Статьи Брамы
  • 3649
  • Што трэба ведаць беларусу пра "польскага" Каліноўскага і "польскае" паўстанне 1863-64 на Літве і Беларусі?

    Сёння — 2 лютага — дзень нараджэння лідэра беларускага нацыянальнага вызваленчага руху. Тое, што зусім нядаўна ён у другі раз з'явіўся беларусам на дапамогу, невыпадкова. Пахаванне паўстанцаў 1863-1864, ў тым ліку і К. Каліноўскага, што адбылося ў лістападзе 2019 г. у Вільні, спрычынілася да цэлай хвалі артыкулаў і сюжэтаў. Каліноўскі ахвяраваў за дэмакратычную Беларусь ўласнае жыццё. Паспрабуем беларусам нагадаць героя

    Калиновский и восстание 1863-1864

    А хто такі Каліноўскі? Прозвішча КаліноўСКІ, нарадзіўся там, дзе зараз Польшча, ведае польскую мову і кіруе полькім філіялам на Літве і Беларусі.

    На ўсялякі выпадак праверым, што на сённяшні дзень кажа беларуская гістарычная навука: вучэбны дапаможнік для 8 класа па гісторыі Беларусі – С. В. Паноў, С. В. Марозава, У. А. Сосна; Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2018. На хвілінку, “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Старонкі 59-65: §14. Паўстанне 1863-1864 гг. Што бачым?

    “Прычыны і характар паўстання. Працягам барацьбы за адраджэнне дзяржаўнасці на землях былой Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. з’явілася паўстанне 1863-1864 гг. Яго цэнтрам сталі этнічна польскія тэрыторыі з Варшавай. Падзеі ў Польшчы знайшлі водгук у тых рэгіёнах, якія раней уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў Беларусі і Літве. Паўстанне ў Беларусі было скіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгоннага права і саслоўнай няроўнасці.”
    “Паўстанне пачалося ў Польшчы ў студзені 1863 г.” “1 лютага 1863 г. ЛПК абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абнародаваў праграмныя дакументы, якія дублявалі праграму польскіх паўстанцаў.” “Напрыканцы лета 1863 г. кіраўніцтва паўстаннем у краі сканцэнтравалася ў руках К. Каліноўскага.”

    Агальныя вынікі паўстання даюцца 8 словамі пра барацьбу за свабоду (“яно будзіла да барацьбы за свабоду наступныя пакаленні”). І ёсць цэлы абзац пра тое, што сяляне “тэрмінова пераводзіліся на абавязковы выкуп зямельных надзелаў, прычым памер выкупных плацяжоў зніжаўся на 20%”.

    Вось такі ён, Каліноўскі – амаль камуніст, што супраць цара, прыгону і саслоўнай няроўнасці, які кіраваў Польскім паўстаннем на Літве і Беларусі. Можа, так. А, можа, проста польскі бандыт.

    Жах, колькі дурасці ў інфармацыйнай беларускай прасторы: штодзённай, адукацыйнай, афіцыйнай.

    УСТАЎКА: “ЧЫРВОНЫЯ”-“БЕЛЫЯ”


    Звярнемся да гістарычных фактаў, каб лепей разумець Канстанціна Каліноўскага. Спачатку пра «белых/чырвоных». Яшчэ да паўстання ў залежнасці ад мэтаў былі дзве плыні, адна з якой мела свае разгалінаванне. Лагер «белых» прадстаўлялі буйныя землеўладальнікі і буржуазія, якія імкнуліся да аўтаноміі Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г., прычым землі ВКЛ яны ўжо бачылі як землі Кароны Польскай. Гэта праціўнікі вайсковых метадаў барацьбы. Лагер «чырвоных» складаўся з дробнай і беззямельнай шляхты, інтэлігенцыі, студэнцтва. Правыя «чырвоныя» былі за незалежную Рэч Паспалітую ў разуменні ўнітарнай Польшчы, дасягненне мэты – праз узброенныя дзеянні. Стаялі на захаванні маёнткаў памечшыкаў з аплатай кошту зямлі, перададзенай сялянам. Левыя “чырвоныя” выступалі за ліквідацыю сацыяльнай няроўнасці (праз знішчэнне саслоўнага падзелу грамадства) і надзяленне сялян зямлёю без выкупа. У нацыянальным пытанні – задача ў той ці іншай форме аднавіць гістарычную Літву. Да крыла левых “чырвоных” належыў Канстанцін Каліноўскі.

    ПАДРЫХТОЎКА ДА ПАЎСТАННЯ. ПАЧАТАК КАНФЛІКТУ К. КАЛІНОЎСКАГА З ВАРШАВАЙ


    У 1961 г. Каліноўскі пасля вучобы ў Пецярбургу вяртаееца да дому, каб потым у Вільні аб’яднаць прыхільнікаў “чырвоных”, якія павінны былі б супрацьстаяць “белым”. Апошнія яшчэ з 1860 г. тутака мелі сваю арганізацыю. Хутка ў плане замест Вільні з’яўляецца Горадня, дзе Каліноўскі збірае сваіх паплечнікаў для падрыхтоўкі паўстання. У сакавіку 1861 г. Канстанцін стварае такую арганізацыю, атрымліваючы падтрымку ад “чырвоных” Беластока (Б. Шварцэ). Але амаль ад самага пачатку абедзве “чырвоныя” адзінкі не знайшлі паразумення іерархіі ва ўсёй паўстаніцкай структуры. Калі Шварцэ бачыў мясцовыя арганізацыі філіялам Варшаўскага цэнтру, дык Каліноўскі рашуча не прымаў умову падпарадкавання Варшаве.

    На прыканцы 1861 г. Шварцэ беспаспяхова спрабуе падпарадкаваць Варшаве ўсіх “чырвоных” Беластока, Горадні і Саколцы. Крыху пазней (1862 г.) Б. Шварцэ спрабуе выйсці на Каліноўскага з ягонымі аднадумцамі праз “чырвоных” Вільні, на развіцце якіх станоўча паўплываў сам Шварцэ. Але перамовы адбыліся марнымі: Віленскі камітэт адстаяў пазіцыю самастойнага кіраўніцтва паўстання ў Літве і Беларусі. Пасля такой паразы Шварцэ накіроўваецца ў Саколку да арганізацыі, якую ўзначальвае В. Урублеўскі і якая павіна была падпарадкоўвацца Беластоку Шварцэ, але на практыцы апынулася працягам Горадні Каліноўскага. Візіт нічога не змяніў, пазней сам Шварцэ зазначаў: “Нават Валеры Урублеўскі, якога я прывёў да прысягі ў Саколцы, <...> даў сябе адцягнуць горадзенскаму Юндзілу і перастаў слухаць Варшаву”.

    Адкрыты канфлікт паміж варшаўскім прадстаўніком Шварцэ і Каліноўскім пачаўся летам 1862 г., калі першы паспрабаваў замацаваць Берясцейскае ваяводства за Польскай Каронай. Такая спроба настроіла супраць Шварцэ ўдзельнікаў суполкі Беластока, чым і скарыстаўся Канстанцін, далучыўшы Беласток да Горадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Праз пераслед жандараў Шварцэ накіроўваецца ў Варшаву і ўваходзіць ў кіруючае кола Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта (ЦНК), дзе абвінаваціў Каліноўскага ў “сепаратызме”.

    Летам 1862 г. Літоўскі камітэт так і не можа прысйці да адзінства па двум важным пытанням: узаемаадносіны Вільні і Варшавы ды ўдзел шляхты ў паўстанні. Менавіта пад час пошукаў такога адзінства Каліноўскі выдае: “Такой бесталковай башцы, як Варшава, нельга даручаць будучы лёс Літвы”.

    Летам таго ж году Віленская арганізацыя выходзіць з-пад уплыву Пецярбурга.

    ПАДРЫХТОЎКА ДА ПАЎСТАННЯ. К. КАЛІНОЎСКІ І ЛІТОЎСКІ СЕПАРАТЫЗМ


    У кастрычніку 1862 г. у Вільні адбыліся перамовы наконт праграмы і адносінаў Літоўскага камітэту з Варшавай. Варшаўскі камітэт прадстаўляў Н. Дзюлеран. Сярод прадстаўнікоў літоўскага боку быў К.Каліноўскі. Зразумела, Дзюлеран казаў аб неабходнасці прыняцця праграмы ЦНК. Каліноўскі адразу з апынуўся ў апазіцыі да ўсіх і блакаваў перамовы. Як вынік, яго пакінулі па-за дзвярмі абмеркавання, прапануючы далучыцца, калі ўсе астатнія прыйдуць да кансэнсуса. Было вырашана, што Літоўскі камітэт прымае праграмму “чырвоных” ЦНК, гэта значыць “поўную і безумоўную залежнасць ад Камітэта руху” (супраць былі Э. Вярыга ды П. Чакатоўскі). Пасля такога галасавання быў абраны склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК), куды трапіў, у тым ліку і Каліноўскі.
    Канстанцін Каліноўскі
    В. Пшыбароўскі, польскі гісторык ды сучаснік падзей, піша пра Каліноўскага: «Ён, уваходзячы ў Літоўскі камітэт, не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, а хацеў, каб гэты камітэт распараджаўся і кіраваў паўстаннем самастойна і ў дачыненні да Нацыянальнага ўраду займаў становішча ўлады роўнай і нікому не падначаленай» і «ён быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сепаратысцкіх літоўскіх памкненняў і неаднаразова выказваўся на сваёй яркай народнай мове, што «дурным варшаўскім галовах нельга давяраць лёсы Літвы».

    Як цікава, што паляк зацвярджае за Каліноўскім беларускую як родную (“на сваёй”).

    У самым канцы кастрычніка ЛПК (а дакладней менавіта Каліноўскі) выдае інструкцыі да павятовых і акруговых начальнікаў (па аналогіі з Варшавай). Але ў тэксце Канстанцін не пакідае згадкі пра ЦНК, і цэнтрам (падкантрольнасць) ён робіць не Варшаву, а Вільню.

    У лістападзе без згоды з ЛПК Варшава падпарадкоўвае сабе арганізацыю Беластока. На пасяджэнні ў Вільні, калі час даходзіць да беластоцкага пытання Каліноўскі ў прамым сэнсе выкідвае Дзюлерана з пакою, дзе адбываецца пасяджэнне. Адказам на крок Варшавы па падпарадкаванню сабе ЛПК былі словы К. Каліноўскага “забіць Шварцэ пры першым яго з’яўленні ў межах Літвы.” Такім чынам, Каліноўскі адхіляе ад улады камісара Цэнтральнага нацыянальнага камітэту ў Вільні і зноў спрабуе выбіць ад Варшавы роўных правоў для ЛПК.

    Лідэр віленскіх “чырвоных” разумее, што без сумеснай барацьбы перамога ў паўстанні немагчымая, таму для каардынацыі сумесных дзеянняў накіроўвае Эдмунда Вярыгу. Магчыма, як шанец для асабістай помсты ў склаўшыхся абставінах знайшоў Шварцэ, які паспрабаваў прадставіць Варшаву. Але Э. Вярыга адмовіўся ад сустрэчы з ім, і перамовы праводзіў з Оскарам Авейдэ.

    Спіс патрэбаванняў Вільні да Варшавы, які Вярыга прадставіў Авейдэ:
    1) выдаць статут, які б вызначаў узаемныя адносіны двух камітэтаў;
    2) абодва яны павінны быць прызнаны цалкам роўнымі, а ЦНК – толькі першым паміж роўнымі;
    3) упаўнаважаныя ад абодвух камітэтаў, пастаянныя агенты ці камісары, павінны быць таксама роўнымі як у адносінах да прызначанай ім ролі, так і ў адносінах правіл для іх прызначэння і выдалення;
    4) прызначыць канчатковы тэрмін паўстання не інакш як са згоды абодвух камітэтаў;
    5) не пасылаць з Варшавы ў Літву рашуча ніводнага агента, за выключэннем пастаяннага віленскага;
    6) выдаліць безадкладна Дзюлерана і таксама безадкладна аддаць беластоцкую арганізацыю ў распараджэнне Літоўскага камітэта.

    Варшава адмовілася прыняць патрабаванні і вынікам паездкі стала:
    1) першынство і ўлада ЦНК засталіся недатыкальнымі;
    2) камісар яго ў Вільні карыстаўся большымі правамі, чым упаўнаважаны літоўскі агент у Варшаве;
    3) улада ЛПК у межах “правінцыі”, г.зн. Літвы і Беларусі, прызнавалася поўнай і выключнай, аднак жа яна абмяжоўвалася загадамі ЦНК, кантролем камісара і неабходнасцю яго згоды пры рашэнні некаторых пытанняў першаступеннай важнасцi. Для гэтага была ўстаноўлена асобная камісарская пячатка;
    4) пастаноўлена было больш не дасылаць з Варшавы агентаў у Літву;
    5) тэрмін паўстання вырашана было прызначыць са згоды літоўскага ўпаўнаважанага агента; у адваротным выпадку Літва вызвалялася ад абавязку прыняць яго.
    6) Н.Дзюлеран будзе выдалены, а замест яго адправяць Ю.Верашчынскага. Беласток вернецца пад кантроль Літоўскага камітэта.

    Беласток быў вернуты да Літвы. Каліноўскі і ягоныя ідэйныя паплечнікі рашуча не прымаюць адказ Варшавы наконт падкантрольнасці, канфлікт толькі ўзрастае. Літоўскі камітэт робіць яшчэ адзін заход для паразумення, але на тых жа сваіх ўмовах, і накіроўвае да Авейдэ Баляслава Длускага. Паўтары месяца перамоваў з пачатку снежня 1862 г. не прынеслі ніякіх вынікаў. Авейдэ зазаначае: “нягледзячы на такі працяглы час, нягледзячы на ўсе магчымыя саступкі з боку Цэнтральнага камітэта і на мае самыя напружаныя намаганні, згода паміж намі не адбылася. Недавер і настойлівасць правінцыялаў былі сляпыя, а Длускі быў упарты, цвёрды да закаснеласці літовец, прытым чалавек тупы і які губляўся ў дробязях”.

    Такім чынам, нават напярэдадні паўстання пытанне ўзаемаадносінаў паміж Вільняй і Варшавай не вырашанае. У Польскай Кароне Каліноўскага і паплечнікаў называюць “літоўскімі сепаратыстамі”.

    УСТАЎКА: НАЗВЫ І ІХНЫЯ РАЗУМЕННІ


    Прабачце, але трэба зрабіць устаўку. Важны і складаны момант разумення назваў. Пачнем з суперэтнатапоніма Польшча. Рэч Паспалітая Абодвух Народаў – хаўрус Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Шматузроўневая нацыянальная ідэнтіфікацыя, калі “грамадзянін” Літвы ў вызкім сэнсе і Польшчы – ў шырокім. Так шмат хто з мясцовай шляхты ўсвядамляў сабе прадстаўніком “літоўскага племені польскай нацыі”. З часам Польская Карона пачала этнічную Польшчу “распаўсюджваць” і на землі ВКЛ, бачачы не хаўрус, а адзіную унітарную польскую краіну. Частка спаланізаванай літоўскай шляхты атаясамляла сябе менавіта з такой Польшчай, частка – па-ранейшаму з Літвой. І паўстанне 18663-1864 гг. гэта добра паказала.

    Літва – таксама назва з дваістай і болей сутнасцю. З аднога боку, гэта землі ўсяго ВКЛ; з-другога, гістарычны цэнтр ВКЛ (Наваградчына, Горадзеншчына, Берасцейшчына, Віленшчына і частка Меншчыны); з-трэцяга, балцкі ў этнаграфічным сэнсе (прадстаўнікі балцкага племя XII-XIIIст.ст). Лічыцца, што беларускі этнас склаўся да XVст. з саманазвай літ(ц)віны. Пры гэтым русінамі часта называлі праваслаўных па веры ў ВКЛ і таксама жыхароў усходнеславянскіх земляў дзяржавы (ў свай час русінамі/рускімі назывылі менавіта продкаў беларусаў і ўкраінцаў). Не блытайце з сучасным значэннем слова «русский».

    Славянскі (беларускі этнас) чыннік у ВКЛ быў дамінанты, але быў не адзіны, бо быў яшчэ балцкі этнас. Сённяшняя краіна, якая па расейскамоўнай традыцыі завецца «Литва», паўстала менавіта з яго. На мове ёйнага народа краіна называецца Lietuva – Летува (саманазва краіны). Літва і Летува і па часу, і па этнічнасці сутнасна розныя дзяржавы.

    Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землі былога ВКЛ адышлі да Расейскай Імперыі. На зямлях былого ВКЛ у складзе Расеі былі створаны 6 губерняў: так званыя літоўскія (Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская) і беларускія (Віцебская і Магілеўская). Кажучы пра рэгіёны ў той ці іншай ступені асабістага разумення тэрмінаў гэтыя землі маглі называць Літвой і Беларуссю (русск. Белоруссией). Назвы губерняў літоўскія-беларускія этнічнага размежавання Літва-Беларусь у сэнсе сучасных Летува-Беларусь не маюць. Таму, калі будзе сустракацца адзіны тэрмін Літва – трымаем на ўвазе значэнне ў шырокім сэнсе (ВКЛ). Калі ж побач ідуць Літва і Беларусь – можна прыблізна ўяўляць сабе межы літоўскіх і беларускіх губерняў без прывязкі да сучаснай мяжы Летува-Беларусь.

    Беларускія і Літоўскія Губерні як землі былога ВКЛ у складзе Расейскай Імперыі

    У другой палове XIXст. – наступствы паўстанне дужа прычынілася да гэтага – «русін» і «літ(ц)він» змяняюцца на «беларус» («Беларусь»). У сваю чаргу за балцкім этнасам былого ВКЛ у часе нацыянальных рухаў замацоўваецца “литовец” і “Литва” па-расейску альбо па-летувіску “lietuvis” і “Lietuva”, ў адпаведнасці. Жамойць (ці часам Жмудзь) – гэта неафіцыйная назва Ковенскай губерні – зямель, якія былі выдзелены ў 1842г. са складу Віленскай губерні ў большасці па крытэрыю перавагі балтамоўнага насельніцтва. У часы ВКЛ тут была аўтаномная адзінка — Жмудзкае староства.

    Калі з сёняшнімі назвамі нам прасцей, дык для тых, хто жыў у часы нараджэння нацыяльных рухаў, стварэння мадэрных нацый, у сэнсе назваў было цяжэй. Гэта пастаянны пошук, прычым і ў межах адной асобы таксама.

    У сярэдзіне XIXст. вядомы Адам Міцкевіч (які ліцьвін польскай нацыі) зазначаў:
    “На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай <…> размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана. У пэрыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпляматычнай перапіскі”.

    Віктар, старэйшы брат К.Каліноўскага, называў беларускую мову беларускай або крывіцкай. У не надрукаваным варыянце шостага нумара «Мужыцкай праўды» Каліноўскага беларускаму народу гаворыцца: «Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».

    А гэта з закліку польскай моладзі да жанчын беларуска-літоўскіх зямель пад назвай “Літвінкі і Русінкі” напярэдадні паўстання:
    “Вось яно бяссмертнае завяшчанне напісанае 8-га красавіка крывёю польскай на вуліцах Варшавы! <…> У роспачы ад такой тыраніі і ў надзеі толькі на Бога, заступніка ўсіх прыгнечаных, бацькаўшчына звяртаецца нарэшце да Вас дачкі Літвы, Жмудзі, Русі!”

    Урывак з оды ”Бокал заздравный поднимая”, якую М. Някрасаў прысвяціў пасля паўстання 1863-1864 гг. М. Мураўёву і зачытаў яму асабіста:
    Мятеж прошёл, крамола ляжет,
    В Литве и Жмуди мир взойдёт;
    Тогда и самый враг твой скажет:
    Велик твой подвиг… и вздохнёт.

    Адзін з пачынальнікаў ідэалогіі заходнерусізму на Беларусі М. Каяловіч, што нарадзіўся ў Горадзенскай губерні ў мястэчку Кузніца (зараз Польшча), зрабіў вялікі ўплыў на прыняцце назваў “беларус” і “Беларусь”. Пры гэтым Каяловіч на самым пачатку пошукаў нацыянальнай самасвядомасці ўспрымае сабя ліцьвінам:
    «Вам, напэўна, вядома, што студэнты акадэміі на чацьвёртым курсе пішуць курсавыя працы на навуковую ступень. Я працаваў над гісторыяй вуніі ў Літве, бо гэтая тэма была здаўна роднай і блізкай майму сэрцу як ліцьвіна».


    ПАЎСТАННЕ 1863-1864 гг.

    Паўстанне 1863-1864 гадоў
    Без паведамлення Вільні Варша пачынае паўстанне 22 стузденя 1863 г. Пра адсутнасць ўзаемнай каардынацыі сведчыць і тое, што Літва апынулася зусім непарыхтаванай да ўдзелу. Цяжкі выбар далучэння да паўстання з’явіўся ў Каліноўскага, які накіроўвае Я.Козела параіцца з З. Серакоўскім у Пецярбург, а пасля да Л. Звяждоўскага ў Максву. А выбар невялікі – без удзелу Польскай Кароны адной толькі сілай Літвы і Беларусі не выглядае магчымым перамагчы і толькі адкідвае на непрадказальна доўгі час наступную спробу.

    1 лютага Літоўскі правінцыяльны камітэт ператвараецца ў Часовы правінцыяльны ўрад у Літве і Беларусі, які ўзначаліў Каліноўскі. Урад выдае “Паўстанцкую інструкцыю”, дзе 8-мы пункт змяшчае: “Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян для прыкладу караць смерцю па рашэнні вайсковага суда перад сабраным сялянскім народам, не дапускаючы самачыннай расправы”. У варшаўскай “Інструкцыі” такого пунтку супраць “прыгнятальнікаў” не было. Для Каліноўскага такімі прыгнятальнікамі з’яўляюцца буйныя паны, цалкам поланізаваныя. Цераз планы перадачы зямлі ад паноў да сялянаў (сацыяльны аспект), Канстанцін прыходзіць да бачання перадачы маёмасці ад споланізаванай літоўскай шляхты (якая ўжо цалкам з усвядоміла сабе каронымі палякамі) да народу, які захаваў сваю мову, а па-беларуску размаўляюць беларусы (нацыянальны аспект).

    Непаразуменні з апазіцыяй сярод “белых” і іншых “чырвоных” толькі павялічваліся. Пасля навіны пра пачатак паўстання “белыя” Вільні абіраюць свой Камітэт на чале з Якубам Гейштарам і выпраўляюць А. Яленскага да Варшавы на ўзгадненне далейшых сумесных дзеянняў. Як вынік, Варшава падтрымлівае пераварот і заход улады “белымі”. 27 лютага Варшава выдае загад аб распоску Ўрада Каліноўскага і стварэння Аддзелу кіравання правінцыямі Літвы (на месцы ад Каліноўскага запатрабавалі “выдаць паслядоўнікам сваім пячатку, дакументы, перапіску і грошы”). А Дзюлеран зноў прызначаўся варшаўскім камісарам у Вільні. “Белыя” Вільні цалкам прынялі умовы падпарадкавання Часоваму нацыянальнаму ўраду (ЧНУ) ў Варшаве. Асабіста варта зазначыць і тое, што адхіленне Каліноўскага на карысць “белых” зрабіла менавіта “чырвонае” кіріўніцтва Варшавы (С. Баброўскі).

    Такім чынам, урад Каліноўскага не вытрымаў і месяца. У адказ Канстанцін накіроўвае пратэстны ліст да ЧНУ:
    “Правінцыяльны камітэт саступае і падпарадкоўваецца галаве паўстання таму, па-першае, што не жадае распачынаць згубных для рэвалюцыі звадаў і нязгод, а, па-другое, таму, што не адчувае сябе дастаткова моцным, каб вырваць кіраўніцтва спраў з рук сваіх праціўнікаў. Аднак члены камітэта лічаць сваім абавязкам аб'явіць разам з тым, што яны лічаць гібеллю і здрадай рэвалюцыі перадачу кіраўніцтва ў рукі контррэвалюцыянераў – заўсёдных ворагаў і рэвалюцыйнага руху наогул, і прынцыпаў маніфеста ад 22 студзеня ў прыватнасці, што яны пратэстуюць супраць такога рашэння Цэнтральнага камітэта, здымаюць з сябе ўсякую адказнасць перад будучыняй за ўсе памылкі і за ўсе страты і няшчасці, якія прынясе процілеглае духу і тэндэнцыям паўстання кіраўніцтва літоўскай справай”.

    То бок, тут Каліноўскі залічвае ў склад сваіх праціўнікаў тых, хто стаіць за адзіную Польшчу. Становіцца відавочна, што “літоўская справа” Канстанціна дужа адрозніваецца ад польскай.

    Новы Аддзел кіравання скасоўвае пастановы свайго папярэдніка, бо Варшава не падзяляе поглядаў Урада Каліноўскага па сацыяльнаму і нацыянальнаму пытаннях. Як бачна, нацыянальныя мэты Польскай Кароны перавысілі несупадзенне поглядаў на сацыяльнае пытанне “чырвоных” і “белых”: “чырвоныя” Варшавы падтрымалі “белых” Літвы. Спыніць пераварот было немагчыма, больш за тое, да нязгодных быў агучаны ультыматум: іх выдадуць расейскім уладам. Каліноўскі вымушана пагаджаецца стаць памочнікам кіраўніка па Вільні. Але неўзабаве Гейштар ставяць яго ў якасці камісара Горадзенскага ваяводства (сакавік).

    Будучы ў Беластоку, Каліноўскі ўводзіць у справаводства беларускую мову: выпускае загад на заступленне на пасаду камісара па-беларуску.

    КРЫЗІС “БЕЛЫХ”. КАЛІНОЎСКІ – ДЫКТАТАР (КІРАЎНІК) ЛІТВЫ І БЕЛАРУСІ


    З часам “белых” спасцігнуў крызіс. “Белыя”, маючы ўладу, выдалялі сваіх канкурэнтаў. Прычым на месцы актыўных маладых “чырвоных” прыходзілі памешчыкі, якія мелі важнасці значна больш, чым дзеянняў. Варшава, разумеючы немінучы правал паўстання, прымае рашэнне ўвесці сялянства ў барацьбу. Пад пячаткай Аддзела, кіруючага правінцыямі Літвы выходзіць зварот “Браты Беларусы, прыйшла пара добрая”.

    У другой палове траўня 1863 г. царская жандарская актыўнасць праз цэлы шэраг арыштаў амаль што спыняе дзейнасць арганізацыі “белых”. Не маючы альтэрнатыў, Гейштар і Дзюлеран залічваюць Каліноўскага ў кіраўніцтва Аддзелам кіравання правінцыямі Літвы. Сімбалічна прайшоў “пераварот” улады: паплечнік Каліноўскага – Ўладзіслаў Малахоўскі – прыйшоў да Гейштара і кінуў таму на стол пячатку без польскага Арла і толькі з адной Літоўскай Пагоняй. Гэтая пячатка была зроблена па асабістаму загаду Канстанціна.

    Першае, што робіць пасля перавароту Канстанцін, – выдае загад “да народу зямлі літоўскай і беларускай” (11 чэрвеня 1863 г.). Дакумент, які быў напісаны на беларускай мове, тлумачыць, што “Дзела наша – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці, якой вашыя дзяды і бацькі здаўна ждалі”.

    Праз некалькі дзён Аддзел будзе перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а па загаду Каліноўскага для Аддзелу будзе створана новая пячатка: “Літоўскі Камітэт. Свабода. Роўнасць. Незалежнасць”.

    У ліпені Варшава атрымлівае ад Вільні праект дакумента, дзе ўзаемаадносіны паміж Выканаўчым аддзелам Літвы і Часовым нацыянальным урадам прапісаныя як роўныя. Да дакументу таксама прыкладзена новая пячатка Аддзелу. Без атрымання прызнання раўнапраўя Каліноўскі гатоў быў спыніць стасункі з Каронай Польскай. Па заўвазе суайчынніка В. Ратча, расейскага ваеннага гісторыка, пра настрой Каліноўскага: “Літва і Беларусь – самастойная дзяржава”.

    Каліноўскі рашуча ідзе да незалежнасці былога Княства Літоўскага.

    У ліпені 1863 г. да Каліноўскага у Вільню прыязжае з Варшавы камісар Нацыянальнага ўрада – Лявон Главацкі. Два галоўных пытання: незалежнасць Літвы ад Польшчы і перадача зямлі сялянам. Марна. Пасля варшаўскага камісара дамовіцца з Каліноўскім спрабуе ўдзельнік Нацыянальнага ўраду Оскар Авейдэ. Апошні таксама прыехаў да Канстанціна ў Вільню. Пра гэтую сустрэчу Ўсевалад Крастоўскі зафіксаваў наступнае:
    “Але дарэмна бегаў Авейдэ на віленскія нямецкія могілкі для спатканняў і перамоў з Каліноўскім. Гэты апошні не згаджаўся ні на што і заявіў, што яму няма справы да Кароны, што Літва і Беларусь – зусім асобная і самастойная дзяржава… У часе яго кіпучай дзейнасці і нават пасля арышту паміж… віленскім насельніцтвам, таксама як і на Жмудзі, доўгі час хадзілі цёмныя чуткі, што недзе, маўляў, у Вільні пражывае “Круль Літвы”, які хоча “адхіліцца ад палякаў” і завесці «сваё ўласнае крулеўства»”.

    Пра шэраг сустрэч Каліноўскага і Авейдэ В.Ратч пазначае, што Авейдэ не здолеў “ўламаць Каліноўскага, угаварыць яго любоўю да польскай Айчыны, пра якую самазванец-дыктатар Літвы і Беларусі рашуча ведаць не жадаў”.

    Авейдэ ўсё ж перадае “Крулю Літвы” пячатку і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Літве і Беларусі.

    У часы, калі Каліноўскі ў другі раз становіцца на чале Ўраду (з лета 1863 г.), і была сфармулявана беларуская нацыянальная ідэя. Мажліва, у большасці сучасных беларускіх чыноўнікаў гэта можа выклікаць пачыццё ўнутранай занепакоенасці, непрымання і агіды, але на чале з Каліноўскім дакументы арганізацыі пачаліся весціся на беларускай мове.

    Кажучы пра беларускую мову і беларускі народ, нагадаем словы В.Булгакава, беларускага філолага, галоўнага рэдактара часопісу ARCHE: “Пасля паўстання Беларусь стала ўспрымацца так, як мы разумеем яе цяпер: як вялізная краіна, ад Чарнігава і да Берасця, ад Беластока і да Смаленска, ад Дзвінска і да Пінска, населеная этнічнымі беларусамі, якія гавораць па-беларуску.”

    Дыктатар Літва і Беларусі Каліноўскі

    НАПЯРЭДАДНІ ПАЎСТАННЯ. БРАТЫ КАЛІНОЎСКІЯ І ПЕЦЯРБУРГ


    Для лепшага разумення светапогляду Каліноўскага ўзгадаем яго ўніверсітэцкія часы. У студзені 1856 г. Канстанцін накіроўваецца да брата Віктара ў Маскву, каб пуступіць ва ўніверсітэт. Адам Кіркор, будучы дзеячам Археалагічнай камісіі пры Музеі старажытнасцей у Вільні, прапанаваў Віктару працу ў Пецярбурзе. У ліпені 1856 г. малодшы Каліноўскі пакідае ўніверсітэт і браты пераязжаюць. У кастрычніку Канстанцін стаў студэнтам Пецярбургскага універсітэта.

    З дапамогай старэйшага брата Канстанцін наладжвае кантакты з шэрагам рэвалюцыйных суполак. Асяроддзе Віктара і ягоны светаполяд значна ўплываюць на малодшага брата, які з шчырай цікавасцю падзяляе інтарэсы брата. Віктар шмат часу праводзіць, працуючы з дакументамі па гісторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасці. Віктар Каліноўскі – аматар і знаўца асабліва каштоўных і рэдкіх выданняў, на якія выкарыстоўваў значную частку свайго бюджэту. Канстанцін дапамагаў яму і па даследніцкай дзейнасці, і ў пошуках і набыцці кнігаў. З 230 выданняў, што змаглі назбіраць браты, пераважную большасць складалі працы менавіта па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

    Сярод іншых даручэнняў Кіркора, Віктар Каліноўскі займаўся перапісваннем твора, які тлумачыў межы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскага Каралеўства.

    Пра асабісты погляд братоў Каліноўскіх на ВКЛ было вядома яшчэ ў пецярбуржскія часы іхнага жыцця. Вось што зазначыў прафесар Мікалай Кастамараў, з якім нейкі час працаваў Віктар:
    “Мне не здаралася ў жыцці бачыць чалавека, які так аддана захапляўся археаграфіяй і гісторыяй. Яго веды не йшлі далей Літвы і Польшчы, але затое яго можна было назваць хадзячым каталогам самых дробязных звестак пра мінулы побыт гэтых краёў. Каліноўскі ў асяроддзі сваіх суайчыннікаў выклікаў нават незадавальненне за тое, што смела прамаўляў рэчы, якія тагачасным польскім патрыётам былі не даспадобы”.

    МУЖЫЦКАЯ ПРАЎДА І ЛІСТЫ З-ПАД ШЫБЕНІЦЫ


    У 7 нумарах газеты “Мужыцкая праўда” і знойдзеных трох (а іх было больш) “лістах з-пад шыбеніцы” беларусам дасталася ад Каліноўскага, бязумоўна, вялікая спадчына (прычым напісаная ім па-беларуску). Але мы іх узгадаем з таго боку, з якога міфы пра іх выкарыстоўваць шэраг “навукоўцаў” ды ідэолагаў Беларусі і Расеі, што потым шырока і бяздумна рэтранслюецца беларускім народам.

    Па-першае, у якасці доказу польскасці Каліноўскага прыводзяць ліст “Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай” з радком “Мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з вякоў вечных.” Разам з ім нагадваюць яшчэ і адозву (Маніфест) “браты-Беларусы, прыйшла пара добрая”, ў тэксце якой “ўсе сыны адной Польшчы-Айчызны нашай, што ўсем мужыкам аддаецца на ўвесь век земля, якая была ў іх ужывальносці без жаднай паньшчызны і чыншы ніякага атработку”. Параўнанне з папярэднімі нумарамі “Мужыцкай праўды” і “Лістамі з-пад шыбеніцы”, якія выйшлі ў наступным, выяўляе значныя адрознянні ў выкарыстанні моўных сродкаў, выбары словаў, формаў ды падыходу падачы інфармацыі. Болей за тое, на момант, калі было выдадзена гэта “пісьмо ад Яські” (3 траўня 1863 г.), у Каліноўскага была толькі пячатка “Урадавы камісар Горадзенскага ваяводства”, а “Пісьмо” замацована пячаткай ў выглядзе герба з каронай над выявамі Арла, Пагоні ды Архангела Міхаіла. Менавіта Я.Гейштар ды Н.Дзюлеран падрыхтавалі “пісьмо” разам з Маніфестам, які таксама быў выдадзены 3 траўня і замацованы пячаткай Аддзелу, кіруючага правінцыямі Літвы, даступу да якой у Каліноўскага не было.

    Варта таксама дадаць, што ў чэрвені 1863 г. Каліноўскі выпускае сёмы нумар сваёй “Мужыцкай праўды”. У 1862 г. газета друкавалася з перыядычнасцю ў месяц (1-ы нумар вышаў у кан.чэрвеня – пач.ліпеня 1862 г.; №2 – канцы жніўня; №3 – верасні; №4 – кастрычніку; №5 – лістападзе; №6 – снежні). Шосты нумар задумваўся як апошні. Праз паўгады пасля шостага нумара Яська-гаспадар Каліноўскага зноў звяртаееца да сялянства, спрабуючы зняць варшаўскую прапагандную недарэчнасць у дзвюх адозвах ад 3 траўня. І Каліноўскі робіць гэта як раз пасля свайго “перавароту” і вяртанні да ўлады ў Вільні. Сёмы нумар “Прыказ… да народу зямлі літоўскай і беларускай” атрымліваецца самым вялікім з нумароў. Ён абагульняя папярэднія 6 і тлумачыць, што трэба рабіць далей. Прынцыпова, што на Карону Польскую ён глядзіць звонку, адасабляецца: “у Польшчы мужыкі, таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго» і «памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы».

    Па-другое, кажучы пра “лісты з-пад шыбеніцы”, той бок, які не прызнае Каліноўскага-беларуса, а толькі Каліноўскага-паляка, наўмысна ці не хавае поўную назву: “Да люду Беларускага. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага». Дарэчы, у сваём такім першым лісце Канстанцін з самога пачатку праводзіць мяжу і з палякамі, і з маскалямі: “пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці.”

    Таксама бачым у лісце: “Няхай той сам судзіць, хто пісьмо маё чытаці будзе, я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам польскім не заўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на свеце.”

    У лістах бачым ягонае атаясамленне з беларускім народам.

    Паўстанне Канстанціна Каліноўскага

    ЯШЧЭ 850 СЛОЎ ПРА “ПОЛЬСКАГА” КАЛІНОЎСКАГА


    Нажаль, існуе цэлая процьма ідэалагічных усталёвак пра Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, якія распаўсюджваюцца сярод шырокага кола насельніцтва і хаваюцца за аб’ектыўны навуковы падыход. Пры аналізе гэткі “навуковы” падыход рассыпаецца, бо пярэчыць фактам, якія ці ўмысна замоўчваюцца, ці просто невядомыя. Адна справа, што такі погляд (імпэрская трактоўка) у Расеі, але зусім іншая, калі такія гістарычна памылковыя думкі разносяць і ўпарты папулярызуюць навукоўцы, чыноўнікі, царкоўныя служачыя ці грамадска-палітычныя дзеячы менавіта ў Беларусі.

    Бадай, адзін з самых папулярных заходаў прыхільнікаў “польскасці” Каліноўскага – імкненне паказаць паўстанне як з'яву выключна памешчыцкую. Але ж “польскі” Каліноўскі наодварот жа бачыў цэль і сродак паўстання – сялянства. Так падручнік па гісторыі Беларусі ад 2018 г., які мы ўжо ўзгадвалі на пачатку, сцвярджае, што доля сялянаў у паўстанні ў Беларусі склала 18%. На падставе аналізу лістоў сялян, сасланых у Сібір, гісторык В.Кабан падлічыў, што вясковы фактар ва ўдзельніках паўстання складаў 55% (з лета 1863г. і да канца паўстання). На 1 лістапада 1863 г. у вязьніцы Горадні было 259 прадстаўнікоў шляхты, 13 ксяндзоў і 339 сяляніна, прычым асноўную частку сялянаў выпусцілі проста пад гарантыі аднавяскоўцаў ці пад нагляд паліцыі. У асноўным каралі менавіту шляхту, а сялянства адпускалі (калі толькі тыя ў сваім змаганні не шлі да апошняга). Праз адсутнасць памяшканняў для ўтрымання затрыманых шмат сялянаў адпускалі і без суда. Прапаганда несялянскага паўстання працавала яшчэ з 1863 г., таму царскія ўлады намагаліся паказаць як мага меньшае дачыненне сялянства да паўстання. Афіцыйныя лічбы, якія ёсць зараз на руках, даўно патрабуюць пераправеркі. Не меньш, чым кожны трэці ўдзельнік – сялянін, а гэта больш за 23 тыс. чалавек (з агульных 70 тыс.).

    Іншы буйны складнік прапаганды “польскасці” Каліноўскага – гэта змаганне «паляка» Каліноўскага ў плоскасці абароны каталіцызму і нападкаў на праваслаўе. Па-першае, Каліноўскі за уніяцтва, якое было скасавана 1839г. і да якога належылі тры чвэрці насельніцтва тэрыторіі Беларусі да падзелаў Рэчы Паспалітай. Уніяцтва – гэта ня проста вера народа, а ягоная нацыянальная адметнасць, важны маркер беларускасці (гл. “Мужыцкую праўду” №6), нацыянальная кансалідацыя, згодна з Каліноўскім. Для іх было відавочна, што праваслаўная царква на Літве і Беларусі абараняе інтарэсы расейскага цара; каталіцтва Каліноўскаму таксама далёка, бо гэта падтрымка буйной спаланізаванай шляхты – паноў – праціўнікаў шчасця сялянаў. Каліноўскі абараняяў веру бацькоў, якая адрознівала беларусаў і ад Польскай Кароны, і ад Расеі. Шварцэ зазначаў: “гвалтоўны перавод пры Мікалаю І літоўскіх уніятаў у праваслаўных, рэлігійны рычаг можна на Літоўскай Русі найэфектыўней парушыць, асабліва пры глыбокай нянавісці да маскалёў”.

    Па-другое, мы зноў сустракаемся з умелай мураўёўскай прапагандай пра антыправаслаўны чыннік паўстання. Сярод паўстанцаў, шмат было праваслаўных. Мураўёўскія памагатыя пакаралі 14 праваслаўных святароў. А сярод удзельнікаў пецярбуржскай рэвалюцыйнай арганізацыі з “польскім” ухілам (дзе былі Серакоўскі, Дамброўскі, Каліноўскі) 40 з 116 былі праваслаўнымі. Для каго існавала праваслаўная сялянская прысяга, калі праваслаўных сялянаў сярод удзельнікаў не было? Зноў жа ў межах надання паўстанню ярка акрэсленых ксёндза-шляхецкіх рысаў сапраўдная колькасць праваслоўных замоўчвалася, і тысячам з іх у пэўнай стэпені праз гэта пашанцавала, бо гэта быў іхны паратунак пазбегнуць пакаранне за ўдзел.

    Каліноўскага выстаўляюць русафобам. Калі ўважліва азнаёміцца са светапоглядам Каліноўскага, будзе зразумела, што вораг для яго – царызм (маскаль) і тыя чыноўнікі і армія, якая дапамагая цару трымаць такую ўладу. А сам “рускі” (у сэнсе расейскі) народ ён называе братам. Як вядома, у Расеі таго часу таемныя арганізацыі таксама рыхтаваліся да рэвалюцыі, і Каліноўскі шчыра жадаў, каб Расея стала дэмакратычнай краінай. Расейскія дэмакраты – гэта ягоныя хаўруснікі ў змаганні з царызмам. Каліноўскі, 1 студзеня 1863 г.: “Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм”.

    Ці «Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расеі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія пасягаюць край наш няшчасны».

    Дзіўна, але паплечнкі “польскага” Каліноўскага цапляюцца за места нараджэння: Беласточчына, Польшча. Згодна з гістарычнымі крыніцамі, Беласток быў заснаваны літоўскім князем Гедымінам у 1320 г. З таго часу і да 1795 г. Беласток – гэта горад ВКЛ. З 1795 г. па 1807 г. належыў Прусіі, а з 1807 г. – у складзе Расеі ў Горадзенскай губерніі. Паводле Рыскага міру з 1921 г. у складзе Польшчы, з 1939г. – у БССР, у 1945 г. па загаду Сталіна ідзе як падарунак польскім камуністам. Сапраўдная польская гісторыя Беласточчыны пачалася менавіта пасля 1945 г. Мастаўляны – месца нараджэння Канстанціна – амаль што прама на мяжы сучасных Польшчы і Беларусі.

    Таксама прыпісаць змаганне за Польшчызну Каліноўскама спрабуюць праз ягонае імя Вікенцій. Так, Вікенцій – каталіцкае імя, якое яму далі ў адпаведнасці з традыцыяй па дні нараджэнні. А вось Канстанцін – гэта імя, якое бацькі ўжо выбралі самі (у гонар святара уніяцкай царквы, з якім сябравалі), каб выкарыстоўвываць у сям’і. У афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася форма “Вікенцій-Канстанцін”, што адпавядае ўласнай метрыцы. Беларускі гісторык В. Герасімчык, працуючы ў архівах, прааналізаваў формы імя Каліноўскага ва ўжыванні: “У следчых жа дакументах паўстання 1863–1864 гадоў Каліноўскі ў пераважнай большасці момантаў названы “Канстанцін”. У іншым выпадку, пры звароце следчых да сяброў Каліноўскага, адзначалася, што ён “не Вікенцій, а Канстанцін”. Пад гэтым імем ён фігуруе ва ўспамінах і гістарычных працах сваіх сучаснікаў”. “… у гонар Канстанціна Каліноўскага назваў сына, народжанага 31 мая 1890 года, яго брат Міхаіл”.

    Па меркаванню В. Кардовіча, польскага гісторыка і даследчыка Каліноўскага, імя Канстанцін – “зневажальнае ў шляхецкіх колах, абуджала надзею ў сялянскіх масах” і зрабілася “сімвалам барацьбы за агульнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа".

    ЧЫЙ КАЛІНОЎСКІ?


    Для Расейскай Імперыі Каліноўскі вораг. Нават пасля шыбеніца 10 сакавіка 1864 г. ён такім і застаецца.

    Хто для Польшчы? Удзельнік антырасейскага паўстання і літоўскі сепаратыст. Ягоныя сучаснікі і даследчыкі, польскія гісторыкі, Б. Ліманоўскі і В. Пшыбароўскі падкрэсліваюць, што планы і погляды Каліноўскага зусім не адпавядалі планам Варшавы. Сакратар Нацыянальнага ўраду Ю.Яноўскі бачыў у ім “шчырага апостала беларускага народу, сапраўднага героя паўстання 1863 года”. У Польшчы хапае сапраўдных герояў Кароны Польскай, што бралі ўдзел у Студзенскім паўстанні.

    Летува? Звычайна летувіскія гісторыкі цянуць да сабе ўсялікія згадкі пра Літву і кладуць іх на свой рахунак, нават калі за літоўскасцю стаіць не балцка-летувіская сутнасць, а беларускае нутро. У выпадку з Каліноўскім летувісам цяжка разглядаць яго ў якасці нацыянальнага героя. Проста адзін з лідэраў паўстання на тэрыторыі былога ВКЛ. Пасля 1863-1864 гг. значна ўзмацніўся нацыянальны ціск у літоўска-беларускіх губерніях. Акалічнасці гэтага ціску з аднога боку, запаволілі беларускі нацыянальны рух, а з другога – апынуліся больш спрыяльнымі для летувіскага адраджэння, прадстаўнікі якога першымі пачалі патрабаваць нацыянальную дзяржаву са сталіцай у Вільні. Тут ёсць за што ўшаноўваць Костаса Калінаўскаса.

    Па сутнасці пра Замкавую гару ў Вільні ведалі заўсёды. У часы Першай сусветнай вайны спрабавала ўшанаваць месца. Але немцы ўсё знішчылі. У 1920-я пасля прыходу Польшчы ўшанаванне аднавілі. Але пасля перадачы Сталіна Вільні на карысць Летувы ў 1939 г. і прыходу саветаў наступным года мемарыял разбурылі. Неаднаразова былі прапановы ад грамадскасці аб ушанаванні, але яны ўсе былі адхіляныя (спачатка летувіскімі савецкімі, а потом і летувіскімі нацыянальнымі ўладамі). Пошукі аднавілі адносна нядаўна прычым беларускі бок, прычым беларускі неафіцыйны бок. Як бачам, пошукі апынуліся паспяховымі. Дзякуй беларусам!

    Паўстанне Каліноўскага было беларускім

    КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ І РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ


    У сёмым томе “Беларускай энцыклапедыі” (1998 г.) Каліноўскі – лідэр нацыянальнага вызваленчага руху. Другі том “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці” зазначае, што “ў ходзе паўстання К. Каліноўскі дэкляраваў ідэю пра палітычную суб’ектнасьць Беларусі ў адносінах з Расеяй і Польшчай”. Сайт Архівы Беларусі ад Дзяржаўнай ўстановы «Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі» пра Каліноўскага дае “Выступаў за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа.”

    Здаецца, і афіцыйная навука прызнае ў асобе Канстанціна Каліноўскага нацыянальнага героя. Але для сучаснай улады ў Беларусі ён герой нязручны. Яна, быццам, працягвае міт у незалежнай Беларусі, які пайшоў яшчэ ад М.Мураўёва і які ў лепшых традыцыях расейскай імперскай трактоўцы існуе зараз у расейскай гістарыяграфіі.

    Так ў пачатку 1990-х падручнік па гісторыі Беларусі называў Каліноўскага “нацыянальным героем. Падручнік 2002 г. характарызуе Канстанціна як адважнага і адукаванага хлопца, які ўсе ж-такі загінуў бессэнсоўна. Падручнік у рэдакцыі 2008 г. сцвярджае, што Каліноўскі, паводле этічнай ідэнтыфікацыі, паляк і “ніякіх падстаў для ператварэння К.Каліноўскага ў “нацыянальнага героя беларускага народа” не існуе”. Дарэчы, аўтар падручніка – гісторык Якаў Трашчанок – выкладчык будучага прэзыдэнта Беларусі ў Магілёўскім унівэрсытэце. Як памятаем, падпадручнік ад 2018 г. значна лепей, але ён паўстанне Каліноўскага нацыянальным не называе.

    Для беларускай улады Канстанцін Каліноўскі – незручны герой. Ён, канечне, ёсць, але лепей пра яго маўчаць. І наколькі ўлада ні заклікае не палітызаваць гэтае пытанне, яна ж першае, хто гэта і робіць.

    ЗАДАННЕ НА ДОМ — 1. ПАРАЎНАЙЦЕ ПРЫКЛАДЫ. ХТО БЕЛАРУС?


    Каліноўскі – першы, хто заявіў пра палітычную суб’ектнасць Беларусі. Лукашэнка – прэзідэнт Беларусі, які доўгі час хваліўся, што ён адзіны, хто быў супраць развалу СССР. Каліноўскі працуе над магчымасцю сацыяльных і нацыянальных “вольнасцей” (свабод) беларусам; Лукашэнка ўжо які год гандлюе незалежнасцю Беларусі. Каліноўскі патрабаваў адукацыю на беларускай мове; Лукашэнка з 1994 г. не толькі не стварыў нацыянальнага ўніверсітэта, але яшчэ і доля беларускамоўных школаў за яго кіраванне зменшылася. Каліноўскі адным з першых прычыніўся на нацыятворчага працэсу, абуджаў насельніцтва; Лукашэнка – заганяе беларусаў у ідэалагічныя межы СССР. Каліноўскі: не народ для урада, а ўрад для народа. Лукашэнка: урад для мяне, народ для мяне.

    ЗАДАННЕ НА ДОМ — 2. ПРАЧЫТАЙЦЕ. У ЧЫМ СІМБАЛІЗМ?


    Ордэн Кастуся Каліноўскага — беларуская дзяржаўная ўзнагарода, ордэн. Палажэньне аб ордэне прынятае Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня 13 красавіка 1995 г. Узнагарода зацьверджаная ўказам прэзыдэнта ад 15 студзеня 1996 № 26 «Аб зацьвярджэньні апісаньня ордэнаў, мэдаляў і нагрудных знакаў да ганаровых званьняў Рэспублікі Беларусь», скасаваная 16 чэрвеня 2004 г.

    Замест post scriptum
    Для тых, хто жадае “зайсці” глыбей у тэму, для аматараў беларускай гісторыі, школьнікаў ці студэнтаў з дакладамі, раю азнаёміцца з навуковымі працамі Генадзя Кісялёва, Вячаслава Шалькевіча, Міхася Біча, Сяргея Абламейкі, Васіля Герасімчыка, бо менавіта на іхным падмурку і з'явілася гэтая кампіляцыя пра Каліноўскага. Таму для зацікаўленых пабачыць больш падрабязнае апісанне асобы Каліноўскага, лепей зразумець логіку ягоных ўчынкаў, азнаёміцца з падзеямі, звязаннымі з 1863-1864, больш грунтоўна, атрымаць значна больш спасылак і гістарычных тлумачэнняў накіроўваю да згаданых прозвішчаў.

    Калі Вам спадабаўся матэрыял, раю старонку Попыт на Беларушчыну, дзе таксама можна знайсці шмат цікавых і малавядомых фактаў з гісторыі Беларусі.

    6 комментариев

    avatar
    Нас научат Родину любить

    Министерство культуры России потратит 4,2 млн рублей на проведение мероприятия в Белоруссии под названием Роль российской и белорусской культуры в сохранении исторической памяти и противодействия фальсификации истории, круглого стола, а также выставки на военно-историческую тематику. Соответствующий тендер МБХ медиа обнаружило на портале госзакупок.

    Согласно документам, мероприятия пройдут с участием Российского военно-исторического общества, до 20 апреля будет организована дискуссия о противодействии фальсификации истории, круглый стол на тему музейных проектов двух стран, посвященных 75-летию общей Победы, а также выставка на военно-историческую тематику. Общее количество участников: не менее 76 и не более 110 человек, из них количество российских участников — не менее 42 и не более 50.

    Все участники мероприятий должны быть размещеныв трех- или четырехзвездочных гостиницах, им также будет предоставлено питание в ресторане или кафе. Кроме того, необходимо организовать официальный прием все всех представителей российской делегации, зарубежных спикеров, белорусских официальных лиц. В меню приема должны быть включены холодные и горячие закуски, горячие блюда, десерты, фруктовые тарелки и напитки.

    На дискуссии должно быть заслушано не менее девяти и не более 15 докладов по теме от каждой стороны, а для всех российских участников дискуссии должна быть организована культурная дестинация с посещением объектов культурного и исторического наследия, согласно теме дискуссии.

    Выставка должна быть посвящена военно-исторической теме и должна иметь историко-патриотическую направленность, она должна состоять из фотографий и их копий в количестве не менее 40 и не более 60 штук. Продолжительность проведения выставки — не менее 20 и не более 30 дней;

    Согласно документам закупки, также будет организована пресс-конференция или пресс-подход на месте и в день проведения дискуссии.
    mbk-news.appspot.com/news/minkultury-potratit-4-mln/
    Хорошая профессия — патриот. Я тока не понял, женщин за свои заказывать? Или из рядов патриоток выделят?
    0
    avatar
    Дзякуй! Вельмi цiкава! Аб такой беларускасцi Калiноўскага не ведаў.

    Алеж памылкi рэжуць вочы. Мабыць адкройце тэкст у ГуглДокс каб калектыўна выправiць?
    0
    avatar
    дзякуй за зваротную сувязь і прапанову: спасылка тут
    0
    avatar
    Неахайна напісана, трэ' было аддаць артыкул на вычытку хоць настаўніцы якой. :W
    0
    avatar
    Вельмі ўдзячны тым, хто дапамог разабрацца з памылкамі. Дзякуй за Ваш час і працу. Тэкст падправіў. Усхапіўся амаль у апошні момант, пісаў слова праз пяць. Так хацеў паспець зрабіць не пазней за дзень нараджэння Кастуся.
    Дзякуй тым, хто прачытаў і даслаў сваім сябрам. Спадзяюся, мэта паказаць больш комплексна беларускага Каліноўскага (а кагосці ўвогуле пазнаёміць з яго літвінскай беларускасцю) выкананая

    Канстанцін Каліноўскі Беларусь Памятае
    +1
    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.