Культура
  • 336
  • Літоўскае слова raudanė «малітва з плачам і галашэннем»



    Пра беларускія традыцыі памінання продкаў расказвае фалькларыст Таццяна Валодзіна:

    «Наша Ніва»: Ці праўда, што Радаўніца — унікальны беларускі абрад, якога няма нават у найбліжэйшых суседзяў-славянаў?

    Таццяна Валодзіна: Менавіта на Беларусі веснавыя велікодныя абрады ўшанавання памерлых атрымалі асаблівае развіццё, шматстайнасць і надзвычайную трываласць. Гэта жывая і сёння традыцыя. Што цікава: Радаўніца і ў беларусаў можа быць розная. У розных частках краіны ўспамін памерлых і ўшанаванне іх памяці адбываецца не абавязкова ў наступны аўторак па Вялікадні. Напрыклад, на Палессі, нават на Паўднёвай Міншчыне веснавы дзень памінання продкаў завецца Наўскім (Мёртвых) Вялікаднем і святкуецца ў чацвер — на чацвёрты дзень пасля Вялікадня. Наўі — так у старажытнасці называлі памерлых.

    У некаторых мясцінах (асобныя вёскі Лагойскага, Докшыцкага, Бярозаўскага, Быхаўскага раёнаў) — на могілкі ходзяць на Вялікдзень. Хоць царква гэта не ўхваляе: у дзень Уваскрасення трэба радавацца жыццю.

    Таму тое, што зрабілі аўторак выходным днём… Добра, вядома ж, што ўшанавалі даўні звычай памінання продкаў.

    Але тут ёсць і момант умяшання ў традыцыю народную, яе разбурэння. Ужо і ў тых рэгіёнах, дзе продкаў спрадвеку паміналі ў іншыя дні велікоднага тыдня, пачынаюць хадзіць на могілкі ў аўторак — бо выходны, многа часу, дзеці з горада прыязджаюць.

    «НН»: Звычай піць на могілках на Радаўніцу — ён спрадвечны ці прынесены?

    ТВ: Неабходнасць «ста грамаў» на магіле — спрэчны момант.

    Гэта рэгіянальна. Усходняя Беларусь — там амаль паўсюдна ёсць традыцыя выпіць на могілках гэтую «грамульку». Але звычай не новы. Раней, як на магілы яшчэ не ставілі чарак, алкаголь лілі проста пад крыж. Так усталёўваўся кантакт з памерлымі шляхам сумеснага сталавання.

    «НН»: Багацце сталоў на могілках часам уражвае.

    ТВ: Так, нават салат аліўе можна пабачыць. Але трэба памятаць, што Радаўніца — не банкет.

    Раней бралі абрадавы мінімум: чырвонае яйка, кавалак булкі і гарэлку. Акрамя булак ва Усходняй Беларусі на могілкі бралі збожжа, крупы. Іх рассыпалі там, каб частаваць душы продкаў у выглядзе птушак. Душы ў выглядзе птушак — гэта вельмі архаічнае ўяўленне.

    Ідэя Радаўніцы — сумеснае з памерлымі «застолле».

    Яно грунтуецца на ідэі, што мы цэлае, толькі калі мы ўсе разам: і жывыя, і памерлыя. Народ, вёска, род.

    «НН»: Звычай есці на магілах можна параўнаць з паганскімі трызнамі.

    ТВ: У нейкім сэнсе так. Найперш у тым, што гэта памінанне без жалю. Гэта дзень яднання, успамінаў. Светлы дзень. Зусім на ўсходзе Беларусі да гэтага часу жывы прыгожы звычай: магілы засцілаюць белымі абрусамі, ручнікамі. Гэта фантастычнае відовішча: дзясяткі белых пагорачкаў, ля якіх збіраецца разам увесь вясковы люд.

    Радня збіраецца каля магілы сваяка, які памёр апошнім. На засланую магілу ставяць стравы, сядаюць наўкола. Раней бралі адну чарку на ўсю вялікую сям’ю.

    На Магілёўшчыне, у Чачэрскім раёне, у прыватнасці, на Радаўніцу водзяць карагоды.

    Карагод — гэта не абавязкова вясёлыя скокі, як мы часта сабе ўяўляем. Там людзі ідуць між магілаў, пабраўшыся за рукі, і спяваюць песню стрымана-духоўнага сэнсу, у якой вядзецца пра памінанне душы.

    Сустракаецца там і звычай іграць на «пішчыках» — свістульках, зробленых з кары, — проста на могілках, калі ўласна праз гук адбывалася сімвалічнае яднанне з памерлымі.

    «НН»: Цяпер пра набліжэнне Радаўніцы ў Беларусі можна пазнаць па масавым з’яўленні на кірмашах пластыкавых кветак. Ці раней насілі на могілкі кветкі, стужачкі ці завязвалі на крыжы?

    ТВ: Кветкі — сучасная прыдумка. А вось стужкі, ручнікі, хвартушкі неслі ў сабе старажытную ідэю. Калісь абнову дзецям імкнуліся справіць да Вялікадня. Продкі на тым свеце, паводле народнага ўяўлення, таксама маюць патрэбу ў новай адзежы. «Не маеш абновы — хоць нітачку новую занясі завяжы — яму там абнова будзе», — тлумачыла мне бабуля ў Докшыцкім раёне.

    «НН»: Чаму Радаўніца — менавіта ў гэтыя дні? І які сэнс продкі ў яе ўкладалі?

    ТВ: Тут мы не ведаем напэўна, можам толькі рэканструяваць. Час веснавога раўнадзенства — гэта час, калі адкрываецца вырай. Прылятаюць птушкі, выходзяць змеі, прачынаецца мядзведзь. У раўнадзенства на зямлю вяртаюцца і душы памерлых, лічылі продкі. Але нябожчыкі могуць пабыць сярод жывых абмежаваны час. Потым яны, каб сусветная раўнавага не парушылася, мусяць вяртацца назад. Таму першая нядзеля пасля Вялікадня і называецца «праводнай» — маюцца на ўвазе дзеянні, звязаныя з выпраўленнем дзядоў назад, на той свет.

    Радаўніца ўваходзіць у сістэму Дзядоў — памінання продкаў, якое адбывалася ў розных мясцовасцях ад трох да сямі разоў на год.

    Паміналі падчас Калядаў, Масленіцы, Саракоў, Тройцы, пасля былі Дзяды Пятроўскія, Міхайлаўскія, Піліпаўскія, Змітраўскія, Асяніны… З гэтым звязаная нават прымаўка: «Каб яшчэ адзін дзед, дык згалеў бы ўвесь свет». Бо кожны раз трэба было рабіць стол — і не абы-які.

    На паганскую ідэю вяртання продкаў арганічна наклалася хрысціянская ідэя ўваскрашэння Хрыста. Увогуле, шукаць асобна паганскія элементы ў нашых звычаях — рэзаць традыцыю па жывому.

    «НН»: Цяпер на Радаўніцу нават бацюшка прыходзіць свяціць магілкі.

    ТВ: Звычай асвячаць магілы распаўсюджаны не паўсюль, за душы памерлых маліліся пераважна ў царкве. А галоўны сэнс Радаўніцы — гэта факт духоўнай сустрэчы з продкамі. І матэрыяльным увасабленнем гэтай сімвалічнай сустрэчы з’яўляецца застолле.

    Дарэчы, якраз яго святары цяпер спрабуюць забараняць.
    Асабліва на ўсходзе Беларусі — там, дзе доўга не было цэркваў. Святар забараняе піць і есці на могілках — дык прыхаджане робяць гэта цішком, як ён сыходзіць. Цікава, што тут народнае ўяўленне канфліктуе з загадамі святара: «Бацюшка запрашчаіць, дык я не паставіла чарку на магілу. У сне прыходзіць мужык і кажаць: «Ты мне ўжо сто грам пашкадавала?»

    «НН«: Ці задумваецеся Вы: што будзе пасля таго, як адыдуць апошнія носьбіты гэтай фальклорнай свядомасці? Застанецца бясконца апрацоўваць і перапісваць раней сабраны матэрыял?

    ТВ: Кожнай фальклорнай з’яве ўласцівая прагматыка. Абрады, спевы — усё гэта робіцца не напаказ. Няма нічога, што не было б патрэбна. Тое, у чым знікае патрэба, адмірае.

    «НН»: Вы маеце на ўвазе, што жніўныя песні цяпер не пяюць таму, што жыта больш не жнуць сярпамі?

    ТВ: Так. Таму спроба наноў укараняць дажынкі выглядае штучна. А вось я залетась бачыла, як у Добрушскім раёне «водзяць русалку»…

    «НН»: Якая можа быць прагматыка сёння ў «ваджэнні русалкі»?!

    ТВ: А вось глядзіце: год быў, калі памятаеце, вельмі сухі. Дык старыя бабулькі глядзяць на абрад і кажуць: во, павялі русалку, значыць за колькі дзён пойдзе дождж. І ён, самае цікавае, сапраўды пайшоў!

    А як было цікава назіраць, калі ўдзельнікі «ваджэння» — маладыя дзяўчаты, дзеці, — вывеўшы «русалку» за сяло, кінуліся і за секунду расшкамуталі яе ўбор, зроблены з травы і галінак. Кожнаму хацелася хоць галінку прынесці на свой агарод — ад мядзведкі, якая становіцца цяпер сапраўднай пошасцю.

    «НН»: Выходзіць, на змену адным фальклорным уяўленням прыходзяць іншыя. І хрысціянства нічога тут не парадзіць?

    ТВ: А звычай свяціць вербачку — не тое самае? Можна казаць пра прыход Хрыста ў Іерусалім, пра пальмавыя галіны, якімі яго віталі, — але хіба ў аснове абраду для шэрагу звычайных абывацеляў не ляжыць жаданне атрымаць магічную рэч? Уся наша традыцыя — суплёт паганскіх уяўленняў з хрысціянствам. На гэтым і жывём.

    Назоў Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічны. Няма адзінага меркавання пра яго паходжанне. Доўгі час яго этымалогію выводзілі ад «радавацца» або «род». «Род» — ясна чаму. На карысць «радаснай» тэорыі сведчыла тое, што ў хрысціянскі час Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Аднак многія навукоўцы лічаць такое тлумачэнне павярхоўным.

    Ключом да тлумачэння слова можа быць літоўскае слова rauda «плач з галашэннем» і raudanė «малітва з плачам і галашэннем». Параўнайце, як гэта падобна да нашага «рыдання».

    Абрад памінання дзядоў па Вялікадні ў нас з літоўцамі ідэнтычны. Назоў «Радаўніца» менш пашыраны на поўдзень ад Беларусі.
    nn.by/?c=ar&i=189662
    • нет
    • 0
    • +1

    0 комментариев

    У нас вот как принято: только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут делиться своим мнением, извините.