягнешся па глыбокім снезе да сваёй новай дзялянкі. І ўвесь дзень сячэш і сячэш галінкі на дрэвах. Калі мне выпадала возіць «хвасты» на склад, я нават радавалася. Дзяўчаты мацней прывязваюць камель да воза, я бяру коніка пад аброць і, патанаючы ў снезе, вяду туды, дзе складуюць. Там мяне і такіх, як я, з іншых дзялянак сустракае брыгада, яны укладваюць вялізныя ствалы ў высачэзныя горы. А я іду назад. Гэта была самая лепшая праца, калі, вядома, завеі жорсткай не было. Праўда, там я ледзь і не загінула. Добра, што гэта здарылася, пакуль я недалёка адышла. Нага саслізнула з каляіны і трапіла ў баразну, якой ішлі калёсы, а за ёй — прывязанае дрэва. Мяне зацягнула — і абедзве нагі — хрась! — як запалкі паламаліся. На крык прыбеглі дзяўчаты. Выцягнулі. Сякерай разрэзалы валёнкі, а ногі ўжо апухлі страшна. Паклалі. Змена скончылася, прыцягнулі ў барак, там і лячылі. У медсанчастку не аддалі, сказалі, самі выхадзім. Рабілі нейкія прымочкі, сцягвалі туга-туга ногі, падвязвалі іх дагары. Так я і ляжала, пакуль яны сыходзілі лес валіць. Пайку сваю са мной дзялілі, мне ж нельга было! І зраслося! Маладая была… Потым ізноў хадзіла на працу разам з усімі.

    — Вы потым пасля лагера сустракаліся?

    — Ужо ў ХХІ стагоддзі на перадачы «Чакай мяне». Я ўсё хацела знайсці Верачку Тарасевіч, якая тады выратавала мяне і лячыла. Я напісала Машы Шукшыной і Ігару Квашу на Першы канал. Яны знайшлі некаторых! На перадачу прыехала Таццяна, сястра маёй аднакласніцы Тамары, якой далі 25 гадоў лагераў. Сама Таццяна была прысуджана да 10 гадоў, ёй было 14 гадоў. Нічога, вясёлая такая, мы з ёй пасля перадачы ў гатэлі ўсю ноч прасядзелі, узгадвалі. А вось Вера да таго моманту памерла. А я б ёй нагадала пра нашыя навагоднія мары. Як мы з ёй пасля змены (заставалася некалькі хвілін да адпраўкі на зону) сядзелі ў лесе ля вогнішча. Я яе пытаю: «Вера! Чаго б ты зараз больш за ўсё хацела?» А яна адказвае: «Хачу, каб на гэтай вялікай хвоі на ўсіх галінках вісела наша пайка — дзвесце грамаў хлеба. І каб цукрам зверху пасыпаная. А мы б гэтую хвою спілавалі. І пайку гэтую ўсю б з'елі…»

    — Вы не да канца адбылі свае тэрміны?

    — Так, пасля смерці Сталіна ўсіх паступова вызвалілі. Ой, а як мы радаваліся, калі Сталін памёр! У лагер нехта прынёс гэтую вестку. Памятаю, мы былі ў лесе, і раптам брыгадзір Надзея бяжыць. Яна была самая старэйшая, ёй было 25 гадоў, і мы называлі яе старой. «Дзяўчаты, Сталін памёр!» Вы б нас бачылі! Брудныя, у абпаленых парваных кацавейках, скачам на снезе: «Ура!» А потым узяліся за рукі вакол самай вялікай хвоі і давай вакол яе карагод вытанцоўваць: «Свабода! Свабода! Свабода!» Але свабода наступіла толькі праз год — лес жа валіць камусьці трэба было! Выклікалі з барака да начальніка, ён ўручылі квіток да роднага горада, даведку: «Заўтра выпраўляецеся». Па адным адпраўлялі.

    Кажуць, калі Бог адымае нешта — наўзамен дае іншае. Трэба толькі не аслепнуць ад гора і несправядлівасці і ўбачыць тыя маленькія і, магчыма, шчаслівыя дзверы, якая адчыняюцца недзе там наўзамен тым, што зачыніліся перад табой. Калі Часлава была маленькай дзяўчынкай, яе старэйшыя брат і сястра ўжо бегалі на вячоркі з хлопцамі і дзяўчатамі. Так было прынята: збіралася моладзь, балбаталі пра тое, пра гэта, жарты, смех, хтосьці прыносіў гармонік. Не танцы і не дыскатэка, як цяпер, а проста зносіны. А ў іх у горадзе стаяла шмат вайсковых частак, і маладыя, нядаўнія прызыўнік, шарагоўцы і сяржанты былі частымі гасцямі гэтых вячорак мясцовай моладзі. Так Сяргей Галумян з Ерэвана пасябраваў са старэйшым братам Чаславы Эдзікам. Ён часта ў звальненне прыходзіў да іх дадому — гэта потым усе зразумелі, што прыходзіў ён да малодшай, Чаславы. Але сам Сяргей тады нават віду не падаваў! А яна тым больш не падазравала. Ён дазваляў сабе часам падсесці да яе стала, дзе яна рабіла ўрокі і праверыць яе заданне. «Вось тут памылка», — з усмешкай казаў ён, папраўлячы матэматыку. Так і з'ехаў пасля службы ў войску, паступіў у вышэйшае вайсковае інжынернае вучылішча ў Маскве. Пра тое, што Чаславу арыштавалі, даведаўся з ліста Эдзіка. З ім ён перапісваўся заўсёды.

    — Так у нас і атрымалася: ён пяць гадоў вучыўся ў Маскве, а я ў гэты час адбывала тэрмін. Нават даведаўся, па якім артыкуле мяне пасадзілі, ён працягваў пісаць брату лісты. Дык вось усё ведаў пра мяне. Калі мяне выпусцілі, ён ужо быў афіцэрам, размеркавалі ў Ашхабад. І, уяўляеце, узяў адпачынак за свой кошт і прыехаў у Смаргонь! Прыйшоў да нас, але мы з ім практычна не размаўлялі! Я пасля лагера была змораная, хворая, худая. Пасля тыфу — паголеная.

    Калі я прыехала, мяне мама не пазнала. Я заходжу ў хату, бачу, яна стаіць ля печкі, як заўсёды, прыхінуўшыся спінай, заклаўшы рукі за паясніцу — была ў яе такая звычка. «Добры дзень!» — кажу. Яна глядзіць на мяне: «Добры дзень! А вы хто такая будзеце?»

    Я як закрычу: «Мама! Мама! Я ж ваша дачка Часлава! Вы мяне не пазнаяце?» Яна па печцы так ўніз і папаўзла. Усю ноч мы з ёй прасядзелі, праплакалі.

    — А як вас сустрэлі суседзі, сябры?

    — Якія сябры? Мае аднакласнікі ўсе ўжо разляцеліся. А чужым людзям не патлумачыш за ўсё. Многія коса глядзелі. Дарэчы, менавіта гэта было галоўным аргументам Сяргея, калі ён угаворваў маму адпусціць.

    — Дык усё ж за вамі прыехаў?

    — Вось менавіта! Уяўляеце, столькі гадоў прайшло, мы з ім нават не сябравалі, а ён усе гэтыя гады думаў пра мяне. Я, вядома, тады яго не кахала, і замуж мне наогул не хацелася. Я яшчэ была як замарожаная. Не адтала. А ён пераконваў маму і брата Эдуарда, што для мяне так будзе лепш. Ён павязе мяне далёка-далёка, дасць сваё прозвішча, і ніхто ніколі не дазнаецца гэтай гісторыі. І мама пагадзілася. І так усё, як казаў Сяргей, і здарылася. Мы пражылі шчаслівае жыццё. Я нарадзіла яму дзвюх дачок. Цяпер яго няма са мной — памёр даўно.

    — Але як ён сам не баяўся сапсаваць сабе кар'еру? Бо малады афіцэр, толькі-толькі скончыў вучэльню. Можна было паставіць крыж на сябе.

    — Кахаў, напэўна. Хоць ніколі мне гэтага не казаў. Ён вырас у Арменіі, у іх мужчынам не прынята прызнавацца ў каханні жанчынам, яны маўклівыя у гэтым плане. Але справай даказваюць сваё стаўленне.

    Перш за ўсё па прыездзе ў Ашхабад ён павёў мяне да хірурга знаёмаму, каб той счасаў з рукі лагерны нумар. Казаў: «Не магу гэтага бачыць».

    — Запытваўся пра лагер?

    — Так, у нас былі доўгія начныя размовы. Неяк раз пасля пачутага задумаўся і кажа: «Калі толькі даведаюцца, калі пачнуць прапрацоўваць — адразу пакладу партбілет на стол. Пражывём як-небудзь». Але абышлося. Ніхто ніколі нічога не дазнаўся. Нас нават за мяжу ў ГДР двойчы выпускалі — ён вайсковы інжынер, будаваў там масты, і я з ім жыла. Другую дачку ў Германіі нарадзіла. Хто б мог падумаць!

    — А ў Туапсэ як трапілі?

    — Пасля выхаду ў адстаўку тады вайскоўцам давалі жыллё ў любым горадзе Саюза, дзе пажадаеш. Акрамя Масквы. Мы з ім карту расклалі і вадзілі па ёй пальцам. Гляджу, ён да Чорнага мора бліжэй, бліжэй. Ткнуў у Туапсэ: «Тут будзем жыць!» А я да гэтага нават не чула пра Туапсэ. І на моры ні разу не была. Уздыхнула, але пярэчыць не стала — марыла пра родную Беларусь, пра Мінск. У Туапсэ скончыла вячэрняе аддзяленне гандлёвага тэхнікума і яшчэ шмат гадоў прадаўцом працавала.
    nn.by/?c=ar&i=201341
    • нет
    • 0
    • +17

    26 комментариев

    avatar
    Такую «страну» потеряли.
    +1
    avatar
    — У канцы саракавых сталі арганізоўваць калгасы, а людзі не хацелі. Тых, хто ўпарціўся, высялялі ў Сібір,
    Беларусаў у Сібір высылалі не толькі ў канцы саракавых.
    Уся наша гісторыя ўзаемаадносін з усходнім суседам, гэта трагедыя прымусовага перасялення лепшых на Усход.
    Яшчэ пачынаючы з сярэднявечча, падчас ваенных набегаў на нашы землі, маскавіты прымусова вывозілі на ўсход рамесны люд.
    Пасля акупацыі зямель былога ВКЛ, трагедыя прадоўжылася — высылалі тых, хто не мог змірыцца з акупацыяй, удзельнікаў паўстанняў і іншых «ненадзейных» рэжыму людзей.
    ХХ стагоддзе, на жаль, было адным з найгоршых у гэтым плане, прымусова адселены былі дзесяткі тысяч чалавек, прычым, пасля смерці Сталіна, гэты працэс набыў больш цывілізваную форму ў выглядзе камсамольскіх пуцевак на асваенне Далекага Усходу, Сібіры, Цаліны, Запаляр'я і г.д.
    У адваротным напрамку, апошнія два стагоддзі, ехалі «спецыялісты» з Усходу — святары, чыноўнікі, вайскоўцы, настаўнікі і г.д., якія працавалі ў кірунку змены свядомасці мясцовага люду.
    У гэтым плане іх працу трэба прызнаць вельмі эфектыўнай — пастаўленай мэты яны дасягнулі.
    Але для нас гэта стала той адпраўной кропкай шэрагу паслядоўных крокаў, якія прывялі рэспубліку да сенняшняй тупіковай сітуацыі.
    Улічваючы тое, што у Масковіі-Рассеі, да чалавека заўседы ставіліся як да быдла, ператварыўшы іх практычна ў рабоў, большасці сучасных беларусаў і іх продкам, на жаль, былі прывіты «гены раба».

    Прыналежнасць большасці насельніцтва Беларусі да рускай культуры, свядомасці, ладу жыцця — асноўная прычына трагічнага фінала, які маячыць на гарызонце ўсе выразней.
    Пакуль беларус сам не заб'е ўнутры сябе рускага раба, трагічны фінал будзе непазбежны.
    +2
    avatar
    А як забиць? Ах да, перайсци на мову.
    Ну, тады гэта утопия.
    Трагичны финал гаварыце? А шо гэта?
    Смерць нацыи? Ну, гэта усе виртуальна.
    -2
    avatar
    А як забиць? Ах да, перайсци на мову.
    Прымітыўна мысліце, Манро. Не бачу прычыны працягваць далей спрэчку…
    0
    avatar
    И вам не хвараць.
    0
    avatar
    Па-першае, рускі раб даўно стаў савецкім рабом. Колішняе рускае рабства спрычынілася да таго, што народ не змог супроцьстаяць сіле фашызаванай. І каб знайсці выйсце да ратаваньня зараз, неабходна казаць найперш пра савецкае рабства. Менавіта савецкае нацягнула на сябе лічыну даўно забітага ім жа «рускага міра».
    З Масковіяй і з расейскім царызмам усё больш меньш ясна. Масковія і была тым самым ігам — на ім і ўзрасла, і ператварылася ў імперыю з рабамі — крестьянамі. Пра царызм напэўна нельга сказаць нічога новага і жахлівага, каб мы гэтага яшчэ не чулі. Але пра будаўніцтва камунізма ў адной асобнай краіне, а потым і ў сацлагеры на паў-Еўропы сказана зусім мала. Недаравальна мала. Самазабойча мала. Савецкага раба трэба з сябе выціснуць. Магчыма гэта атрута выпаліць тое месца, куды трапіць. Магчыма.
    0
    avatar
    Савецкага раба трэба з сябе выціснуць
    Капайце глыбей, пані Аліна.
    Гляньце на Усход. Там паспрабавалі выціснуць з сябе савецкага раба (90-я гг.) і вярнуліся к рускаму рабу.
    +1
    avatar
    Лепей бы не гойсаць вавёркай па сасонніку. Ёсць тое, што нас трымае У НЯВОЛІ. Не мова. Мову трэба проста вярнуць, а не адмаўляцца ад яе.
    Гляньце на Усход. Там паспрабавалі выціснуць з сябе савецкага раба (90-я гг.) і вярнуліся к рускаму рабу.
    Збіраліся, спрабавалі, але не зрабілі. Засталіся з рабом атрутным у кожнай душы. Засталіся практычна пад дыктатурай той самай сістэмы, толькі перабудаванай, якая прадаўжае рабаўніцтва і дагэтуль не пакарана за свае злачынствы.
    +1
    avatar
    Апошні часам заходжу на польскі інфармацыйны сайт і ўражана, як палякі робяць заявы наконт рэпарацый немцам. Па-першае, чаму — немцам, а не русскім? А таму, што немцы «богаці»! А чаму ж акупанту з усходу, які пачаў нішчыць краіну ў 1939-м, не прад'яўляеце рахунак рэпарацыйны? Ён менавіта трымаў палякаў у акупацыі 50 год пасля гэтага 1939-га. Таму палякі і бедныя — бо дрыжаць перад гэтым акупантам і сёньня.
    0
    avatar
    Савецкага раба трэба з сябе выціснуць.
    +3
    avatar
    Там, на заднім плане, павінна быць акенца, а ў ім Ілліч з кепкай. А то прыдумалі маляваць савецкія тувалеты з відамі на цэрквы. Зоры красныя Крамля — умова для існаваньня такога народа, такіх прыбіральняў і такіх забягалавак.
    0
    avatar
    Уся наша гісторыя ўзаемаадносін з усходнім суседам, гэта трагедыя прымусовага перасялення лепшых на Усход.
    Яшчэ пачынаючы з сярэднявечча, падчас ваенных набегаў на нашы землі, маскавіты прымусова вывозілі на ўсход рамесны люд.
    Если отбросить агитпроп, то на южный сосед Галицко-Волынское княжество тоже переселял людей массово. Правителям нужны были ремесленники, крестьяне и пополнение в армию, а также это способ борьбы с партизанщиной. Ничто не ново под солнцем.
    0
    avatar
    — Як жа вы гэта перажылі?

    — Ведаеце, гэта проста абрынулася на тваю галаву — і ўсё. А далей ужо ні думак, ні пачуццяў. Проста звярыны нюх і імкненне выжыць. Гэта значыць — маўчаць, у вочы не глядзець, рабіць, што скажуць.
    0
    avatar
    Вось — вікіпедыя! «Аднак пасля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.»
    Хто паверыць, што яго выпусцілі? Што не прымусілі прынадай быць. З дапамогай той самай прылады з іголкамі?
    І падчас вучобы ў Мядзельскай школе, і ў Смаргонскай школе Расціслаў збіраў вучнёўскую моладзь, якую аб'ядноўваў антыкамунізм, у антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Пасля масавага з'яўлення ў Смаргоні ў пачатку снежня 1949 антыкамуністычных улётак Расціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

    Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанам Арміі Краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расціслаў не змог выкарыстаць гэты паратунак. У Кабыльніку ж ён быў паўторна арыштаваны. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расціслава, збітага так, што не мог сам ісці, выглядаў на старога дзеда.
    Суд над Расціславам Лапіцкім і большасцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падполля адбыўся ў Маладзечне ў чэрвені-ліпені 1950. Было асуджана ўсяго дзевятнаццаць чалавек. Двое, Расціслаў Лапіцкі і Факунда Несцяровіч, былі прыгавораны да расстрэлу. Расціслаў адмовіўся ад прапановы прасіць памілавання. Зянон, Аўгусцін і Ганна Ахрамовічы, Восіп Блізнюк, Анатоль Карней, Юзаф Качэрга, Эдуард Сташкевіч, Тадэвуш Хацілоўскі, Леакадзія і Часлаў Цыбоўскія, Тамара Юшкевіч — да дваццаці пяці гадоў зняволення. Таццяна Юшкевіч, Канстанцін Іваноўскі, Збігнеў Пашкевіч, Марыя Барташэвіч былі асуджаны да дзесяці гадоў няволі, Часлава Ашукоўская — да васьмі. Адзін з падпольшчыкаў, Генадзь Нафрановіч, падчас затрымання застрэліўся.
    Расстраляны ў ноч на 28 кастрычніка 1950 года ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Пра расстрэл Расціслава Лапіцкага паведаміў асуджанай па справе мядзельска-смаргонскага падполля Леакадзіі Цыбоўскай наглядчык маладзечанскай турмы.
    0
    avatar
    А фотка классная, безусловно — контактная (когда-то). Жаль, что нас (русских и евреев) столкнули и нам придется убивать друг друга насмерть.
    0
    avatar
    Жаль, что нас (русских и евреев) столкнули и нам придется убивать друг друга насмерть.
    Да ладно, может обойдётся? Где мы, а где тот Израиль?U_u
    А этих, под рубиновыми звёздами, сколько их осталось? Сами повыведутся, как тараканы. %)
    0
    avatar
    Да ладно, может обойдётся?
    Хотелось-бы. Но пацаны в пробковых шлемах, а с ними и рафинаторы великой нации желают бойни.
    0
    avatar
    Но пацаны в пробковых шлемах, а с ними и рафинаторы великой нации желают бойни
    Т.е русские опять на кого-то нападут и традиционно начнут пытаться спихивать свою вину на дядю в шлеме? Песня старая, не интересная.
    +3
    avatar
    русские опять на кого-то нападут и традиционно начнут пытаться спихивать свою вину
    Это и пугает. Потому как объектов для безнаказанного нападения осталось один.
    0
    avatar
    Потому как объектов для безнаказанного нападения осталось один.
    Воронеж?U_u (надеюсь).
    0
    avatar
    Где мы, а где тот Израиль?
    Да по старой руской традиции одни возьмут таблички «руские», вторые «евреи» и будут на Клязьме молотить друг друга пока перья не полетят.
    0
    avatar
    одни возьмут таблички «руские», вторые «евреи» и будут на Клязьме
    Хорошо бы в габариты Клязьмы вписались… Одобряю, что подушками. Но конфликт не будет исчерпан.
    0
    avatar
    комментарий был удален
    avatar
    чалавек, які не трымаў у руках дзебільніка:

    Гісторыі жыцьця і сьмерці ад хутараніна з-пад Докшыц​:
    Мне ўжо гады чатыры было. Раніцай уварваліся ў вёску карнікі. У нямецкай форме, але ня немцы. Гэта літоўцы былі. Усіх на вуліцу павыганялі. І паходнямі пад страху. А стрэхі саламяныя былі. Хаты загарэліся. Усіх сагналі да возера. Чалавек семдзесят было. Старыя, бабы ды дзеці. Мужыкі хто на фронце, хто ў партызанах. Бабы ў голас, але што зробіш? Ідзём. І раптам вершнік на кані ляціць. У нямецкай форме. Гэтыя камандуюць: „Сесьці!“ Селі. Падляцеў. Гэтыя пад казырок. Бо палкоўнік! Ён нешта на іх накрычаў. Ну і падаліся яны ад нас, як сабакі пабітыя. А ён нам кажа: „Ня думайце нікуды разьбягацца. Мы вас эвакуіруем у бясьпечнае месца. Тут будуць вялікія баі“. Завялі нас на тартак. Там стаялі два крытыя нямецкія дызэлі. Малады шафёрчык малых дзяцей пад паху — і ў кузаў. Старым дапамагалі залазіць. І прывезьлі нас у Стары Лепель. Стараста вёскі кажа: „Раскватараваць!“ Нас па хатах раскватаравалі, і тыдні з тры мы там жылі. А пасьля прыйшлі чырвоныя. Вось так. Палкоўнік Камінскі».
    Там жывы тэкст — там праўды болей нават ніж у надрукаваным.
    0
    avatar
    «Як прыйшлі немцы, дык быў у Бягомлі прыслужнік нямецкі. Хадзіў па Бягомлі. „Хто хоча, мы празь лінію фронту перавядзём“. Прызначыў пэўны дзень. „Зьбірайцеся“. На гэтую агітацыю і бацька клюнуў. Завёў людзей у лес. „Ідзіце па прамой. А я застаюся тут“. А немцы там ужо чакалі. І як выйшлі на адкрытае поле, запрацавалі аўтаматы. Каторыя кінуліся назад у лес, іх тут сустрэлі. Адзін хлопец 17 гадоў кінуўся ў разорыну і ляжаў. Цэлы застаўся. А астатніх хадзілі дабівалі. На наступны дзень прыехалі на падводах. Пазьбіралі і закапалі ў нейкім карʼеры. У тым ліку і майго бацьку. Гэту гісторыю маёй маці расказаў той чалавек, які выжыў. Перад сваёй сьмерцю расказаў. А дзядуля мой па бацькавай лініі пад Віцебскам ляжыць. Расстраляны як „вораг народу“ ў 1937-м».
    Маладыя хлопцы-камсамольцы так загінулі. Перад смерцю той, хто выжыў, распавёў «дзе ваш Павел ляжыць». А хатыньскі сведка?
    0
    avatar
    «Дзед Язэп(Іосіп) служыў у царскай арміі, у Віленскім гарнізоне. Адслужыў. Дамоў, у вёску, ехаць не хацелася. Застаўся ў горадзе. Стаў паліцыянтам, гарадавым. Далі яму Ашмяны. Вось там ён і бабулю маю сустрэў, Ганну Дзьмітрыеўну. Пазнаёміліся і пажаніліся. А потым бацька піша: „Я стаў зусім слабы. Прыяжджай, сынок. Пойдзеш на маё месца. Будзеш у памешчыка аканомам“. Пераехаў. А затым што? Зрабілася рэвалюцыя. Ён застаўся на зямлі. Перад гэтай рэвалюцыяй бабуліна сястра пераехала да іх. І яна таксама замуж выйшла ў Чарніцу. А пасьля паўстала граніца. Там, у Ашмянах, маці па дочках непакоіцца. Ні водгуку, ні ліста, нічога няма. Паслала сына. „Сыночак, зьезьдзі! Мо дабярэсься туды“. Ну, сын дабраўся. У Галубіцкай пушчы яго перавялі празь мяжу. Прыйшоў у Чарніцу. Ноч пераначаваў — і назад. І суседзі данесьлі. Што быў нейкі незнаёмы, добра адзеты. Уварваліся ў хату энкавэдысты. „Зьбірайся!“ Забралі летам. Праз паўгода суд. „Польскі шпіён. Расстрэл“. Сталіна я не віню. Болей сваіх».
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.