Беларусь
  • 541
  • Змена прэзідэнта: Мы тыя, хто згаджаецца жыць у краіне легалізаванага падману



    ex-press.by/rubrics/novosti-zhodino/2020/05/28/zmena-prezidenta-my-tyya-xto-zgadzhaeczcza-zhycz-u-kraine-legalizavanaga-padmanu

    «Мяне завуць Паліна, мне 23 гады, а гэта значыць, што я належу да таго пакалення беларускіх дзяцей, прадстаўнікі якога да гэтага часу, калі чуюць, што ў нейкай краіне змянілася ўлада, спачатку падсвядома здзіўляюцца, а толькі потым разумеюць, што гэта нармальна. Думаю, менавіта з-за гэтага мы, народжаныя і выгадаваныя ў 90-х і 00-х так па-сапраўднаму і не разумеем, што такое палітыка, што такое дэмакратычны дзяржаўны строй. Мы тыя, хто жыве ў краіне легалізаванага падману і толькі на нейкім калектыўна-падсвядомым ўзроўні разумеем, што гэта неправільна, што закон і канстытуцыя… Што такое канстытуцыя? — напiсала дзяўчына.

    — Мы ходзім на выбары. Таму што тады нас раней адпусцяць з універа на выходныя дадому. Мы падпісваем нейкія бясконцыя паперкі і ўступаем у БРСМ, таму што нам кажуць, што не дадуць інтэрнат на наступны год. У сваім коле мы абмяркоўваем, што так жыць нельга, што «в Европе всё по-другому», а потым ідзем на хакеі і парады, таму што за іх нам паставяць адпрацоўкі па фізкультуры.

    Мы смяемся з тых, хто кажа: «Абы не было вайны», бо нам увогуле ўсё роўна, што будзе з «Беларашкай», мы збіраемся валіць як можна хутчэй у Піцер ці Еўразвяз. Мы купляем вышыванку, калі іх пачынае шыць кожны швейны цэх краіны, а потым у ёй жа ідзем на курсы польскай мовы, каб зваліць з гэтай краіны назаўсёды. Мы лезем у сваё генеалагічнае дрэва і вельмі расчароўваемся, калі там усе аказваюцца беларусамі, бо з «картай паляка», кожнаму вядома, жыць лягчэй. Мы кажам на гэта: «Мне пофиг, я человек мира», але пры гэтым нават не ўсведамляем да канца сваю прыналежнасць да сваёй жа нацыі.

    Мы разумеем усе «ну вы же понимаете», мы згаджаемся на кожнае «в ваших же интересах», мы забываемся аб сваёй адказнасці пасля кожнага «ой, всё равно всё уже решено без нас давно». У сваіх колах мы абразліва смяемся з чынушаў, які фарбуюць траву перад прыездам прэзідэнта, а потым самі ж ідзем ва ўніверсітэт і здаем там спісаныя работы для фармальнай добрай адзнакі. Мы абмяркоўваем, хто з нячыстых дырэктараў накраў сабе на новы катэдж, а самі, калі едзем у грамадскім транспарце, не плацім, а абіраем страх быць схопленым за праезд без талона, бо «ага, сейчас я еще этому государству платить за что-то буду».

    Мы тыя, хто згаджаецца жыць у краіне легалізаванага падману.

    Хоць, безумоўна, кожны з нас нясе асабістую адказнасць за кожнае сваё дзеянне і глыбока вінаваты ў кожнай ілжы на кожным узроўні, у якой толькі браў удзел, але ж глабальна мы, беларуская моладзь, не вінаватыя ў тым, што сталася.

    Калі ўявіць, што сусветная гісторыя — гэта рака з хуткай і моцнай плынню, а краіны — гэта магутныя паромы, што пераадольваюць на гэтай рацэ свае віры і перашкоды, уплятаючыся ў агульнапланетарны рух, то мы, беларусы, — гэта прыгожы стары карабель, які ў вельмі адказны момант абраў не новага капітана, але чалавека, які ў момант стаў пасажырам віп-класа. І вось пакуль усе карабельныя сістэмы накіраваныя на тое, каб гэтага пасажыра задаволіць, на капітанскім мосціку пуста. Ніхто не трымае курс, ніхто не сочыць за тым, што адбываецца па-за караблём, нашы ветразі ўжо даўно нікуды нас не нясуць. Наш карабель круціць і кідае з боку ў бок, але фактычна мы стаім на месцы. Бо за стырном – ні-ко-га.

    26 год каманда карабля служыць не агульнаму накірунку, а аднаму чалавеку. 26 год тыя, хто заўважыў няспраўнасць, грукаюцца ў залатыя дзверы віп-класа і не могуць дакрыкнуць ні просьбаў, ні праклёнаў. 26 год… І вось нашы бацькі ўжо пачынаюць забывацца, як гэта было раней, да 1994. А мы, маладыя, нават і ўявіць сабе не можам.

    Мы павінны ісці на выбары. Не «хадзіць» машынальна і з разуменнем, што ад мяне нічога не залежыць, а ісці мэтанакіравана і падрыхтавана. Мы павінны ўсведамляць, што нас, хутчэй за ўсё, падмануць і сапраўды, часта адзін наш голас нічога не будзе значыць. Але таксама мы павінны памятаць, што няма ў свеце ніводнай сілы, якая б перамагла б Праўду, якую вызнаюць. Якую вызнаем мы, тыя, хто жыве ў падмане, але адмаўляецца ад яго сваімі словамі, учынкамі і намерамі. Мы, якім ні ў якім разе не павінна быць усё роўна.

    У нас няма часу наноў перажываць тыя 26 гадоў і перапісваць свой генетычны код, але ў нас ёсць заўтра, якое можа стаць іншым для нашых дзяцей.

    А інакш так і застанемся на задворках гісторыі, закруцімся ў віры часу. Так і памром на бурнай рацэ».

    4 комментария

    avatar
    Мы ходзім на выбары. Таму што тады нас раней адпусцяць з універа на выходныя дадому. Мы падпісваем нейкія бясконцыя паперкі і ўступаем у БРСМ, таму што нам кажуць, што не дадуць інтэрнат на наступны год. У сваім коле мы абмяркоўваем, што так жыць нельга, што «в Европе всё по-другому», а потым ідзем на хакеі і парады, таму што за іх нам паставяць адпрацоўкі па фізкультуры

    Люта прыгваздавала.

    0
    avatar
    У СВЕЦЕ легалізаванага падману — жывем.
    Свет падману не дае знайсці шлях. Падняцца.
    Живём во лжи. На дне.
    0
    avatar
    Ні на якай ні «на бурнай рацэ»!
    мутная, хіба, што.
    0
    avatar
    Полина выиграла главный приз конкурса.
    Поздравляем!

    ex-press.by/rubrics/novosti-zhodino/2020/05/28/zmena-prezidenta-my-tyya-xto-zgadzhaeczcza-zhycz-u-kraine-legalizavanaga-padmanu
    0
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.