Беларусь
  • 455
  • Паэты і Курапаты



    Некалькі соцень людзей сабраліся сёння ў Курапатах на Ноч расстраляных паэтаў.

    Яна праводзіцца трэці год запар у памяць пра ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі саветы расстралялі больш за 100 дзеячоў беларускай інтэлігенцыі.

    Гару падсвяцілі чырвонымі пражэктарамі. На крыжах па ўсім урочышчы запалілі свечкі. На гары быў разгорнуты нацыянальны сцяг. Вёў вечар прадпрымальнік-цясляр Зміцер Дашкевіч.

    Курапаты: на сёння вядома амаль усё

    тэкст цалкам на history.nn.by

    Цёплым летнім днём кампанія вясковых дзяцей збіралася ў ягады. Найменшай было якіх дзесяць гадоў, яе звалі Вольгай. Завадатарам быў старэйшы хлопец, Сашка. Ён падгаварыў астатніх ісці за ім: маўляў, ведае месца, дзе надзвычай шмат ягад, настолькі, што збанок можна назбіраць ледзь не адразу. Яму паверылі.

    Сашка павёў іх да высокага плота, добра ўсім вядомага, і паказаў лаз. А ягад там і праўда было шмат. Буйныя і смачныя, яны раслі паўсюль.

    Ад плота далёка не адыходзілі: не было патрэбы. На каленях поўзаючы па пагорку, дзеці збіралі поўныя далоні лясных пачастункаў, калі прагучаў крык Сашкі:

    — Атас, дзеўкі! — і вокамгненна хлопец перакаціўся праз падкоп, у які кампанія пралезла некалькі хвілін таму.

    Усе паспелі вылезці, толькі дзесяцігадовая Воля яшчэ заставалася па той бок. Нырнуць у дзірку яна не паспела: на паляну выехала легкавая машына, а адразу за ёй — крыты грузавік. Дзяўчынка ўпала пад елку і амаль перастала дыхаць ад страху.

    З легкавіка выйшлі некалькі чалавек. Яны накіраваліся да чорнай грузавой машыны і пачалі выводзіць адтуль людзей. Рукі апошніх былі сцягнутыя за спінамі. Вывелі спачатку чалавек з шэсць, пашыхтавалі. Адзін з канваіраў стаяў наводдаль. Прагучала каманда:

    — Станавісь!

    Першую ахвяру схапілі пад рукі і падцягнулі наперад. Рукі развязалі — і чалавек упаў на калені, быццам страціўшы апошнія сілы. Ён склаў далоні перад сабой і залямантаваў:

    — За што? Скажыце, за што? У чым я вінаваты, божа мой, скажыце мне?!

    Сухі стрэл абарваў лямант. Укленчанага штурхнула наперад, і ён быццам праваліўся пад зямлю.

    — Станавісь!

    Людзі знікалі пад зямлёй адзін за адным, ажно пакуль не засталіся толькі двое. Яны плакалі ад страху і бяссілля, калі ім усунулі ў рукі па рыдлёўцы і загадалі закапаць яму. Можа быць, у іх галовах з’явілася адчайная думка, што пякельны канвеер скончыўся. А можа, яны не маглі ні пра што думаць ад страху і адчаю.

    Яма была амаль закапаная, калі гэтых дваіх схапілі за рукі. Праз секунду і яны ўпалі на жоўты пясок.

    Канваіры прысыпалі іх без асаблівага энтузіязму. Лясная рана закрылася.

    Воля не памятае, ці страчвала яна прытомнасць ад страху. Не памятае, як выбралася за плот, калі людзі з наганамі пагрузіліся ў машыны і з’ехалі. Але праз усё жыццё яе пераследаваў страшны крык: «За што? Божа мой, у чым я вінаваты?..» «Станавісь!»

    Вольга Цімафееўна Бароўская была той самай дзесяцігадовай Волечкай. Праз паўстагоддзя яна расказала гэтую гісторыю следчым пракуратуры БССР.

    Нямецкі здымак 1941 года. З прыватнага збору Паўла Растоўцава.

    Амерыканскі здымак 1964 года

    Брод — так мясцовыя звалі той лес. На паўночным усходзе ўрочышча, на бязлесым пагорку, раслі белыя пралескі, якія цвітуць у маі. Воліны аднавяскоўцы звалі іх «курапаты». Той пагорак з кветкамі ў 1988-м годзе даў імя ўсяму ўрочышчу. Цалкам новая назва настолькі ўкаранілася, што сёння падаецца, нібыта гэта месца называлася Курапатамі заўсёды. На момант падзей, апісаных у гэтым артыкуле, не было Курапатаў. Не было тут і правалаў у зямлі. Быў толькі Брод.

    Знайсці пункт адліку, калі багаты ягадамі Брод ператварыўся ў залітыя крывёй могілкі, не так проста. Прынамсі, пакуль архівы закрытыя.

    Паводле сведчанняў Вольгі Бароўскай, расстрэлы пачаліся ў Курапатах яшчэ ў 1932 годзе. Праверыць гэтую інфармацыю цяжка. Трэба памятаць, што сведцы было на той момант усяго пяць, да таго ж, яе словы не пацвярджаюцца іншымі сведчаннямі. Яшчэ адзін жыхар Цны-Ёдкава Зміцер Бароўскі казаў, што першыя расстрэлы пачаліся ў 1935—1936-м. Так ці інакш, напачатку расстрэлы былі эпізадычнымі. Але ўсё змянілася з надыходам страшнага 1937-га.

    Сведкі сцвярджаюць, што спачатку стрэлы было чутно толькі па начах, а потым страляць пачалі і ўдзень.

    Расстрэльвалі ў падвалах турмаў. Расстрэльвалі і ў саміх Курапатах. Асабліва ў пікавыя моманты рэпрэсій, калі штодзень забівалі вялікую колькасць людзей.

    Напачатку лес не быў абгароджаны. Вядома, гэта стварала нязручнасці выканаўцам. Па-першае, ім непатрэбныя былі выпадковыя сведкі, а па-другое, паводле чутак, здараліся нават уцёкі з-пад расстрэлу. Таму ў другой палове 1937-га тут з’явіўся плот вышынёй тры метры, збіты з грубых дошак стык у стык. Адзіным праездам на тэрыторыю палігона стала брама. Яна размяшчалася на паўночна-заходнім участку лесу, недалёка ад грунтоўкі Заслаўе — Калодзішчы.
    • нет
    • 0
    • +5

    7 комментариев

    avatar
    Людей жалко. Поэтов? Нет. Почему надо плакать о поэтах, когда больше убили НЕ поэтов? Расизм нейки.
    0
    avatar
    Поэтов намотало на вал в 1937-м.
    Но что они делали до?
    0
    avatar
    пили, гуляли, баб любили, стихи писали… в общем на завод работать не шли. Искали легкого хлеба.
    0
    avatar
    Мелко рассуждаете. Трусливые всегда так рассуждают.
    в общем на завод работать не шли
    Зачем им на завод идти? Туда шли приморенные коммунистическим голодом земляробы. Да ещё по большому блату — от какого сельсоветчика.
    0
    avatar
    На завод не пошли. В итоге пришлось лечь в землю.
    0
    avatar
    Каму ў СССР добра жылося?
    +1
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.